Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чырвоны Крыж: колькасьць украінскіх вайскоўцаў з «Азоўсталі» для абмену з Расеяй застанецца канфідэнцыйнай


Сьцяг Чырвонага Крыжа
Сьцяг Чырвонага Крыжа

Інфармацыя, якую мае Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа (МКЧК) аб колькасьці і пэрсанальных зьвестках украінскіх вайскоўцаў, вывезеных з «Азоўсталі», застанецца канфідэнцыйнай і ня будзе абнародавацца.

«Гэтая інфармацыя канфідэнцыйная. Наш прыярытэт — праверка ўмоў утрыманьня і абыходжаньня з ваеннапалоннымі, прадухіленьне іх зьнікненьня і падтрыманьне іхных кантактаў з сем’ямі. Але мы ня будзем публікаваць сьпісы або імёны людзей, якіх мы наведалі, або тых, каго мы наведаем у будучыні», — цытуе ўкраінскае дзяржаўнае агенцтва Укрінформ прэсавую сакратарку МКЧК Мірэлу Хадэйб.

Паводле яе, рэгістрацыя ваеннапалонных арганізацыяй дазваляе ім «адчуць сябе абароненымі хаця б ад рызыкі бясьсьледнага зьнікненьня».

Мірэла Хадэйб таксама дадала, што сваякі вывезеных з «Азоўсталі» украінскіх вайскоўцаў могуць даведацца пра сваіх блізкіх на падставе завароту ў Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа.

У сакавіку ў Цэнтральным агенцтве вышуку МКЧК стварылі асобнае бюро, якое займаецца выключна «міжнародным узброеным канфліктам ва Ўкраіне», якое, паводле Мірэлы Хадэйб, пашырае апэратыўныя магчымасьці для падтрымкі семʼяў тых, хто быў зьняволены або памёр.

Украіна і Расея дамовіліся аб вывадзе з 16 траўня з заблякаванага расейцамі заводу «Азоўсталь» украінскіх вайскоўцаў, якія абаранялі Марыюпаль больш за 80 дзён.

Увечары 20 траўня Міністэрства абароны Расеі заявіла, што завод «Азоўсталь» у Марыюпалі перайшоў пад кантроль расейскіх войскаў. Расейскае ведамства сьцьвярджае, што агулам «здаліся» 2439 украінскіх вайскоўцаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі заводу.

Украінскі бок не ўдакладняе колькасьці вывезеных з «Азоўсталі» вайскоўцаў. Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр заяўляла, што працэс абмену будзе адбывацца на падставе мэханізмаў Жэнэўскай канвэнцыі і зьяўляецца празрыстым. Але колькасьці вайскоўцаў, якія цяпер знаходзяцца на падкантрольных Расеі тэрыторыях, не ўдакладняюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG