Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я не падзяляю эўфарыі, што заўтра ўсё скончыцца хуткай перамогай Украіны», — украінскі вайсковы экспэрт


Зьнішчаная расейская вайсковая тэхніка пад Кіевам, 23 траўня 2022 году
Зьнішчаная расейская вайсковая тэхніка пад Кіевам, 23 траўня 2022 году

Сяргей Грабскі, вайсковы экспэрт, палкоўнік запасу, былы супрацоўнік Міністэрства абароны Ўкраіны, удзельнік міратворчых апэрацый у Косаве і Іраку, заяўляе, што Расея пакуль мае перавагу ў сілах і сродках, апісвае стратэгію ўкраінскіх войскаў і адказвае на папулярнае пытаньне, калі ж нарэшце ў вайне адбудзецца кардынальны пералом.

Cяргей Грабскі
Cяргей Грабскі

Сьцісла:

  • Украіна процістаіць вельмі сур’ёзнаму праціўніку, які на сёньня мае перавагу ў сілах і сродках.
  • Нават месяц, нават 2–3 месяцы — недастатковы тэрмін, каб стратэгічна пераламіць сытуацыю ў гэтай вайне.
  • Кінуць у бой ненавучаныя злучэньні — гэта было б злачынствам.
  • Тую лявіну дапамогі Ўкраіне, якая на падыходзе, Расея ня можа спыніць.
  • Расейцы вучацца ў сваёй ваеннай тактыцы. Гэта ўжо ня нейкія зацятыя прарывы калёнамі без падрыхтоўкі. Цяпер гэта асэнсаваныя дзеяньні.
  • Мы не трымаемся за кожны шматок зямлі, мы праводзім манэўраную абарону.
Тэрытарыяльнае становішча ва Ўкраіне на 22 траўня
Тэрытарыяльнае становішча ва Ўкраіне на 22 траўня

— Зараз можна назіраць такую тэндэнцыю, што людзі, якія спачуваюць Украіне, ужо з пэўным нецярпеньнем чакаюць кардынальнага павароту ў вайне. Маўляў, калі ж украінская армія нарэшце пачне стратэгічны наступ і пачне выганяць акупантаў з сваіх земляў? Гэтыя настроі падаграваюць і некаторыя ўкраінскія сьпікеры, якія гавораць пра «тыдзень-другі». Калі ж чакаць украінскага наступу?

— Пакуль рана пра гэта гаварыць. Я не падзяляю выказваньняў наконт таго, што вось-вось, «заўтра», пачнецца стратэгічны контранаступ — бо такія дзеяньні патрабуюць вельмі пільнай падрыхтоўкі.

Трэба разумець, што Ўкраіна процістаіць вельмі сур’ёзнаму праціўніку, які на сёньня мае перавагу ў сілах і сродках. І для перамогі над ім трэба мець колькасную і якасную перавагу. Якасная перавага тут нават больш важная, бо праціўнік выкарыстоўвае даволі састарэлае ўзбраеньне і баявую тэхніку.

Таму і мы, і нашы саюзьнікі разумеем, што наперадзе вельмі цяжкі этап барацьбы. Праціўнік яшчэ даволі моцны і прыкладае шмат намаганьняў, каб дасягнуць максымуму ад таго, чаго ён можа дасягнуць у гэтай вайне. Зараз мы маем даволі няпросты час, сытуацыя прымушае нас мабілізавацца.

Але заяўляць, што заўтра наступіць пералом у вайне, — я так не скажу. Нават месяц, нават 2–3 месяцы — недастатковы тэрмін, каб стратэгічна пераламіць сытуацыю ў гэтай вайне.

— А чаму вы кажаце, што Расея «на сёньня мае перавагу ў сілах і сродках»? Расейскі кантынгент ва Ўкраіне складае, паводле ацэнак, каля 150 тысяч чалавек. А тым часам ва Ўкраіне адбываецца мабілізацыя, і паведамляецца, што мабілізаваць могуць да 700 тысяч чалавек. Плюс вельмі шмат пішуць і гавораць пра пастаўкі заходняй тэхнікі і ўзбраеньня. Такім чынам, Украіна ў выніку павінна мець перавагу і ў рэсурсах, і ва ўзбраеньнях (прынамсі, калі Расея не абвесьціць усеагульнай мабілізацыі).

— Так, мабілізацыя ідзе. Але трэба разумець, што ёсьць этапы баявой падрыхтоўкі, якія патрабуюць дастаткова шмат часу. Кінуць у бой ненавучаныя злучэньні — гэта было б злачынствам.

Што тычыцца іншага боку, Расеі. Нават калі прыняць лічбу 150 тысяч — гэта прыблізна 10–15 працэнтаў ад агульнай колькасьці Ўзброеных сілаў Расеі. Калі гаварыць пра той кантынгент, які ваюе супраць нас, то трэба сказаць, што яны маюць магчымасьць ажыцьцяўляць ратацыю і кідаць у бой сьвежыя злучэньні. І яны гэта робяць.

Трэба разумець, што яны выкарыстоўваюць гэтыя злучэньні ня вельмі эфэктыўна, кідаюць у бой тыя злучэньні, якія толькі што выйшлі з баёў. Так што ў іх недастаткова падрыхтаваных рэзэрваў. Іх троху больш, чым у нас, але недастаткова для таго, каб пераламіць сытуацыю.

Што тычыцца ўзбраеньняў, то калі мы гаворым пра супрацьтанкавыя ракеты, то сапраўды іх дастаткова шмат, яны выкарыстоўваюцца вельмі шырока і пасьпяхова ўкраінскімі вайскоўцамі. Калі ж гаварыць пра пастаўкі іншых тыпаў зброі, то іх пакуль ня вельмі шмат. Нават калі мы кажам, што ЗША перадалі 90 гаўбіц, то гэта толькі 5 дывізіёнаў. На такі вялізны фронт — гэта няшмат. Калі гаварыць пра іншы асартымэнт, дык ён толькі пачаў паступаць. Калі гаварыць пра танкі з Чэхіі і Польшчы, то гэта дзясяткі бронемашын, якія, вядома, ня могуць адразу пераламіць сытуацыю. Гэтая дапамога дазваляе нам утрымацца, спыніць праціўніка, прымусіць яго пачаць абараняцца, — каб потым нанесьці ўдар.

Але тая тэхніка, якая нам неабходная для пералому ў вайне, толькі пачынае паступаць, і насычэньне прыйдзе ня хутка. Бо тут і адлегласьць, і час на пэўныя працэдуры, і лягістыка. А таксама час на асваеньне гэтай тэхнікі. Нашы вайскоўцы зараз асвойваюць гэтую тэхніку за мяжой — але самі разумеце, што для гэтага трэба 2–3, а то і 5 месяцаў.

Зыходзячы з гэтага, мы павінны разумець, якія цяжкія часы нас чакаюць бліжэйшыя тыдні і месяцы. Таму я не падзяляю тае эўфарыі, якую маюць некаторыя нашы дзеячы, а таксама нашы сябры за мяжой, якія думаюць, што заўтра Ўкраіна пойдзе ў наступ і ўсё скончыцца хуткай перамогай. Хуткай перамогі ня будзе.

— У сувязі з дастаўкай заходняй тэхнікі і ўзбраеньняў ва Ўкраіну Расея акурат пачала спробы перашкаджаць гэтаму, абстрэльваючы чыгуначныя шляхі і склады з палівам. Ці ёсьць праблемы з дастаўкай гэтага ўзбраеньня на фронт і ці ёсьць дэфіцыт паліва?

— Праціўніку ўдалося дастаткова сур’ёзна ўскладніць забесьпячэньне войскаў, дый усёй Украіны, паліўнымі рэсурсамі. Што тычыцца дастаўкі тэхнікі, то скажу як адмысловец, транспартны інжынэр. Расея мысьліць катэгорыямі XX стагодзьдзя, калі гаворыць пра зьнішчэньне транспартнай інфраструктуры. Тады асновай усяго была чыгунка. Але на сёньня ад такой практыкі адышлі, і ўпор робіцца на разгрупаваньне вайсковых перавозак і выкарыстаньне камбінаваных спосабаў дастаўкі. Акцэнт з чыгункі ссунуўся на аўтамабільныя і паветраныя шляхі зносінаў. Таму ганяцца з ракетамі за чыгуначнай інфраструктурай ня вельмі эфэктыўна, ракета не заўсёды трапляе ў цэль.

Больш ад ракетных удараў цярпіць менавіта цывільная інфраструктура. Тую лявіну дапамогі Ўкраіне, якая на падыходзе, немагчыма спыніць. Таму ўдары па інфраструктуры фактычна з мэтаду вядзеньня вайны пераўтварыліся ў мэтад правядзеньня тэрору супраць насельніцтва Украіны.

— З пачатку вайны ад расейскіх вайсковых камэнтатараў чуем, як расейскія войскі зьбіраюцца замкнуць, узяць у атачэньне, замкнуць кола вакол украінскіх часьцей на Данбасе, дзе зараз ідуць самыя жорсткія баі. Ці сапраўды тут ёсьць пагроза? Як выглядае, ранейшыя напалеонаўскія пляны расейскіх камандзіраў аб вялікім катле зьмяніліся, і Расея зараз ставіць на мэце стварыць некалькі драбнейшых катлоў. Ці ёсьць у гэтым пагроза і як на яе рэагуе ўкраінскае вайсковае кіраўніцтва?

— Гэта лягічная стратэгія з боку Расеі. Любы военачальнік скажа, што атакаваць праціўніка «ў лоб» супраць абароненых і падрыхтаваных пазыцыяў — гэта асудзіць сябе на вялікія страты. Таму лягічна выглядаюць іхныя спробы атачыць украінскія войскі на Данбасе. Нічога дзіўнага, што яны могуць на пэўных участках дасягнуць пэўнага лякальнага посьпеху.

Трэба разумець пазыцыю Ўкраіны. Мы не трымаемся за кожны шматок зямлі, мы праводзім манэўраную абарону. Яна дазваляе нам ажыцьцяўляць розныя манэўры, у тым ліку адступленьне, што прадугледжана любымі вайсковымі статутамі. Бо пакідаць войскі ў атачэньні, у катлах і потым спрабаваць даставіць ім зброю і падмацаваньне — значна больш складана. Лепей адысьці, перагрупавацца і прыняць бой на новых пазыцыях.

Можна сказаць, што расейцы вучацца ў сваёй ваеннай тактыцы. Гэта ўжо ня нейкія зацятыя прарыву калёнамі без падрыхтоўкі. Цяпер гэта асэнсаваныя дзеяньні. Манэўранай абаронай мы вымотваем расейскія войскі, мінімізуем іхны наступальны парыў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG