Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Справа Аўтуховіча». Пацярпелы, былы міліцыянт, ацаніў свае маральныя пакуты ў 15 000 рублёў


У судзе на працэсе Аўтуховіча, травень 2022
У судзе на працэсе Аўтуховіча, травень 2022

Міліцыянт Ваўкавыскага РАУС, які раней быў сьведкам на 40 палітычных працэсах, патрабуе велізарнай сумы ад тых, каго судзяць у «справе Аўтуховіча».

На пачатку кастрычніка 2020 году ўзарвалі аўтамабіль міліцыянта, а таксама падпалілі ягоны недабудаваны дом, піша «Вясна».

Міліцыянт заявіў, што яму паступалі пагрозы наконт здароўя і жыцьця, але не маёмасьці. З пачатку гэтага суду пагрозы нібыта пачалі паступаць ягоным бацькам.

Пацярпелы заявіў пазоў аб кампэнсацыі маральнай і маёмаснай шкоды да ўсіх 12 фігурантаў справы. Маёмасная шкода, паводле праведзеных экспэртыз, у суме склала 44 408,37 беларускіх рублёў. Маральная шкода ацэнена ў памеры 15 000 беларускіх рублёў.

Павал Сава, меркаваны выканаўца падпалу, цалкам прызнаў нанесеную шкоду. Астатнія, у тым ліку Аўтуховіч, прызнаць яе адмовіліся.

Хто праходзіць па справе?

Мікалаю Аўтуховічу 59 гадоў. У мінулым гэта афіцэр, які прайшоў вайну ў Афганістане. У незалежнай Беларусі быў уласьнікам службы таксі ў Ваўкавыску. У яго нярэдка ўзьнікалі праблемы зь мясцовым начальствам. У 2004 годзе Аўтуховіч спрабаваў трапіць у парлямэнт, незалежныя сацыёлягі нават засьведчылі яго перамогу ў першым туры. Аўтуховіч прайшоў праз два турэмныя тэрміны, абодва разы яго прызнавалі палітвязьнем. У зьняволеньні ён трымаў працяглыя галадоўкі, уцякаў ад міліцыі з-пад хатняга арышту.

Аўтуховіча судзілі ў 2010-м за падрыхтоўку тэракту — нібыта ён рыхтаваў замах на старшыню Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку і намесьніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянко. Аднак асудзілі яго за пяць знойдзеных пры вобшуку патронаў. Тады Мікалай атрымаў 5,5 года (вызвалены ў 2014-м).

Таксама па справе праходзіць сям’я праваслаўнага сьвятара зь Берасьця Сяргея Разановіча. Ён быў настаяцелем царквы ў вёсцы Сьцяпанкі Жабінкаўскага раёну. Разам з бацюшкам на лаве падсудных ягоная жонка Любоў і сын Павал. Любоў Разановіч у мінулым валодала службай таксі ў Берасьці, з таго часу і знае Аўтуховіча. У 2006 годзе трымала галадоўку. Павал працаваў у аддзеле прымусовага выкананьня Маскоўскага раёну Берасьця. Менавіта ў іх дома і затрымалі Аўтуховіча.

Уладзімер Гундар — 60-гадовы краязнаўца з Баранавіч. У мінулым таксама прайшоў вайну ў Афганістане. Інвалід, ня мае нагі. Ужо асуджаны на тры гады зьняволеньня за «гвалт у дачыненьні да службовай асобы».

Вольга Маёрава — у мінулым актывістка АГП. Яе абвінавачваюць у вядзеньні сацыяльных сетак кампаніі «Да Волі», якую ініцыяваў Аўтуховіч. Затрымалі ў Крупскім раёне.

Галіна Дзербыш — пэнсіянэрка з аграгарадку Абухава ў Горадзенскім раёне. Мае анкалёгію і праблемы з сэрцам. Яна, маўляў, давала Аўтуховічу сваю машыну для «разьведкі мясцовасьці».

Яшчэ адна пэнсіянэрка Ірына Мельхер і яе сын Антон — зь Берасьця. Віктар Сьнегур — з Гомельскай вобласьці, яго абвінавачваюць у дапамозе зь перасячэньнем мяжы. Менш вядомыя асобы — Ірына Гарачкіна і Павал Сава.

У чым іх абвінавачваюць?

У абвінавачаньні прысутнічаюць наступныя артыкулы КК: 289 «Акт тэрарызму», 357 «Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам», 295 «Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў», 285 «Удзел у злачыннай арганізацыі», 130 «Распальваньне варожасьці», 361 «Заклікі да дзеяньняў, якія прычыняюць шкоду нацыянальнай бясьпецы Беларусі».

І гэта толькі самыя цяжкія з цэлага букета абвінавачаньняў. Калі гаварыць прасьцей, то людзей абвінавачваюць у падпале недабудаванага дома ў Ваўкавыску, які належаў мясцоваму супрацоўніку міліцыі. А таксама ў падпалах аўтамабіляў супрацоўнікаў сілавых органаў у Ваўкавыску і Горадні. У выніку гэтых дзеяньняў ніхто не пацярпеў.

Абвінавачваньне сьцьвярджае, што пры вобшуку ў доме Разановічаў, дзе часова жыў Аўтуховіч, было знойдзена мноства зброі: аўтаматы, пісталеты, тратылавыя шашкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG