Сьцісла:
- Уся палітыка Лукашэнкі апошніх двух гадоў — гэта суцэльны посттраўматычны сындром.
- У сьвядомасьці Лукашэнкі дзіўным чынам могуць адначасова ўжывацца супярэчлівыя, часта ўзаемавыключальныя ўяўленьні.
- З аднаго боку, ён ня можа не разумець, што ў жніўні 2020 году супраць яго выступіла вялізная колькасьць людзей.
- Зь іншага боку, адмовіцца ад вобраза «народнага прэзыдэнта» для яго псыхалягічна невыносна.
- І вось на сутыку гэтых двух супрацьлеглых наратываў і зьявілася ідэя народнага апалчэньня.
Усё, што сёньня адбываецца ва ўнутранай і замежнай палітыцы Беларусі, у псыхалягічным пляне мае адну крыніцу: масавыя пратэсты 2020 году. Дзеяньні і захады ўладаў у асноўным скіраваныя на пераадоленьне траўмы, атрыманай у тыя векапомныя дні. Уся палітыка апошніх двух гадоў — гэта суцэльны посттраўматычны сындром. З гэтага гледзішча і варта разглядаць ідэю народнага апалчэньня.
Падаецца, тут мы маем справу з адным лягічным парадоксам, які даўно стаў у Беларусі часткаю палітычнага працэсу. Справа ў тым, што ў сьвядомасьці Лукашэнкі дзіўным чынам могуць адначасова ўжывацца супярэчлівыя, часта ўзаемавыключальныя ўяўленьні. Тое самае і ў нашым выпадку.
Паводле афіцыйнага канцэпту, у 2020 годзе ў Беларусі была спроба мяцяжу, дзяржаўнага перавароту, арганізаванага Захадам. Нібыта ўнутры Беларусі заходнія ворагі выкарысталі купку «адмарозкаў», наймітаў, якіх Лукашэнка называе рознымі брыдкімі словамі: крымінальнікі, наркаманы, прастытуткі, нацысты і інш. Ці верыць ён сам у гэтую вэрсію?
І вось тут уступае ў сілу той парадокс, пра які згадваецца вышэй. З аднаго боку, Лукашэнка нібыта рэальны палітык. У іншым выпадку ён ня змог бы 28 гадоў утрымліваць уладу. Лукашэнка ня можа не разумець, што ў жніўні 2020 году супраць яго выступіла вялізная колькасьць людзей. Ён быў вельмі разьюшаны, калі на МЗКЦ рабочыя скандавалі «Сыходзь!». Ён ня мог па сталіцы перамяшчацца на аўтамабілі, а толькі на гелікоптэры. Калі ён надзеў бронекамізэльку, узяў у рукі аўтамат, то разумеў, што трапіў у аблогу, загнаны ў кут, што даводзіцца бараніцца не ад купкі людзей.
І пэрманэнтны, няспынны двухгадовы тэрор супраць любога іншадумства, імкненьне нагнаць на народ максымальны страх сьведчаць пра адэкватнае разуменьне рэальнага ўзроўню ягонай папулярнасьці. І патрэба ў расейскай падтрымцы, за якую давялося ахвяраваць сувэрэнітэтам дзяржавы, стала кампэнсацыяй за адсутнасьць унутранай падтрымкі. І чысткі ў дзяржапараце ёсьць адказ на крызіс ляяльнасьці. І мілітарызацыя сыстэмы адукацыі адлюстроўвае разуменьне таго, што ўлада страціла маладое пакаленьне.
Але адначасова ёсьць і другі бок. Лукашэнка ніяк ня можа зьмірыцца з думкай, што ён ужо не «народны прэзыдэнт». Чвэрць стагодзьдзя ўвесь ідэалягічны канструкт рэжыму грунтаваўся на тым, што ўвесь беларускі народ аднадушна падтрымлівае правадыра. Таму ў Беларусі няма і ня можа быць апазыцыі. (З гэтай прычыны і няма апазыцыянэраў у парлямэнце). Ёсьць купка «адмарозкаў», купленых за даляры, але ж гэта не народ.
Лукашэнка сам актыўна падтрымліваў гэтую міталёгію, часта апавядаў, як падчас першых прэзыдэнцкіх выбараў паралізаваныя людзі ўставалі з ложка, каб ісьці галасаваць за яго. Сам сябе называў «усенароднаабраным». І быў упэўнены, што купаецца ў народнай любові. Таму лічыў сябе ня проста прэзыдэнтам, а «бацькам» нацыі. На гэтай падставе быў упэўнены, што мае права кіраваць не паводле пісаных законаў, а «па справядлівасьці», апэляваў да насельніцтва цераз галаву ўсіх дзяржаўных інстытутаў.
Цяпер адмовіцца ад гэтага міту, вобразу, прызнаць свой чалавечы і палітычны крах, усьвядоміць, што ў жніўні 2020-га грамадзтва зрабіла гістарычны крок ад любові да нянавісьці — псыхалягічна невыносна. Бо як з гэтым жыць далей? Тады трэба сыходзіць. А да такога могуць дадумацца толькі ворагі.
І таму ён сам сябе спрабуе запэўніць, што нічога не памянялася. Народ па-ранейшаму яго любіць. А ў жніўні 2020 году Захад, зайздросьцячы Лукашэнкавай папулярнасьці, учыніў мяцеж.
І вось на сутыку гэтых двух супрацьлеглых наратываў і зьявілася ідэя народнага апалчэньня. З аднаго боку, небясьпека нікуды ня зьнікла, страх ад вялізных натоўпаў, якія два месяцы атачалі прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, сядзіць глыбока. Таму трэба бараніцца. Войска, міліцыі, КДБ, ГУБАЗІКа, АМАПа ды іншых сілавых структур недастаткова. Трэба яшчэ ўзброіць пажарнікаў, рыбаловаў і паляўнічых. Каго яшчэ? Дзе ўзяць надзейную апору?
Тут прыдаўся ўкраінскі досьвед. На абарону Бацькаўшчыны ад расейскай агрэсіі ўзьняўся ўвесь народ. Чэргі добраахвотнікаў у ваенкаматах, рост рэйтынгу Ўладзіміра Зяленскага да 90% вельмі ўражваюць.
І да Лукашэнкі прыйшло азарэньне. Трэба зьвярнуцца па дапамогу да «глыбіннага народу». 3 чэрвеня ён паспрабаваў растлумачыць, што мае на ўвазе: «І я падумаў, што нам на ўсялякі выпадак трэба пры кожным сельскім савеце мець вось гэтае народнае апалчэньне, групу людзей. Іх будзе няшмат. Можа, 50 чалавек...» Зьвярніце ўвагу, Лукашэнка кажа не пра сталічны мікрараён, а пра сельсавет. Там, у сельскай мясцовасьці, жыве, як ён лічыць, ягоны надзейны электарат. Яго і трэба паклікаць на сваю абарону.
Аднак праблема ў тым, што ў Беларусі жыве не «глыбінны народ», а расколаты народ. І якраз лукашэнкаўскія прыхільнікі («ябацькі») — людзі пасіўныя, якія прызвычаіліся спадзявацца на дзяржаву. І наадварот, праціўнікі Лукашэнкі — гэта найбольш актыўная, дынамічная частка грамадзтва, здольная да самаарганізацыі і салідарнасьці.
Мяркую, што калі б у 2020 годзе народу раздалі зброю, то падзеі ў краіне разьвіваліся б зусім па іншым сцэнары.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.