Валер Кавалеўскі, кіраўнік кабінэту Сьвятланы Ціханоўскай, які ўзначальвае і прадстаўніцтва яе штабу ва Ўкраіне, расказаў, што зьвярнуўся ў МУС, ДМС і да старшыні Камітэту па правах чалавека Вярхоўнай Рады Дзьмітра Лубянца. Той запэўніў, што Анісію ніхто высылаць з Украіны ня будзе, штамп у пашпарт не паставяць, аформяць адміністратыўны пратакол і сымбалічны штраф. «Так і атрымалася», — сказаў Кавалеўскі.
Паводле Кавалеўскага, для Анісіі Казлюк будзе адкрытая працэдура для аднаўленьня яе легальнага статусу ва Ўкраіне. Гэта ж зроблена і для ўсіх іншых беларусаў Украіны.
Валер Кавалеўскі ўвесь гэты час быў на сувязі з Анісіяй. Ён давёў да яе альгарытм вырашэньня праблемы. Як ён кажа, гэта дапамагло супакоіць сытуацыю ў пастарунку, бо з Анісіяй размаўлялі ня вельмі карэктна. Цяпер беларуску адпусьцілі.
«Гісторыя прыкрая і непрыемная, але можа стаць важным прэцэдэнтам для таго, каб не дапусьціць падобных сытуацый зь беларусамі ў будучыні», — кажа Валер Кавалеўскі.
- Праваабаронца Анісія Казьлюк пераехала ва Ўкраіну пасьля падзей 2020 году. Ва Ўкраіне яна актыўна займаецца валянтэрскай дзейнасьцю, дапамагае беларускім і ўкраінскім добраахвотнікам.
- Ад пачатку вайны ва Ўкраіне часова не працавала міграцыйная служба. Як толькі яна аднавіла працу, беларусы пайшлі падавацца на часовы від на жыхарства ці падаўжаць яго. Але многія сутыкнуліся ня толькі з дыскрымінацыяй, але і з абавязкам пакінуць краіну, і з забаронай на ўезд.
- У красавіку Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны ў сваіх сацсетках абяцала, што адміністрацыйных спагнаньняў за такія інцыдэнты ня будзе.