Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казахстан прапанаваў да 2045 году ліквідаваць усю ядзерную зброю


Скрыншот зь відэа, распаўсюджанага прэс-службай Мінабароны Расеі ў 2020 г. Выпрабаваньне міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты наземнага базіраваньня, запушчанай з Плясецка.
Скрыншот зь відэа, распаўсюджанага прэс-службай Мінабароны Расеі ў 2020 г. Выпрабаваньне міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты наземнага базіраваньня, запушчанай з Плясецка.

Казахстан на тле вайны ва Ўкраіне заклікаў краіны сьвету, у тым ліку тыя, якія валодаюць ядзернай зброяй, распрацаваць плян поўнай ліквідацыі гэтай зброі да 2045 году.

Аб гэтым заявіў міністар замежных спраў Казахстана Мухтар Тлеубердзі ў артыкуле, прымеркаваным да сустрэчы ў Вене дзяржаў – удзельніц Дамовы аб забароне ядзернай зброі.

Актуальнасьць сваёй ініцыятывы міністар абгрунтаваў канфліктам ва Ўкраіне.

«Цяперашні ваенны канфлікт на тэрыторыі Ўкраіны, размовы аб вяртаньні ядзерных узбраеньняў і ўзаемныя пагрозы прымяненьня ядзернай зброі прымушаюць нас, як ніколі раней, задумацца аб надзённай неабходнасьці забароны і ліквідацыі гэтай сьмяротнай зброі», – піша Тлеубердзі.

Як напярэдадні, так і асабліва пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну перадусім расейскія прадстаўнікі намякаюць на магчымасьць выкарыстаць ядзерную зброю ці наўпрост заяўляюць пра гэта. Прамым тэкстам аб такой магчымасьці, у прыватнасьці, казала галоўны рэдактар расейскай дзяржаўнай тэлекампаніі RT Маргарыта Сіман'ян – на яе думку, Уладзімір Пуцін аддасьць такі загад, калі Расея будзе прайграваць у вайне. Сам Пуцін папярэджваў краіны Захаду аб катастрафічных наступствах, калі яны ўмяшаюцца ў канфлікт, і загадаў перавесьці сілы ядзернага стрымліваньня ў асобы рэжым нясеньня службы. Пры гэтым адной з прычын уварваньня расейскія прадстаўнікі называлі пляны абзавесьціся ядзернай зброяй, якія нібыта існавалі ва Ўкраіны, піша Азаттык.

Казахстан пасьля распаду СССР некаторы час быў уладальнікам ядзернага арсэнала і, як і Ўкраіна, добраахвотна ад яго адмовіўся. Дамову аб забароне ядзернай зброі падпісалі 86 дзяржаў, у тым ліку Казахстан. Ядзерных дзяржаў сярод краін, якія падпісалі гэтую дамову, няма. У Вене на наступным тыдні пройдзе першая сустрэча краін – удзельніц дамовы.

Артыкул кіраўніка казахстанскага МЗС апублікаваны праз дзень пасьля ўдзелу прэзыдэнта Казахстана Касым-Жамарта Токаева ў эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу на тле таго, што ўсё больш расейскіх кампаній перадысьлякуюць частку сваёй дзейнасьці ў Казахстан пасьля новых заходніх санкцый у дачыненьні да Расеі, уведзеных у адказ на поўнамаштабную вайну ва Ўкраіне, разьвязаную РФ. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, выступаючы на форуме, заявіў, што яго краіна не пагражае Захаду ядзернай зброяй, але ўсе павінны ведаць, «што ў Расіі ёсьць для абароны сувэрэнітэту».

  • У красавіку расейскі прэзыдэнт заявіў, што калі хто-небудзь «з боку» ўмяшаецца ў сытуацыю ва Ўкраіне і створыць для Расеі «непрымальныя пагрозы стратэгічнага характару», то Масква нанясе «маланкавыя» ўдары«. 27 лютага, праз тры дні пасьля ўварваньня ва Ўкраіну, расейскі прэзыдэнт загадаў прывесьці ядзерныя сілы краіны ў »асаблівы рэжым нясеньня баявога дзяжурства«. Паведамленьняў аб адмене гэтага загаду не было.
  • У канцы мінулага месяца кіраўнік Мінабароны Расеі Сяргей Шайгу заявіў, што так званая «спэцапэрацыя» Расеі пачалася з мэтай »забясьпечыць бязьядзерны і нэўтральны статус Украіны«. Ён, у прыватнасьці, сьцьвярджаў, што «ўзьнікла рэальная пагроза стварэньня Ўкраінай ядзернай зброі і сродкаў яе дастаўкі», але якіх-небудзь доказаў гэтаму ён не прывёў.
  • У лютым сёлета Аляксандар Лукашэнка пагражаў, што ў выпадку пагроз з боку Захаду ў Беларусі можа быць разьмешчаная ядзерная зброя. «У выпадку неабходнасьці, калі такія бесталковыя, неразумныя крокі зробяць нашы праціўнікі і супернікі, мы разьмесьцім ня толькі ядзерную зброю, але і яшчэ звышʼядзерную, пэрспэктыўную, для таго каб абараніць сваю тэрыторыю», – падкрэсьліў Аляксандр Лукашэнка.
  • Паводле дадзеных Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледаваньня праблем міру (SIPRI), Расея валодае найбуйнейшым у сьвеце ядзерным арсэналам, які налічвае 5977 боегаловак, што прыкладна на 550 больш, чым у ЗША. На долю гэтых дзьвюх краін прыпадае больш за 90 працэнтаў усіх боегаловак сьвету.
  • Амэрыканская выведка раней выказвала асьцярогі, што Расея можа зьвярнуцца да ядзернай зброі, калі будзе адчуваць набліжэньне сваёй паразы ў наземнай вайне і ў выніку эканамічнага ціску Захаду. Гаворка ідзе аб тактычным удары па Ўкраіне з мэтай перахапіць ініцыятыву ў вайне. Расея мае вялікі арсэнал тактычнай ядзернай зброі і ядзернай зброі малой магутнасьці, разьлічанай для ўжываньня на поле бою. Паводле ацэнак экспэртаў, у ім каля 2000 адзінак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG