Расейскія войскі кантралявалі ЧАЭС больш за месяц.
«Вайскоўцы РФ вывезьлі 690 кампутараў, 344 аўтамабілі, 1500 дазымэтраў, амаль усё супрацьпажарнае абсталяваньне і многія незаменныя прылады, неабходныя для функцыянаваньня электрастанцыі», — гаворыцца ў паведамленьні дырэктара Цэнтральнай аналітычнай лябараторыі электрастанцыі Мікалая Бяспала.
Кіраўнік Дзяржаўнага агенцтва Ўкраіны па кіраваньні зонай адчужэньня Яўген Крамарэнка паведаміў, што некаторыя вывезеныя прылады абсталяваныя GPS-трэкерамі. «Мы бачым, што частка прыладаў знаходзяцца ў Беларусі, уздоўж мяжы. Яшчэ частка — у Менску, Гомлі і іншых гарадах», дадаў ён.
Раней праект «Беларускі Гаюн» апублікаваў дадзеныя аб расейскіх вайскоўцах, якія 2 красавіка адпраўлялі дадому буйнагабарытныя пасылкі з офісу кур’ерскай службы ў Мазыры. Як сьцьвярджаюць аўтары расьсьледаваньня, салдаты адправілі больш як дзьве тоны рэчаў за адзін дзень.
Расейскі бок адмаўляе выпадкі марадэрства з боку вайскоўцаў РФ.
- Расейскія войскі занялі Чарнобыльскую АЭС, разьмешчаную на поўнач ад Кіева, у першы ж дзень уварваньня на тэрыторыю Ўкраіны — 24 лютага.
- 30 сакавіка ў Мінабароны РФ заявілі аб «плянавай перагрупоўцы» расейскіх войскаў для «завяршэньня апэрацыі па поўным вызваленьні Данбасу». Пасьля гэтага расейскія вайскоўцы былі выведзеныя з Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей.
- Чарнобыльская АЭС — месца найбуйнейшай у гісторыі атамнай энэргетыкі катастрофы, якая адбылася ў 1986 годзе. Цяпер яна не выпрацоўвае электраэнэргію, але там знаходзяцца спэцыялісты, каб кантраляваць сыстэмы закансэрваванай станцыі.
- Украінская кампанія «Энергоатом» заяўляла, што расейскія войскі будавалі фартыфікацыйныя збудаваньні ў так званым Рудым лесе (самай забруджанай тэрыторыі Чарнобылю) і атрымалі значныя дозы апраменьваньня. У Мінабароны РФ гэтую інфармацыю не камэнтавалі.