Сьцісла:
- У Дэклярацыі саміту NATO канстатуецца, што краіны альянсу сутыкнуліся з выклікам з боку Расеі і Кітаю.
- Вайсковая сфэра стала тым кірункам, у якім беларуска-расейская інтэграцыя найбольш прасунулася.
- Зь лютага 2022 году беларуска-расейская вайсковая інтэграцыя набыла такое паскарэньне, што стала пагрозай усім суседзям.
- Няма ніякіх дамоваў, якія б рэглямэнтавалі знаходжаньне ў Беларусі войскаў РФ.
Асаблівая ўвага да Мадрыдзкага саміту NATO была выклікана тым, што ён адбываецца ў пераломны момант сусьветнай гісторыі. У Эўропе ідзе поўнамаштабная вайна. А менавіта дзеля нэўтралізацыі ваенных небясьпек і была калісьці створана гэтая арганізацыя. І вось такі час настаў.
У дэклярацыі саміту канстатуецца, што краіны альянсу сутыкнуліся з выклікам з боку Расеі і Кітаю. «Расейская Фэдэрацыя зьяўляецца найбольш значнай і непасрэднай пагрозай бясьпецы саюзьнікаў, міру і стабільнасьці ў эўраатлянтычным рэгіёне», — гаворыцца ў выніковым дакумэнце NATO.
Мадрыдзкі саміт прыняў новую Стратэгічную канцэпцыю і вырашыў павялічыць сілы хуткага рэагаваньня з 40 да 300 тысяч чалавек.
Дэклярацыя таксама ўзгадвае Беларусь: «Нарошчваньне маскоўскіх войскаў, у тым ліку ў рэгіёнах Балтыйскага, Чорнага і Міжземнага мораў, разам з вайсковай інтэграцыяй зь Беларусьсю кідае выклік нашай бясьпецы і інтарэсам».
За 30 гадоў існаваньня незалежнай Беларусі тэма беларуска-расейскай інтэграцыі набіла аскому. Пра яе казалі і пісалі так шмат, што цяжка нешта дадаць.
Але вось цяпер высьвятляецца, што тым кірункам, у якім інтэграцыя найбольш прасунулася, аказалася вайсковая сфэра. І вайна ва Ўкраіне тут стала моцным паскаральнікам гэтага працэсу.
Можна ўзгадаць, колькі жарсьцяў бушавала ў мінулыя гады, калі гаворка заходзіла пра замах Расеі на вайсковы сувэрэнітэт Беларусі. Як цяжка ішло стварэньне адзінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны. А пытаньне пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай вайсковай авіябазы ў 2015 годзе выклікала скандал у адносінах паміж Менскам і Масквой. Лукашэнка ўпарта адстойваў сваё права на поўны кантроль за вайсковым сувэрэнітэтам краіны. Бо які ж гэта паўнаўладны дыктатар, які не кантралюе ўсё войска на падуладнай тэрыторыі?
Усё радыкальна памянялася пасьля жніўня 2020 году. У абмен на палітычную падтрымку Масквы Лукашэнка быў вымушаны крок за крокам здаваць ваенны сувэрэнітэт. Пачаліся бясконцыя беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні розных маштабаў. Пад выглядам двух вучебна-баявых цэнтраў на тэрыторыі Беларусі былі фактычна створаныя расейскія вайсковыя базы.
А зь лютага 2022 году беларуска-расейская вайсковая інтэграцыя набыла такое паскарэньне, што стала пагрозай усім суседзям. Пра што і гаворыцца ў дакумэнце Мадрыдзкага саміту NATO. Расейскія войскі прыйшлі сюды пад выглядам вучэньняў і тут засталіся. Адсюль яны пачалі наступ на Кіеў. Самалёты, якія бамбяць Украіну, вылятаюць зь беларускіх аэрадромаў. Ракеты таксама ляцяць зь Беларусі.
Прычым варта асабліва падкрэсьліць, што расейскія войскі знаходзяцца на беларускай тэрыторыі і выкарыстоўваюць яе дзеля нападу на Ўкраіну без усялякіх прававых падстаў. Няма ніякіх дамоваў, якія б рэглямэнтавалі іхнае знаходжаньне тут. Нават незразумела, ці інфармуюць расейцы Лукашэнку пра выкарыстаньне тэрыторыі Беларусі дзеля агрэсіі супраць суседняй краіны. На пачатку вайны ён неяк прызнаўся, што даведаўся пра гэта з мэдыя.
Але Лукашэнка маўчыць. Не спрачаецца, не скандаліць, як у 2015 годзе. Маўчаць і ўсе іншыя дзяржаўныя інстытуцыі. І ўсё гэта пад акампанэмэнт дзяржаўных СМІ пра пагрозу беларускаму сувэрэнітэту з боку Захаду. Такі сумны вынік 28-гадовага лукашэнкаўскага кіраваньня.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.