Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Віна — адзін з самых значных калектыўных сымптомаў у беларусаў». Траўматэрапэўт пра псыхалягічную дапамогу беларусам


Пасьля баёў у Данецкай вобласьці Ўкраіны, 2015 год
Пасьля баёў у Данецкай вобласьці Ўкраіны, 2015 год

Паразмаўлялі з доктарам Імке Гансэн пра траўму беларусаў і ўкраінцаў. Ці сапраўды наш досьвед падобны, як правільна сябе паводзіць у крытычных сытуацыях і чаму варта зьвяртацца па дапамогу.

Імке Гансэн — доктар, дасьледчыца гісторыі Ўсходняй Эўропы, траўматэрапэўт, спэцыялізуецца на мэтодыцы Somatic Experiencing (цялесныя перажываньні). Гэта форма альтэрнатыўнай тэрапіі, накіраваная на лячэньне траўмаў і разладаў, зьвязаных са стрэсам, такіх як посттраўматычны стрэсавы разлад. Асноўная мэта Somatic Experiencing — зьмяніць стрэсавую рэакцыю, зьвязаную з траўмай. Гансэн супрацоўнічае з арганізацыяй Libereco — Partnership for Human Rights, якая таксама працуе на ўсходзе Ўкраіны.

Імке Гансэн
Імке Гансэн

«Беларусы за мяжой не застаюцца на адным месцы і ўвесь час паглядаюць у бок радзімы»

Доктар Гансэн шмат гадоў працуе ва Ўкраіне і Беларусі. Цяпер яна на ўсходзе Ўкраіны, паблізу франтавой тэрыторыі, дзе ўвесь час здараюцца абстрэлы.

«Людзі тут ужо больш як 7 гадоў жывуць з вайной, з абстрэламі, тут шмат войска, мала мабільнасьці. Тут няма цывільнай адміністрацыі, толькі вайсковая. Але калі гаварыць пра беларусаў, якія пацярпелі ад рэжыму, і ўкраінцаў, якія пацярпелі ад вайны, то наогул нельга і немагчыма параўноўваць, каму лягчэй, а каму горш. Кожны чалавек індывідуальна перажывае свае падзеі, сваю гісторыю. З пункту гледжаньня траўмы і жыцьця з траўмай я бачу вельмі шмат падобнага, шмат паралеляў з Усходняй Украінай і Беларусьсю».

Імке заўважае, што крызісная падтрымка і посттраўматычная рэабілітацыя патрэбная цяпер як для ўкраінцаў, якія жывуць у прыфрантавой зоне, так і для беларусаў унутры краіны і за яе межамі.

«Ва Ўсходняй Украіне і ў Беларусі за досыць кароткі пэрыяд усё зьмянілася. Большасьць людзей, зь якімі я працую тут, — перасяленцы з Луганску. Яны зьехалі, калі пачалася вайна, не таму, што яны хацелі, а таму, што не было магчымасьці застацца. Тое ж самае цяпер здарылася з усімі маімі беларускімі сябрамі. Там засталіся твае бацькі, бабулі, дзядулі. А калі нешта здараецца, калі нехта трапляе ў шпіталь? Мы ня можам дапамагчы і адчуваем віну. Вельмі вялікі комплекс падобных праблем і пачуцьцяў у беларусаў і ўкраінцаў».

Таксама людзі знаходзяцца ў цяжкім стане празь невядомасьць, калі ўсё скончыцца, кажа Імке.

«Ва Ўкраіне пачалі абстрэльваць месцы, якіх не чапалі з 2015 году, расейскія вайсковыя сілы акумулююцца на мяжы і на акупаванай тэрыторыі. Гэта можна ацэньваць як першыя крокі эскаляцыі канфлікту. У Беларусі мы таксама ня ведаем, колькі гэта ўсё будзе доўжыцца. Год таму думалі, што некалькі месяцаў, а цяпер зразумела, што можа быць некалькі гадоў. Людзі ня ведаюць, што рабіць: трэба пабыць у нейкім месцы, і потым я вяртаюся, — ці будаваць новае жыцьцё? На людзей моцна ўплывае, што яны ня могуць плянаваць сваю будучыню. Беларусы за мяжой не застаюцца на адным месцы і ўвесь час паглядаюць у бок радзімы».

Сябры Імке з Луганску разумеюць, што больш ня вернуцца дамоў, але там засталіся бацькі, зь якімі цяжка бачыцца, хоць умоўна ўсе ў адной краіне. У беларусаў сытуацыя іншая: яны ў розных кутках сьвету.

«Самы вялікі для мяне комплекс праблем — гэта псыхалягічная траўма. Людзі ва Ўкраіне выжылі ў вельмі складаных сытуацыях і па-рознаму на іх рэагавалі, але ўзровень траўматызацыі і стрэсу велізарны, а наступствы гэтага — бессань, ціск, страх, складанасьці зносінаў у групах, пастаянныя канфлікты. Так, гарачая фаза была ў 2014–2015 гадах, але калі сытуацыя трошкі супакойваецца і людзі не ў пастаяннай актывізацыі, менавіта тады сымптомы траўмы пачынаюць праяўляцца».

«Траўматэрапэўт дапамагае не адчуваць сябе бездапаможным»

Доктарка кажа, што яшчэ ўкраінцы і беларусы падобныя ў тым, што няма звычкі зьвяртацца па прафэсійную псыхалягічную дапамогу.

«Многія беларусы зьехалі ў розныя месцы, і там больш бясьпечна. Я заўважаю, што на Захадзе шмат людзей думаюць: яны ж зьехалі, усё ў парадку, і ня трэба пра іх думаць. Але калі чалавек зьяжджае, шмат якія праблемы толькі пачынаюцца: трэба ўсё арганізаваць, знайсьці працу, зрабіць дакумэнты, дзяцей у школу аддаць, іншая мова, адаптацыя, культурныя праблемы. Умовы складаныя, але ўсё роўна больш бясьпечныя. І беларусы ў гэтай бясьпецы пачынаюць заўважаць сымптомы сваіх траўмаў. Гэта могуць быць моманты траўматызацыі на пратэстах, гвалту з боку паліцыі, турма, перажываньні за іншых».

Лік палітвязьняў у Беларусі набліжаецца да 1000. Шмат людзей — або сваякі зьняволеных, або іх сябры і знаёмыя. Перажываньні за іншых — кампанэнт, які моцна траўматызуе, тлумачыць Імке.

«І вось тут павінна быць зразумела, што трэба зьвярнуцца па дапамогу, але людзі такія: „Я не зьвяртаюся, бо ёсьць тыя, каму яшчэ горш“. Хоць вельмі часта дапамога патрэбная нядоўгая, ня месяцы тэрапіі. Мы працуем зь цялеснымі тэхнікамі, факусуемся на крызіснай інтэрвэнцыі, каб аднаўляць людзей хутка, пакуль яны не адчуюць магчымасьць справіцца са сваім жыцьцём».

Тэрапію можна працягнуць і далей, але спачатку патрэбнае базавае аднаўленьне. Напрыклад, каб людзі, ходзячы па горадзе, пастаянна не напружваліся, калі бачаць паліцэйскага або іншага чалавека ў форме, каб яны не глядзелі ў вакно, чакаючы, што прыедуць іх забіраць.

«Нават калі рацыянальна чалавек разумее, што ён у бясьпецы, цела можа адчуваць сябе зусім інакш. І гэта адбываецца таму, што нэрвовая сыстэма не завяршыла сваю рэакцыю на надзвычайную сытуацыю ў мінулым. Быццам бы частка цябе захрасае ў стрэсавай сытуацыі, калі трэба было выжыць, глядзець у вакно і баяцца людзей у форме. Разважаньні пра тое, што было, што я павінна была рабіць і не рабіла, каб я была на паўгадзіны раней ці пазьней, — такое кружэньне думак ня можа палепшыць наш стан. Такое дакучлівае вяртаньне ў думках да нейкага канкрэтнага эпізоду — адзін з самых распаўсюджаных сымптомаў захрасаньня ў траўматычнай сытуацыі».

Каб прапрацоўваць траўму, трэба быць у сувязі са сваім целам і дазволіць яму скончыць гэтую рэакцыю выжываньня, кажа доктар. Лепш за ўсё гэта ўдаецца зрабіць толькі ў бясьпечнай сытуацыі і з падтрымкай іншага чалавека. Траўма пачынаецца заўжды з сытуацыі, калі ёсьць бездапаможнасьць і не хапае падтрымкі, кажа Імке.

«Не хапае іншага чалавека, іншай стабільнай нэрвовай сыстэмы, абароны. Таму мы працуем з траўмамі з тэрапэўтам. Цялесна арыентаваны траўматэрапэўт дапамагае, каб ты не адчуў бездапаможнасьці, але асноўную працу робіць твая нэрвовая сыстэма. Праз такі мэтад працы можна перапрацаваць нават старыя і складаныя траўмы, каб яны потым не трыгерылі, не балелі, не перашкаджалі вам канцэнтравацца, каб сышоў боль у галаве, сьпіне, ціск».

«Парады пайсьці да псыхоляга ніколі не працуюць»

«Калі табе ўсе кажуць: „Давай ідзі, табе трэба“, — гэта толькі ўзмацняе праблемы і супраціў, бо нэрвовая сыстэма ўспрымае гэта як сыгнал небясьпекі: „Яны лічаць, што я самы слабы, што я не даю рады, яны самі ня пойдуць і пасылаюць мяне, наогул не зразумела, што там будзе“. Раіць іншым людзям, каб яны пайшлі да псыхоляга, — гэта ніколі не працуе. Адзінае, што можна, — гэта пайсьці самому і расказаць, што я перажываю за майго сябра. Тады мы працуем з гэтым, і потым можна сказаць сябру, што ты пабыў на тэрапіі і для цябе гэта было карысна».

Імке заўважае, што ў культурах ва Ўкраіне і Беларусі людзі прывыклі настойліва казаць, што табе рабіць, а што не.

«„Ты паеж, адпачні, цяплей апраніся“. Мне тут так кажуць штодзень, а ў Нямеччыне робіць гэта толькі мая мама, — сьмяецца Імке. — Калі я жыла ў Беларусі, усе пастаянна перажывалі, каб я адпачывала. Для нас, тых, хто практыкуе траўматэрапію, гэта ўжо гвалтоўная камунікацыя, калі ты кажаш іншаму чалавеку, што ён павінен рабіць, хоць ён у цябе не пытаўся. А калі табе дрэнна, таму што ў цябе быў досьвед гвалту, і табе кажуць, што ты павінна ісьці да псыхоляга, твая нэрвовая сыстэма гэта ўспрымае як паўторны досьвед гвалту».

Калі мы настойліва раім чалавеку ісьці да доктара, мы яго ізалюем. А каб дапамагчы, варта зь ім аб’яднацца, можна нават пайсьці разам на групавую тэрапію, раіць Імке.

«Калі мы не завяршаем цыкль рэакцыі выжываньня і не даём энэргіі выйсьці, то яна застаецца ў целе як аскепак»

Разам з доктаркай мы разабралі некалькі сытуацый, калі старыя траўмы, перажыты досьвед пачынаюць «трыгерыць». Напрыклад, вы ў іншай краіне, вы бачыце паліцыю, пачынаеце баяцца, адчуваеце, як моцна б’ецца сэрца і прылівае кроў да ног. Вашае цела ў гэты момант не рэагуе нармальна на актуальную сытуацыю, а рэагуе на сытуацыю ў мінулым. Гэта называецца трыгер.

«Нам не дапаможа проста сабе сказаць: „Спакойна, тут усё нармальна“. Самае эфэктыўнае, што мы можам зрабіць, — гэта проста без ацэнкі адчуваць наша цела: „Хм, я адчуваю сваё сэрца“. І тут ня трэба ўсялякіх „таму што“. Ня важна. Я проста яго адчуваю. Я адчуваю, што мае ногі ватныя».

Такое самарэгуляваньне, спробы адчуваць без ацэнкі і маніпуляцый, што адбываецца ў целе, добра супакойваюць нэрвовую сыстэму і вяртаюць чалавека ў стан «цяпер».

«Вельмі важна ў момант страху знайсьці падтрымку. Часта дапамагае, калі мы з кім-небудзь падзелімся: „Ой, у мяне трыгер на гэта, я адчуваю сябе як у жніўні. Будзь, калі ласка, побач, каб я адчуваў сябе тут і цяпер“. Калі б атрымалася так рэагаваць, гэта было б вялікім крокам да спакою. На жаль, большасьць людзей не прызнаюцца, калі яны ў разгубленасьці ад нейкага трыгера. Яны спрабуюць трымаць стрэс у сабе, і гэта зусім не дапамагае супакаеньню. Заўсёды можна знайсьці чалавека, які можа цябе стабілізаваць сваёй прысутнасьцю. І гэта найбольш эфэктыўная дапамога ў такіх сытуацыях».

Імке прыводзіць прыклад зь немаўлём, якое яшчэ ня можа рэгуляваць сваю нэрвовую сыстэму. Калі яно плача, бацькі бяруць яго на рукі, прыціскаюць да сябе і супакойваюць.

«Мы нарадзіліся з гэтай здольнасьцю да карэгуляцыі. Значыць, у любой сытуацыі я магу сябе рэгуляваць празь іншага чалавека. Самарэгуляцыі мы вучымся пазьней. Таму важна проста быць побач, дазваляць іншаму чалавеку гаварыць, маўчаць, плакаць. Хай ён плача, калі хоча плакаць. Ня трэба казаць: „Усё будзе добра, ты толькі ня плач“. Важна дазваляць іншаму чалавеку быць у сваім стане, паказваць, што ўсё роўна, што ты робіш, я побач і падтрымаю цябе. Гэта вельмі дапамагае».

Калі цела адчувае сур’ёзную пагрозу, яно ўключае рэжым выжываньня «Бі, бяжы, замры», і ў ім яно робіць усё, каб ратаваць сябе ці сваіх блізкіх.

«Пасьля стрэсавых сытуацый трэба выпускаць энэргію выжываньня, якая не спатрэбілася, каб вяртацца ў наш звычайны рэжым, дзе мы можам узаемадзейнічаць зь іншымі, рабіць нармальныя рэчы. Калі мы не завяршаем гэты цыкль выжываньня і не даём энэргіі выйсьці, то яна застаецца ў целе, як аскепак. Зразумела, калі аскепкаў шмат, калі твой трыгер на паліцыю крычыць у табе, то і трыгер вышыні, цемры і інш. пачынаюць крычаць: „Завяршы нас таксама“».

«Пачуцьцё віны гуляе на карысьць рэжыму»

Імке зьвяртае вялікую ўвагу на пачуцьцё віны, якое праяўляецца ў тых, хто зьехаў, — віны перад бацькамі, сябрамі, якія засталіся, перад краінай.

«Віна — адзін з самых значных калектыўных сымптомаў у беларусаў. Я думаю, яна ў вельмі многіх людзей. Гэтае пачуцьцё жарэ вельмі шмат энэргіі, гэта вельмі некарысны мэханізм, таму што ён гуляе на карысьць рэжыму. Мы працуем з гэтым на трэнінгах. Мы можам рабіць значна больш без пачуцьця віны, больш для нашых сяброў, для краіны. Таму што калі мне трэба спраўляцца і зь віной, і з працай, тады ў мяне ўжо ёсьць дзьве праблемы. Калі віны няма, я проста працую і завяршаю тое, што мне трэба».

Віна — сыстэма, якая сама сябе корміць, яна можа ўвесьці чалавека ў сытуацыю, калі ён нічога ня можа зрабіць і нікому ня можа дапамагчы.

«Важна падзяліцца гэтым пачуцьцём з блізкімі людзьмі. Пайсьці да псыхоляга, на трэнінг, на групавую супэрвізію і агучыць гэта. Тады пачынаюцца зьмены. Прыходзіць разуменьне, што можна рабіць, каб адчуваць сябе моцным, эфэктыўным. Тут вялікую ролю грае адказнасьць. Тое, як я сябе адчуваю, як я рэагую, — гэта ўсё маё, і толькі я магу гэта зьмяніць. І калі мне вельмі дрэнна, я разумею, што гэта віна тых, хто ўжываў гвалт на вуліцах і ў турмах. Калі я прымаю адказнасьць за мае дзеяньні, за мае пачуцьці, тады я разумею, што трэба нешта рабіць».

Наступны важны крок — зразумець, што іншыя людзі таксама нясуць за сябе адказнасьць. Мы можам падтрымліваць іншых людзей, каб яны знайшлі свой шлях, але мы ня можам сказаць, які ў іх шлях, бо ў кожнага ён свой, кажа Імке.

Доктар таксама раіць прагледзець больш інфармацыі, як справіцца са стрэсам і траўмай, у instagram-суполцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG