Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Латыпава на 5 месяцаў зьмясьцілі ў ПКТ, Аліневіча адправілі ў штрафны ізалятар


Сьцяпан Латыпаў падчас суду, 16 жніўня 2021 году
Сьцяпан Латыпаў падчас суду, 16 жніўня 2021 году

Па стане на 11 чэрвеня беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі 1233 чалавекі.

На палітзьняволенага Сьцяпана Латыпава, які адбывае тэрмін у калёніі «Воўчыя норы», працягвае ціснуць адміністрацыя.

Яго родныя паведамляюць, што прыкладна ў сярэдзіне траўня палітвязьня зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ). Гэта спэцыяльная камэра, куды пераводзяць вязьняў у якасьці спагнаньня за злосныя парушэньні вызначанага парадку калёніі. Там яны маюць права атаварвацца ў турэмнай краме на адну базавую велічыню ў месяц, атрымліваць адну бандэроль на працягу 6 месяцаў і мець штодзённы шпацыр працягласьцю 30 хвілін і хадзіць на працу, піша «Вясна».

Па словах сваякоў Сьцяпана, за першыя два тыдні ў ПКТ ён атрымаў толькі два лісты, адзін зь якіх — ад бацькі.

«У сваім лісьце Сьцяпан шкадуе, што правядзе лета ў камэры: ён не пасьпеў нарадвацца кветкам увесну. Прасіў пісаць часьцей», — кажа бацька.

16 жніўня палітзняволенага жыхара «Плошчы Пераменаў» Сьцяпана Латыпава асудзілі да 8,5 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічыняў.

Судзьдзя Аляксандр Волк прызнаў яго вінаватым у стварэньні дваровага telegram-чата, майстэрні па вырабе пратэснай сымболікі, супраціве супрацоўнікам міліцыі пры затрыманьні 15 верасьня. Акрамя гэтага, як дырэктара кампаніі «Беларбо» яго прызналі вінаватым ва ўвядзеньні ў зман кліентаў пры аказаньні паслуг па хімічнай абароне расьлін. Сам Сцяпан на судзе не прызнаў віну і адмовіўся ад дачы паказаньняў.

Падчас суду Сьцяпан Латыпаў спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам — ён уторкнуў ручку сабе ў горла. Пасьля гэтага палітвязьня праапэравалі ў адной зь менскіх бальніц.

За пяць месяцаў у калёніі Латыпава зьмяшчалі ў штрафны ізалятар агулам на 32 дні, 27 зь якіх ён адбыў у лютым.

Напісаць Сьцяпану Латыпаву ліст можна па адрасе: ПК № 22, 225295, Берасьцейская вобласьць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20, Сьцяпан Сяргеевіч Латыпаў

Ігара Аліневіча адправілі ў штрафны ізалятар

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што палітзьняволенага Ігара Аліневіча па прыбыцьці ў папраўчую калёнію №20 проста з карантыну адправілі ў штрафны ізалятар.

Актывіста анархічнага руху Ігара Аліневіча, якога 22 сьнежня 2021 году асудзілі да 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, у траўні этапавалі ў папраўчую калёнію № 20 у Мазырскім раёне. Да таго Аліневіч знаходзіўся ў гомельскім СІЗА.

Яго, а таксама Дзьмітрыя Дубоўскага, Дзьмітрыя Разановіча і Сяргея Раманава абвінавацілі па шэрагу артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ і дзяржаўнага камітэта экспэртыз у Гомельскай вобласьці: ч. 2 арт. 289 — акт тэрарызму; ч. 2 і ч. 4 арт. 295 — незаконныя дзеяньні ў дачыненьні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў; Дубоўскага і Аліневіча таксама і па ч. 1 арт. 333-1 — незаконнае перамяшчэньне празь мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прыладаў. Сам суд з першага пасяджэньня адбываўся ў закрытым рэжыме.

Новы адрас Аліневіча: ПК № 20, 247755, Гомельская вобл., Мазырскі р-н, Міхалкоўскі сельсавет, 70, Ігару Ўладзіміравічу Аліневічу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG