Разбомблены расейцамі Гастомель паціху ажывае. Людзі латаюць дахі сваіх прыватных дамоў, пашкоджаныя снарадамі. Адчыняюцца крамы, часам прашытыя кулямі, разрабаваныя акупантамі і дарабаваныя марадэрамі.
Некаторыя вуліцы звонку выглядаюць, нібы і няма вайны, але дастаткова зайсьці празь весьнічкі — і бачыш то спалены аўтамабіль у двары, то гаспадыню ў жалобнай чорнай хустцы, то разрытыя танкамі гароды. Але збольшага, калі ідзеш па Гастомелі, згадваецца пачатак вайны, калі над галавой амаль бесьперапынна лятаюць снарады і думаеш, ці не ў цябе трапіць наступны.
На цэнтральнай вуліцы цэлага не засталося амаль нічога: зьнішчаныя крамы, прадпрыемствы, рынкі, прыватныя дамы, шматпавярховікі зь вялізнымі дзіркамі ад снарадаў, выгаралыя кватэры і расьфігачаныя ўшчэнт бальконы. І тут жа — дзівам ацалелы будынак мэрыі, дзіцячая пляцоўка побач з абгарэлым танкам.
Недалёка ад аэрапорту — «могілкі» зьнішчаных аўта, якія, напэўна сабралі з вуліц ня толькі Гастомеля, але і суседняй Бучы. Дзясяткі машын, у якіх людзей расстралялі толькі таму, што яны ўкраінцы.
Побач з адным з разбураных будынкаў на сьцяне надпіс: «Мы Освобождаем Украину от Нацызма». У бязграматных «вызваліцеляў» сваё ўяўленьне пра «нацызм», дабро і зло. Можна было б пажартаваць, што ўсе яны жывуць у паралельнай рэчаіснасьці, вось толькі іхняя паралельная рэчаіснасьць штодня забірае жыцьці тут і цяпер, у тых, хто ў труне бачыў увесь гэты «клопат» і «гуманізм».
Вельмі часта чую ў крамах і на рынку ад старэнькіх жанчын пра расейцаў: «Каб яны ўсе здохлі». Жанчын, якія звычайна абмяркоўвалі ў гэты час сьвежы ўраджай і мясцовыя плёткі. Цяпер ім трэба аднаўляць разбураныя жыцьці ў пастаяннай трывозе, ці не паўторыцца зноў увесь гэты жах, ці ня вырашаць маскалі яшчэ раз ударыць па мястэчку.
Сяргей Прылуцкі
- Жорсткія і крывавыя баі за Гастомель, пасёлак у Бучанскім раёне Кіеўскай вобласьці, ішлі ад расейскага ўварваньня 24 лютага цягам цэлага сакавіка. У першыя тры дні вайны Гастомель атакавалі расейскія дэсантнікі. Тады ў выніку расейскага авіяўдару на аэрапорт у Гастомелі згарэў самы магутны транспартны самалёт на сьвеце — машына ўкраінскай вытворчасьці Ан-225 «Мрія». Пазьней былі паведамленьні пра ўдзел у атаках на Гастомель кадыраўцаў з «Росгвардии» Чачэніі. Паводле афіцыйнага паведамленьня Ўзброеных сілаў Украіны, Кіеўшчына, у тым ліку Ірпень, Буча і Гастомель, за якія ішлі найбольш зацятыя баі, была вызваленая ад расейскіх войскаў 2 красавіка.