Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Поўнае вар’яцтва». Людзі расказваюць, зь якімі праблемамі сутыкаюцца, каб атрымаць апастыль


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ад пачатку вайны ва Ўкраіне рэзка ўзрасла колькасьць людзей, якія хочуць атрымаць на свае беларускія дакумэнты апастыль. Але зрабіць гэта ня так проста — зацьверджаньня даводзіцца чакаць некалькі месяцаў.

Апастыль — гэта спэцыяльны знак, які ставяць на дакумэнтах некамэрцыйнага характару. Ён прызнаецца ва ўсіх краінах — удзельніцах Гааскай канвэнцыі аб легалізацыі афіцыйных дакумэнтаў.

Апастылі ставяць на пасьведчаньне аб нараджэньні, аб шлюбе, дыплёмы, розныя судовыя пастановы. З такім пацьверджаньнем людзям прасьцей легалізавацца за мяжой.

  • Выдаюць апастылі толькі ў Галоўным консульскім упраўленьні МЗС на вуліцы Карла Маркса ў Менску.
  • Дыплёмы зацьвярджае Дэпартамэнт кантролю якасьці адукацыі Міністэрства адукацыі на вуліцы Казлова ў Менску.
  • Больш нідзе гэтую паслугу атрымаць немагчыма.

Свабода запісала дзьве гісторыі беларусак пра тое, зь якімі праблемамі яны сутыкнуліся пры атрыманьні апастыляў.

Існуе тры чаргі

Настасься (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы) — жыхарка Менскай вобласьці. Яна мае запрашэньне на працу ад брытанскай кампаніі, праз гэта і зьвярнулася ў МЗС па апастыль. Праблемы, кажа, пачаліся ўжо з моманту папярэдняга тэлефанаваньня.

«На сайце МЗС пазначаныя два тэлефоны для даведак. Па першым я трапіла ў аэрапорт, там гэта нікога не зьдзівіла. Жанчына на другім канцы слухаўкі груба і ўжо амаль на аўтамаце стала адказваць, што ў аэрапорце апастылі ня ставяць. Другі нумар быў правільны. У МЗС мне параілі прыходзіць у консульскае ўпраўленьне а 9 раніцы, каб на посьце ў ахоўніка запісацца ў журнал, дзе фармуюцца сьпісы на прыём», — расказвае дзяўчына.

Настасься тэлефанавала ў аўторак, пыталася: калі яна прыедзе ў сераду, то ці магчыма запісацца на атрыманьне апастыля на наступны панядзелак? Ёй адказалі, што запіс ідзе толькі на восень.

«Я нават не магла такому паверыць. Летась мне таксама быў патрэбны апастыль на адзін дакумэнт, дык зрабілі ўсё праз агенцтва менш як за тыдзень. Цяпер жа ўсе агенцтвы адказвалі, што яны гэтай паслугі не аказваюць, іх пазбавілі такой магчымасьці. Ужо ў чарзе ў Менску я чула, што некаторыя агенцтвы маюць магчымасьць запісаць на апастыль на бліжэйшыя даты, але такая паслуга каштуе ад 600 да 1000 рублёў».

У само МЗС усе стараюцца прыяжджаць а 7 ранку, каб заняць чаргу, потым чакаюць адкрыцьця запісу да 10:30.

На Карла Маркса існуе адразу тры чаргі:

  • першая — для людзей, якія ўжо падаюць дакумэнты на апастыль;
  • другая — для жыхароў Менску і Менскай вобласьці, яны чакаюць магчымасьці запісацца на канкрэтную дату;
  • трэцяя — для жыхароў іншых абласьцей, яна ідзе ў жывым парадку.

«Для прадстаўнікоў іншых абласьцей існуе адмысловы сшытак, куды ўсе запісваюцца. Наколькі я чула, калі сама стаяла там, чарга ўжо складалася з 1200–1300 чалавек. Больш за тое, нават сам запіс у гэты сшытак каштуе 50 рублёў. Пры гэтым там адбываюцца пастаянныя пераклічкі, праверкі. Немагчыма проста так запісацца, паехаць дадому і чакаць чаргі. Ёсьць людзі, якія за пэўную суму пагаджаюцца пацьвердзіць наяўнасьць у чарзе чалавека».

Настасьсю хацелі запісаць на прыём толькі на лістапад, але пасьля абурэньняў яе чаргу перанесьлі на канец верасьня.

«Усе, хто атрымлівае такі адказ, вельмі засмучаюцца. У маёй сытуацыі я доўга чакала нумар на атрыманьне брытанскай візы, які праз апошнюю сытуацыю не хацелі даваць, ён дзейнічае да сярэдзіны жніўня, то бок мне давядзецца яшчэ раз прайсьці праз гэтую працэдуру. Людзі кажуць, што гэта поўнае вар’яцтва, але ніхто ня можа нічога зьмяніць».

Таксама Настасься падкрэсьлівае, што за год сама паслуга падаражэла ў 10 разоў: з 16 да 160 рублёў.

Усё гэта з Настасьсяй было ў траўні, цяпер запісваюць толькі на сьнежань.

«Ахвотных вучыцца за мяжой паболела»

Аксана (імя таксама зьмененае на просьбу суразмоўніцы) — зь Берасьцейскай вобласьці. Апошнія сем гадоў яна езьдзіць у Дэпартамэнт кантролю якасьці адукацыі Міністэрства адукацыі зацьвярджаць школьныя атэстаты, каб пасьля дзеці маглі паступаць у эўрапейскія ўнівэрсытэты. Сёлетняя сытуацыя яе зьдзівіла.

«Яшчэ некалькі гадоў таму я магла прывезьці стос арыгіналаў атэстатаў, копіі пашпартоў дзяцей і закрыць за іх усе пытаньні бязь лішніх дакумэнтаў. Бо па заканадаўстве аб апастылях па іх можа зьвярнуцца любы заяўнік з арыгіналам дакумэнта».

Штогод пасьля атрыманьня вучнямі атэстатаў у Дэпартамэнце ўтвараецца пэўны ажыятаж, але ніколі ён ня быў такі вялікі, як сёлета.

«Так, заўжды першыя 2–3 дні пасьля выдачы атэстатаў былі чэргі, але яны былі рэальныя. Магчыма было падацца ў той самы дзень, а празь дзень ці два забраць апастыль. Дакумэнты можна было падаваць па натарыяльна зацьверджанай даверанасьці — гэта было зручна для тых, хто не жыве ў Менску».

Сёлета ж, кажа Аксана, людзі пачалі дзяжурыць пад Дэпартамэнтам яшчэ зь вечара нядзелі 12 чэрвеня.

«13 чэрвеня ў 5:45 ранку мы былі ў сьпісе пад нумарам 262. Падзелу на Менск і іншыя гарады не было. Гэта быў натоўп, гармідар, высьвятленьне адносін, незадаволенасьць. А людзей прыходзіла ўсё болей і болей. Тым ня менш чарга рухалася няблага. Да нашага 262 нумару яна прыйшла аб 11-й ранку. Пры мне было 30 дакумэнтаў ад дзяцей зь Берасьцейскай вобласьці, ад кожнага натарыяльная даверанасьць. Але тут дырэктар дэпартамэнту заявіў, што дакумэнты па даверанасьці прымацца ня будуць, і выгнаў такіх людзей з чаргі. Ніякіх тлумачэньняў не было».

Пачалі стварацца адмысловыя сьпісы на чаргу, зьявіўся адмысловы чат у вайбэры, расказвае Аксана.

«Натуральна, сталі зьяўляцца паведамленьні, што месца ў чарзе могуць прадаць за 100 рублёў. Ад 13 да 17 чэрвеня там быў поўны ажыятаж, у дзень прымалі ад 350 да 470 дакумэнтаў. 16 чэрвеня ў мяне ўсё ж прынялі дакумэнты з натарыяльнымі даверанасьцямі, але частку атэстатаў усё адно адправілі перарабляць: то пячатка размытая, то бледная, то колер пячаткі ня той, то колер асадкі, і гэтак далей».

Аксана лічыць, што ўсё гэтае зацягваньне рабілася адмыслова, каб людзі нэрваваліся, а нехта зь іх адмовіўся ад ідэі паступаць у замежныя ВНУ.

Сытуацыя нармалізавалася толькі 22 чэрвеня, але суразмоўца Свабоды мяркуе, што пасьля 25 чэрвеня ўсё можа паўтарыцца, калі дыплёмы атрымаюць выпускнікі каледжаў.

«Сьмела можна сказаць, што колькасьць ахвотных аформіць дакумэнты для вучобы за мяжой павялічылася мінімум у два разы. Гэта з маіх асабістых назіраньняў. Калі папярэднія гады ажыятаж быў максымум тры дні, то сёлета мінімум шэсьць», — падсумоўвае Аксана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG