Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне лічаць, што Казахстан рыхтуецца стаць «шэрай зонай» для абыходу Расеяй міжнародных санкцый


Казахстан на мапе
Казахстан на мапе

Кіраўнік сэкцыі краін рэгіёну Азіі і Ціхага акіяну Цэнтру дасьледаваньняў арміі, канвэрсіі і раззбраеньня (Кіеў) Юры Пойта лічыць малаімавернай вайсковую дапамогу Расеі ў агрэсіі супраць Украіны з боку Казахстана, але папярэджвае аб магчымасьці выкарыстаньня дзяржавы для абыходу міжнародных санкцый.

«Казахстан можа стаць такой „шэрай зонай“ для дапамогі Расейскай Фэдэрацыі абыходзіць санкцыі. Афіцыйна казахстанская ўлада гэта зьняпраўджвае, аднак ужо ёсьць індыкатары, якія пра гэта сьведчаць. Найперш, адбываецца рэлякацыя расейскіх кампаній на тэрыторыю Казахстану, у тым ліку іхная рэгістрацыя ў межах Эўразійскага эканамічнага саюзу, каб абысьці санкцыі», — сказаў Юры Пойта 23 чэрвеня на брыфінгу ў Кіеве.

Паводле яго, у Казахстане ўжо зарэгістраваўся шэраг кампаній расейскіх алігархаў, супраць якіх увялі санкцыі. Могуць стварацца і так званыя фірмы-пракладкі, пры дапамозе якіх Расея зможа купляць падсанкцыйнае абсталяваньне з краін Захаду праз Казахстан. І яшчэ адзін кірунак — рэлякацыя заходняга бізнэсу, зацікаўленага ў працягу супрацы з Расеяй, дадаў экспэрт.

«Магчымыя таксама пастаўкі падсанкцыйнага абсталяваньня, напрыклад для прадпрыемстваў сфэры нафтаздабычы Расеі праз Казахстан, бо гэтая краіна мае падобную структуру эканомікі, падобныя кампаніі, якія карыстаюцца падобным абсталяваньнем, і Казахстан можа яго купляць і перадаваць Расейскай Фэдэрацыі», — паведаміў Юры Пойта.

Экспэрт паведаміў, што кожны месяц у Казахстане рэгіструецца больш за 100 расейскіх кампаній. «Яны зьмяняюць юрыдычныя адрасы, і гэта азначае, што супраць іх санкцыі могуць не прымяняцца, бо юрыдычны адрас іншы, месца знаходжаньне таксама іншае», — патлумачыў ён.

Юры Пойта таксама мяркуе, што Казахстан можа аказваць дапамогу Расеі ў ажыцьцяўленьні рамонту вайсковай тэхнікі.

«Казахстан застаецца хаўрусьнікам Расеі як з эканамічнага і вайсковага пункту гледжаньня, так і на ўзроўні палітычных эліт. Мы не назіраем ніякіх крокаў, якія б сьведчылі аб дыстанцыяваньні Казахстану ад Расеі. Казахстан працягвае гаварыць аб тым, што ён палітычна нэўтральны, што не падтрымлівае вайны і падтрымлівае мірныя перамовы, аднак няма ніякіх заяў, якія б асуджалі дзеяньні Расеі і ваенныя злачынствы», — рэзюмаваў прадстаўнік Цэнтру дасьледаваньняў арміі, канвэрсіі і раззбраеньня Юры Пойта.

Да 2020 году Беларусь дапамагала Расеі абыходзіць міжнародныя санкцыі, уведзеныя супраць яе за анэксію ўкраінскага Крыму. У прыватнасьці, вядомыя факты паставак празь Беларусь вугалю, а таксама замежнай харчовай прадукцыі і гародніны.

З 2020 году міжнародныя санкцыі ўводзяцца і супраць Беларусі — спачатку за жорсткі разгону акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, а цяпер і за дапамогу Расеі ў агрэсіі супраць Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG