Паводле інфармацыі дзьвюх крыніц агенцтва Reuters, Нямеччына паведаміла нямецкім імпартэрам газу аб магчымасьці адкрыцьця рублёвых рахункаў без парушэньня санкцый супраць Расеі.
Як піша агенцтва, такая ж сытуацыя склалася і ў Італіі. Па словах крыніц, італьянскі ўрад абмеркаваў гэтае пытаньне з Эўрапейскай камісіяй і атрымаў тлумачэньні, як купляць расейскі газ на законных падставах.
Раней Польшча, Фінляндыя і Баўгарыя адмовіліся выконваць патрабаваньне Расеі аб аплаце газу праз рублёвыя рахункі ў «Газпрамбанку». Пасьля гэтага пастаўкі газу гэтым краінам былі спыненыя.
У прыватнасьці, пастаўкі газу ў Фінляндыю спыніліся раніцай 21 траўня. На працягу летняга сэзону Фінляндыя плянуе закупляць газ у іншых пастаўшчыкоў і атрымліваць яго па трубаправодзе Balticconnector з Эстоніі. Таксама Фінляндыя мае намер судзіцца з ТАА «Газпром экспорт» з прычыны парушэньня ўмоваў кантракту.