Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня трэба сябе катаваць». Аўтарка «Псыхалягічнай аптэчкі мігранта» пра тое, што дапаможа перажыць разьвітаньне з радзімай


Ілюстрацыйнае фота. Чарга на вакзале ў польскім Пшэмысьлі
Ілюстрацыйнае фота. Чарга на вакзале ў польскім Пшэмысьлі

Пагаварылі з Воляй Сарокай, магістаркай псыхалягічных навук, пра яе новую кнігу «Псыхалягічная аптэчка мігранта», пачуцьцё віны, адаптацыю на новым месцы і спосабы, якімі можна дапамагчы сабе.

Воля Сарока — магістар псыхалягічных навук, аўтарка кніг-гайдаў у тэме мэнтальнага здароўя і псыхалёгіі міграцыі «Псыхалягічная аптэчка беларуса» і «Псыхалягічная аптэчка мігранта».

Кніга «Псыхалягічная аптэчка мігранта» стала працягам «Псыхалягічнай аптэчкі беларуса».

Воля Сарока
Воля Сарока

«Я доўга думала, варта ці не, але ідэя не выходзіла з галавы, таму я вырашыла не супраціўляцца ёй і рэалізаваць. Абедзьве кнігі пра тое, як дапамагчы чалавеку, заўважыць унутраныя працэсы і сынхранізаваць іх з вонкавымі, такі спосаб паклапаціцца пра сябе», — кажа аўтарка Воля Сарока.

Самыя складаныя выклікі ў міграцыі ў кожнага чалавека свае, тлумачыць Воля.

«У крызісе наогул выразна асабістыя моманты выяўляюцца, складанасьці, слабыя месцы. Для кагосьці будзе складанасьцю разьвітацца са сваімі ўяўленьнямі аб будучыні і чаканьнямі ад сябе, бо, маўляў, вось у мяне ўсё ёсьць, а тут трэба ўсё мяняць. А камусьці будзе складана будаваць адносіны на адлегласьці і зразумець, дзе яго дом, як цяпер жыць з гэтым».

«Калі пачуцьцё віны зойдзе вельмі далёка, яно можа выйсьці ў аўтаагрэсію, самабічаваньне»

У «Псыхалягічнай аптэчцы мігранта» 6 разьдзелаў: «Паняцьце і віды міграцыі, стрэс і яго наступствы», «Этапы адаптацыі на новым месцы», «Міграцыя і страты», «Ідэнтычнасьць», «Міграцыя і дзеці», «Практыкаваньні і рэсурсы па тэме».

Моцныя перажываньні ад міграцыі могуць праявіцца не адразу пасьля пераезду, а толькі празь некаторы час, тлумачыць Воля. Так працуе наша псыхіка.

«У крызісе дзейнічаем так: нам трэба спачатку сябе выратаваць, вывезьці ў бясьпечнае месца, арганізавацца. А калі псыхіка разумее, што „ўсё, я магу выдыхнуць, расслабіцца“, выходзіць вонкі ўсё тое, што да гэтага блякавалася, бо былі іншыя задачы. Надыходзіць момант, калі эмоцыі набіраюць моц, і неяк зь імі трэба абыходзіцца, нешта рабіць далей. Бо да гэтага ў плыні фармальных падзей (куды пераяжджаць, дзе жыць), няма часу падумаць над чымсьці глыбінным, як цяпер з гэтым быць».

Воля зазначае, што зь любымі сваімі пачуцьцямі дакладна ня трэба змагацца, бо тады яны могуць зь яшчэ большай сілай вас ахапіць.

«Напрыклад, калі пачуцьцё віны зойдзе вельмі далёка, яно можа выйсьці ў аўтаагрэсію, самабічаваньне. Гэта дакладна контрапрадуктыўна, атрымліваецца „ні сабе, ні людзям“, можна страціць шмат часу і жыцьця на такое».

Тое, што мы адчуваем віну, — гэта нармальна, кажа Воля. Гэтае пачуцьцё выходзіць таксама з добрай чалавечай якасьці — эмпатыі. Больш пра пачуцьцё віны напісана ў кнізе «Псыхалягічная аптэчка беларуса».

«Трэба глядзець, рэфлексаваць, наколькі гэтая віна дэструктыўная для чалавека, а наколькі не, разумець свой асабісты парог. Калі дэструктыўная, то чалавек ня можа больш ні на чым іншым факусавацца, яго гэта вымотвае. Гэта будзе званочак і час для пытаньняў: чаму я гэта адчуваю? Чаму для мяне гэта важна? Можа, я перад кімсьці асабіста адчуваю віну? Калі апошняе, то можна папрасіць прабачэньня або пагаварыць, мо іншы чалавек наагул вас не вінаваціць, а наадварот, шчасьлівы і рады, што вы пераехалі, проста сумуе і яму не хапае вас. Трэба спрабаваць „раскруціць“ гэта».

Пачуцьцё віны ў міграцыі для кагосьці можа быць матыватарам да дзеяньня, тлумачыць магістар псыхалёгіі.

«Напрыклад: „Я там ня мог нічога, затое тут я ў бясьпецы, я магу нешта зрабіць, накіраваць гэтую віну ў мірнае рэчышча“. Важна, як мы далей абыходзімся з пачуцьцямі, куды мы накіроўваем іх. Галоўнае — іх заўважаць і не адмаўляць. Бо калі адмаўляць або „душыць“ пачуцьці, гэта можа паўплываць на ваша здароўе, самаадчуваньне і адносіны».

«Важна інтэграваць свой досьвед, а не адмаўляць яго»

У міграцыі здараюцца выпадкі, калі беларусы ня хочуць мець зносінаў зь іншымі беларусамі, браць удзел у актыўнасьцях дыяспары. Акурат у кнізе ёсьць асобная глава, дзе апісаныя стратэгіі, якія чалавек можа выбраць, як яму абыходзіцца са сваёй культурай і культурай таго месца, куды ён прыехаў.

Воля Сарока
Воля Сарока

«Мне здаецца, гэта таксама пра ўвагу да сябе. Чалавек вырашае, ці хоча ён зараз улівацца ў беларускую тусоўку або адчувае, што пакуль ён ня можа. Увогуле, думкі, штосьці ўяўнае, вельмі добра раствараецца на практыцы, у рэальным жыцьці. Таму варта пачаць з маленькіх крокаў: схадзіць кудысьці, паглядзець, як вы будзеце сябе адчуваць. Для кагосьці бясьпечны фармат — схадзіць на выставу, дзе з чалавекам, умоўна, ніхто не размаўляе, а хтосьці вырашыць пайсьці на які-небудзь трэнінг, дзе больш інтэракцыі».

Воля лічыць, што дакладна добра ў міграцыі і наагул у перажываньні крызісу не ізалявацца.

«Гэта складана, таму што ў крызісе гэтага хочацца, але гэта потым згуляе супраць цябе. Калі чалавек ня дзяліцца сваімі перажываньнямі, ізалюецца ад людзей, гэта яшчэ больш паглыбляе пачуцьцё адзіноты, якое і так ёсьць у міграцыі. Бо ў нас і так шмат стратаў: мы страцілі блізкіх людзей, ня можам фізычна быць зь імі побач, страцілі сваё месца. Лепш усё ж спрабаваць выходзіць, гаварыць пра тое, што адбываецца. Няхай гэта цяжка, але можа палегчыць сытуацыю».

Таксама жаданьне не кантактаваць з суайчыньнікі можа тлумачыцца памкненьнем будаваць новую ідэнтычнасьць, зазначае Воля.

«Чалавек вырашае: „Усё, новае жыцьцё — новы чалавек“. Але гэта можа быць і адмаўленьнем. Акурат у прыняцьці мінулага, якім бы яно ні было, вельмі шмат нас. Важна інтэграваць свой досьвед, а не адмаўляць яго, таму што гэта таксама частка нашай гісторыі», — кажа экспэртка.

«Дзіцяці важна, што адбываецца з бацькамі, яно на падставе гэтага сябе рэгулюе»

У «Аптэчцы» ёсьць і асобны разьдзел пра тое, як дапамагчы дзецям перажыць міграцыю.

«Дзецям міграцыя даецца лягчэй, таму што яны больш гнуткія. Вельмі многае залежыць і ад бацькоў: як яны камунікуюць, як сябе паводзяць і адчуваюць. Дзіця адлюстроўвае бацькоў, для яго важна, што зь імі адбываецца, яно на падставе гэтага сябе рэгулюе. То бок, калі дзіця бачыць, што бацькі дэманструюць яму спакой, яно ведае, што яны робяць, яны гавораць яму, што будзе адбывацца ў найбліжэйшай будучыні, гэта сапраўды прыбавіць спакою і ўпэўненасьці».

Дзеці вельмі гнуткія праз асаблівасьці мозгу, тлумачыць Воля. Яны хутчэй уліваюцца ў новае асяродзьдзе, вучаць мову, наладжваюць кантакты.

«Вядома, дзіця толькі вучыцца праходзіць крызісы, а дарослы ўжо ўмее. Вось у гэтым складанасьць, што ў дзіцяці яшчэ няма на што абаперціся ў сваім досьведзе, як перажываць нешта складанае. Таму важная падтрымка бацькоў, каб яны тлумачылі пачуцьці, размаўлялі, вучылі альбо не перашкаджалі дзецям пераадольваць крызіс, бо гэта каштоўны досьвед, сталеньне».

Калі трэба зьвяртацца па дапамогу псыхоляга?

Варта параўнаць свой стан цяпер і які ён быў у крызісах да пераезду, раіць аўтарка.

«Калі не атрымліваецца справіцца самому, нешта не ідзе, чалавек спрабуе і так, і гэтак, і ўсё роўна пачуцьці катуюць, тады дакладна варта зьвяртацца. Яшчэ ёсьць такое: „я ўсё сам зараз вырашу, спраўлюся“. Ня трэба сябе катаваць і трымацца пасіўнай пазыцыі. Так, шмат чаго мы ня можам зьмяніць, але шмат чаго і можам! Калі чалавек пачынае думаць, разумее, што пара б паклапаціцца пра сябе, і яму неяк ад гэтай думкі лягчэй, што хтосьці можа дапамагчы і гэта можа вырашыцца (а крызіс можа вырашыцца), то дакладна варта зьвяртацца».

Калі вы адчуваеце, што ваш стан не зьмяняецца месяц-два, лепш зьвяртацца па дапамогу і не зацягваць, бо наступствы яшчэ больш ускладняюць працэс і выхад з крызісу, кажа псыхоляг.

«Калі ёсьць магчымасьць, то лепш не чакаць крытычнага моманту, калі ўжо зусім цяжка і ня вытрываць. Разам з псыхолягам альбо псыхатэрапэўтам у бясьпечнай прасторы можна абмеркаваць свае глыбінныя пачуцьці і думкі — прыняцьце і падтрымка ўжо даюць шмат», — працягвае яна.

Каб разумець, ці варта весьці дзіця да спэцыяліста, трэба таксама паназіраць за яго паводзінамі цяпер і супаставіць з ранейшымі.

«Калі дзіця было таварыскім, а стала замкнутым ці, наадварот, стала надта гаваркім, або, напрыклад, ягоная гульня стала стэрэатыпнай, у ёй паўтараюцца сюжэты. Але найперш гэта словы самога дзіцяці», — апісвае Воля свае падыходы да праблемы.

Воля мяркуе, што цяпер сытуацыя са зваротамі па псыхалягічную дапамогу палепшылася, у людзей становіцца менш стэрэатыпаў і менш дыстанцыі, зьявілася культура клопату пра сябе.

«Мэта — прыбраць дыстанцыю»

Аўтарка кажа, што калі кнігу пачаць чытаць падчас пераезду, яна можа дапамагчы разабрацца ў эмоцыях, структураваць пачуцьці.

«Можа, прачытаўшы нейкія думкі, чалавек супакоіцца, што хтосьці таксама перажывае падобнае; адчуе, што ён не адзін. Кніга можа стаць памочнікам у пляне нейкіх пытаньняў і фокусаў увагі. Гэта такая падказка для самадасьледаваньня. Увогуле, адна справа прачытаць кнігу на эмоцыях, у адной стадыі адаптацыі і пражываньня крызісу, а іншая справа вярнуцца да нейкіх разьдзелаў пазьней, бо будуць і новыя пытаньні, і іншыя працэсы ўнутры, нешта больш зрэзануе».

«Псыхалягічная аптэчка мігранта» — кішэнны памочнік, да якога можна зьвяртацца час ад часу, калі ўзьнікаюць пытаньні, кажа аўтарка. Таксама адна з мэтаў кнігі — падштурхнуць чалавека да тэрапіі.

«Мэта — прыбраць дыстанцыю, барʼер паміж псыхолягам і чалавекам, кліентам. Камусьці будзе дастаткова кнігі на нейкім этапе, а ў кагосьці сапраўды новыя пытаньні ўзьнікнуць, будзе новы віток у сваім асабістым разьвіцьці», — кажа аўтарка.

Кнігі «Псыхалягічная аптэчка беларуса» і «Псыхалягічная аптэчка мігранта» цяпер даступныя ў электронным выглядзе на сайце і ў сацыяльных сетках праекту.

Таксама ў будучыні Воля Сарока хацела б надрукаваць кнігу, таму будзе рада, калі хтосьці зацікавіцца праектам і фінансава падтрымае яго.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG