Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейскія войскі дзейнічаюць паводле шаблёнаў». Украінскі ваенны экспэрт — пра баі на Данбасе і гібель расейскага генэрала


Выбух моста паміж Севераданецкам і Лісічанскам, падарванага ўкраінскімі вайскоўцамі, травень 2022
Выбух моста паміж Севераданецкам і Лісічанскам, падарванага ўкраінскімі вайскоўцамі, травень 2022

Расея пачне наносіць удары па новых аб’ектах, якія раней не абстрэльваліся, — у выпадку, калі ва Ўкраіну даставяць дальнабойныя ракеты. Гэтак расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін пракамэнтаваў рашэньне ЗША перадаць Кіеву рэактыўныя сыстэмы залпавага агню.

Пры гэтым у інтэрвію тэлеканалу «Россия-1» Пуцін заявіў, што ў саміх пастаўках няма нічога новага, але калі Кіеў атрымае ракеты большай далёкасьці, чым звычайна, дык Расея зробіць «адпаведныя высновы».

Украінскі ваенны экспэрт Міхаіл Самусь у эфіры тэлеканалу «Настоящее время» пракамэнтаваў заявы расейскага прэзыдэнта, а таксама расказаў пра тактыку Ўзброеных сілаў Украіны (УСУ) у баях за Севераданецк.

Міхаіл Самусь
Міхаіл Самусь

— Як вы ўспрымаеце пагрозы Пуціна? Па-вашаму, Пуцін — гэта той чалавек, які будзе папярэджваць пра свае пляны?

— Гэта не папярэджаньне — гэта проста пагрозы. Гэта не падобна да кабінэта прэзыдэнта, а больш да пакоя, дзе праводзяць допыты. І, адпаведна, ягоныя пагрозы гучаць, вядома ж, жахліва, але, я думаю, Украіне ня варта арыентавацца на гэтыя словы. Пуцін ужо зрабіў усё, што мог, пагрозы ядзернай вайны прагучалі шмат разоў. Таму, я думаю, ва Ўкраіны ўсё адно няма іншага выйсьця, акрамя як атрымліваць новае ўзбраеньне і рабіць усё магчымае для дэакупацыі сваёй тэрыторыі.

— Чаму так нечакана ў Севераданецку ў суботу Ўзброеныя сілы Ўкраіны перайшлі ў контранаступ? Дзякуючы чаму гэта стала магчымым?

— Рэч у тым, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны ўвесь час праводзяць контранаступы і працуюць як у актыўнай абароне, так і ў актыўным наступе. УСУ выкарыстоўваюць перадавыя тактыкі, перадавыя магчымасьці выведкі, узбраеньняў і гэтак далей, у тым ліку і ўменьне весьці баявыя дзеяньні.

Расейскія войскі дзейнічаюць паводле шаблёнаў. Я думаю, што расейскае камандаваньне дзейнічала так, як і заўсёды, а ўкраінскае камандаваньне накладала на гэтыя шаблёны сваё разуменьне сытуацыі, таму зрабіла такі «сюрпрыз» расейскім генэралам, якія, дарэчы, гінуць у гэтых жа раёнах. Я думаю, што гэта будзе працягвацца і такія выпадкі ўсё часьцей і часьцей будуць зьяўляцца ў зоне баявых дзеяньняў — калі ўкраінскае войска будзе пераходзіць у контранаступ.

А што да Севераданецку — тут было вельмі важна дамагчыся таго, каб Расея не дасягнула сваіх мэтаў. У іх была менавіта палітычная мэта. Севераданецк ня мае вялікай тактычнай важнасьці, але гэта больш палітычная мэта для Пуціна, для расейскіх генэралаў, якія выконваюць патрабаваньні Пуціна — усё ж дамагчыся выхаду на адміністрацыйныя межы Луганскай вобласьці. І яны не змаглі гэтага зрабіць, у тым ліку праз тое, што ўкраінскае войска раптоўна перайшло ў контранаступ. Такім чынам, час, неабходны для ўзяцьця Севераданецку, у расейскага войска расьцягнуўся на нявызначаны тэрмін.

— Яны Севераданецк цяпер ня возьмуць, па-вашаму?

— Магчыма, возьмуць. Яны ж могуць засяродзіць там, напрыклад, агонь артылерыі, удары авіяцыі і наогул зьнішчыць горад — сьцерці яго зь зямлі, як яны робяць гэта вельмі часта. І я ня думаю, што ўкраінскаму войску там неабходна будзе заставацца і чакаць, пакуль яго пачнуць зьнішчаць. Тут украінская тактыка нашмат разумнейшая: яны робяць усё, каб зрабіць прасоўваньне расейскіх войскаў наперад максымальна цяжкім, максымальна павольным.

Марнуецца велізарны чалавечы рэсурс, рэсурс узбраеньняў — усяго толькі на маленькім пятачку, які ня мае вялікага тактычнага значэньня для гэтай вайны. А ў гэты ж час украінскае войска можа атрымліваць заходняе ўзбраеньне, рыхтаваць асабовы склад, каб выкарыстоўваць і HIMARS, і брытанскі M270 і каб літаральна празь некаторы час выкарыстоўваць іх на іншых кірунках і, уласна, на Данбасе.

— Раман Уласенка ў нашым эфіры расказваў, што расейцы працягваюць наступ і з бакоў Папаснай да Лісічанску. Па-вашаму, для ўкраінскага войска гэта небясьпечныя спробы?

— Вядома ж, небясьпечныя. Рэч у тым, што рух у напрамку Папаснай, Ліману і Славянску — гэта ўсё элемэнты адной апэрацыі. Гэтая апэрацыя ўключае ў сябе задачу атачэньня ўкраінскай групоўкі, нанясеньня ўкраінскім сілам на Данбасе паразы, якая магла б прывесьці да стратэгічных наступстваў. Бо ўвесь сэнс любых баявых дзеяньняў — гэта ператварэньне тактычных посьпехаў у апэратыўныя і апэратыўна-стратэгічныя. Пакуль у расейцаў нічога не атрымліваецца. Яны затрымаліся ў Севераданецку, які, я паўтараю, ня мае вялікага тактычнага значэньня.

Нават калі ўявіць, што яны бяруць Севераданецк, вялікага прарыву з пункту гледжаньня гэтай апэрацыі ня будзе. Яны як спрабуюць прабіцца ілбом у раёне Папаснай, так і будуць працягваць. Яны спрабуюць з поўначы прабіцца празь Ліман, Ізюм, каб закрыць гэтыя абцугі ў раёне Краматорску і Славянску. Але ў іх не палепшыцца сытуацыя ад таго, што яны возьмуць Севераданецк. Наадварот, яны адцягваюць усё больш і больш сілаў менавіта на севераданецкім кірунку, такім чынам выконваючы палітычную замову.

— У выходныя карэспандэнт ВГТРК Аляксандар Сладкоў напісаў пра гібель у Луганскай вобласьці генэрал-маёра расейскай арміі Рамана Кутузава. Гэта адбылося за 15 кілямэтраў ад Папаснай, як сьцьвярджае Сладкоў. І ён напісаў, што Кутузаў «павёў у атаку людзей». Вы можаце растлумачыць, што значыць той факт, што войскамі на полі бою кіруюць генэралы?

— Гэта тое ж самае, што было пад Ізюмам, калі асабовы склад не хацеў ісьці ў атаку, таму што ведалі пра высокую імавернасьць зьнішчэньня. Яны не хацелі ісьці на верную сьмерць. Паводле некаторых зьвестак, Кутузаў прыбыў менавіта на гэты ўчастак фронту для таго, каб асабістым прыкладам матываваць вайскоўцаў. Спачатку ён прыехаў для таго, каб усіх пастрашыць, камандзіраў батальёнаў прымусіць ісьці наперад — весьці сваіх людзей. Камандзіры батальёнаў адмовіліся. Таму генэрал вырашыў паказаць, што такое гераічнасьць, і пайшоў наперад у першых шэрагах. Вынік быў бы той самы, калі б наперад пайшлі камандзіры батальёнаў: яны былі б зьнішчаныя разам з генэралам.

— Калі я правільна разумею, тое, што генэралы ідуць у атаку ў авангардзе гэтага нападу, гэта ненармальна.

— Абсалютна. Гэта азначае, што сыстэма вайсковага кіраваньня ў расейскім войску ў зоне правядзеньня апэрацыі не працуе. Яна не працуе, бо маральна-псыхалягічны стан войскаў упаў катэгарычна. Войскі не жадаюць далей працягваць вайну на ўкраінскім фронце. Яны ведаюць, што яны будуць зьнішчаныя.

Мала хто хоча ісьці на верную сьмерць, але перад генэраламі стаіць задача: узяць вось такі населены пункт, выйсьці на вось такую мяжу. І яны змушаныя прыбываць проста на перадавую. У іх лямпасы, пагоны, карʼера, і яны павінны неяк пра гэта паклапаціцца. Іх не цікавяць страты расейскіх войскаў, і гэта вельмі заўважна па характары баявых дзеяньняў.

Тое ж самае адбывалася на ізюмскім напрамку. Туды прыбываў начальнік Генштабу Ўзброеных сілаў РФ Валер Герасімаў. Дарэчы, ён зьнік наогул з эфіру, яго нідзе не відаць — мабыць, цалкам страціў давер Пуціна. І сапраўды, гэтак жа зараз адбываецца на Данбасе, на папасьнянскім кірунку, на ізюмскім, на ліманскім і на севераданецкім кірунках адно і тое ж: расейскім войскам ставяцца задачы, генэралы казыраюць, але далей усё стопарыцца, таму што асабовы склад проста не жадае ісьці ў атаку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG