Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ў 10 разоў вырасла цана на паслугі апастылю


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Урад Беларусі пасьля ўказу Лукашэнкі павялічыў збор за легалізацыю афіцыйнага дакумэнта і апастыль.

Гэта вынікае з пастановы, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Пастанова прынята ў рамках указу Лукашэнкі ад 14 сакавіка 2022 г. № 93 «Аб дадатковых мерах для забесьпячэньня стабільнага функцыянаваньня эканомікі».

Пры гэтым частка ўказу, на падставе якога ўрад зьмяніў стаўкі консульскага збору і дзяржмыта, апублікаваная пад грыфам «для службовага карыстаньня».

Стаўкі консульскага збору пры звароце ў галоўнае консульскае ўпраўленьне Міністэрства замежных спраў за легалізацыю афіцыйнага дакумэнта складуць 1 базавую велічыню (32 рублі). Раней стаўка збору складала 0,5 базавай велічыні (16 рублёў).

За прастаўленьне апастылю на афіцыйным дакумэнце, складзеным на тэрыторыі Беларусі — 5 базавых велічынь (160 рублёў). Раней — 0,5 базавай велічыні (16 рублёў).

Акрамя таго, падымаецца стаўка дзяржаўнага мыта за прастаўленьне апастылю на афіцыйным дакумэнце, складзеным на тэрыторыі Беларусі — яна таксама складзе 5 базавых велічыняў (160 рублёў). Раней яна таксама была 0,5 базавай велічыні (16 рублёў).

10 сакавіка стала вядома пра тое, што ў Беларусі спыніўся прыём дакумэнтаў на прастаўленьне апастылю. Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту тлумачыла адмову далей прымаць дакумэнты на апастыль «тэхнічнымі няспраўнасьцямі». 21 сакавіка прыём аднавіўся, і адразу зьявіліся доўгія чэргі.

Апастыль — спэцыяльны знак, які ставіцца на дакумэнтах некамэрцыйнага характару, робіцца дзяржаўнымі ўстановамі і інстанцыямі краін – удзельніц Гааскай канвэнцыі аб легалізацыі афіцыйных дакумэнтаў. Апастыль дакумэнтаў уключае ў сябе найменьне дзяржавы, якая выдала апастыль, прозьвішча, імя, пасаду, дату, адрас пражываньня асобы, якая яго падпісала. Іншымі словамі, апастыль — пацьверджаньне таго, што дакумэнт, на якім ён стаіць, сапраўды выдадзены дзяржаўным органам.

Беларусам для выезду за мяжу часта патрабуецца дазвол на працу і завераны натарыюсам пераклад некаторых дакумэнтаў на мову краіны, дзе чалавек працуе або вучыцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG