Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СБУ апублікавала відэа паказаньняў прарасейскага палітыка Медзьведчука супраць экс-прэзыдэнта Ўкраіны Парашэнкі


Віктар Медзьведчук і Пятро Парашэнка, каляж
Віктар Медзьведчук і Пятро Парашэнка, каляж

Служба бясьпекі Ўкраіны апублікавала відэа паказаньняў Віктара Медзьведчука супраць былога прэзыдэнта краіны Пятра Парашэнкі.

На запісе абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе палітык расказаў пра схему вываду зь дзяржаўнай уласнасьці часткі магістральнага нафтапрадуктаправоду «Самара — Заходні напрамак» для далейшага перапампоўваньня празь яго дызэльнага паліва.

Як сьцьвярджае на відэа Медзьвядчук, да яго зьвярнуўся Парашэнка з просьбай зьвязацца з кіраўніцтвам Расеі, пасьля чаго забясьпечыў прыняцьце неабходных рашэньняў ва ўсіх украінскіх інстанцыях.

Такім чынам, паводле слоў Медзьведчука, пытаньнямі трубаправоду ён займаўся па просьбе былога прэзыдэнта Ўкраіны, паведамляе СБУ.

Абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе палітык сьцьвярджае, што Парашэнка выдаткаваў на куплю трубы 23 мільёны даляраў: грошы выводзілі празь фіктыўныя дамовы, а кантраляваў гэтыя пытаньні дарадца прэзыдэнта па фінансавых пытаньнях Макар Пасянюк.

За год працы трубаправод зарабіў для яго ўладальнікаў удвая больш сродкаў, чым было ўкладзена ў яго выкуп, — да 42 мільёнаў даляраў. Заяўляецца, што пасьля спыненьня паўнамоцтваў Парашэнкі, з траўня 2019 году, перапампоўваньне дызэлю праз магістраль спынілася.

Таксама дэпутат на запісе расказвае пра іншую схему — закуп вугалю з так званых «ДНР» і «ЛНР» у 2014–2015 гадах.

«У гэтым была задзейнічаная фактычна ўся вярхушка дзяржаўнага апарату, пачынаючы з прэзыдэнта і заканчваючы міністрамі, вартавымі парадку і тымі, хто непасрэдна рэалізоўваў гэтую схему», — кажа ён.

СБУ заяўляе, што Медзьвядчук назваў канкрэтныя прозьвішчы высокапастаўленых чыноўнікаў, якія маюць дачыненьне да схемы, — гэта былыя чыноўнікі, былое кіраўніцтва Нацбанку, народныя дэпутаты і прадстаўнікі праваахоўных структур: у прыватнасьці, Макар Пасянюк, Валерыя Гонтарава, Ігар Кананенка, Уладзімір Дзямчышын, генпракурор і кіраўнік МУС.

Адвакат Пятра Парашэнкі Ігар Галавань заявіў, што паказаньні Медзьведчука наконт датычнасьці Парашэнкі да вываду зь дзяржаўнай уласнасьці нафтаправоду і закупу вугалю ў «ДНР» і «ЛНР» непраўдзівыя. Абнародаваньне паказаньняў ён назваў «выключна піярам СБУ».

Галавань лічыць, што рашэньне апублікаваць відэа зь Медзьведчуком зьвязанае з судовым пасяджэньнем па справе пятага прэзыдэнта Ўкраіны. Паводле яго слоў, на 23 траўня прызначанае пасяджэньне па арышце маёмасьці Парашэнкі, таму абнародаваньне відэа — «звычайны ціск на суд».

  • Ва Ўкраіне Медзьведчуку прад’явілі шэраг абвінавачаньняў. Медзвядчук быў пад кругласутачным хатнім арыштам па факце дзяржаўнай здрады, але ў лютым зьнік з таго адрасу, дзе быў пад арыштам.
  • Увечары 12 красавіка зьявілася інфармацыя, што супрацоўнікі СБУ падчас спэцапэрацыі затрымалі Медзьведчука. 16 красавіка ён быў адпраўлены пад арышт бяз права закладу.
  • 20 сьнежня 2021 году былому прэзыдэнту Ўкраіны Пятру Парашэнку абʼявілі аб падазрэньні па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: фінансаваньне тэрарызму, дзяржаўная здрада і садзейнічаньне дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі. Яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG