Аляксандар Лукашэнка выступіў на сустрэчы за ўзмацненьне палітычнага ўзаемадзеяньня і каардынацыі дзяржаў – сяброў АДКБ. Таксама ён заклікаў дзяржавы-партнэры супрацьстаяць выклікам і пагрозам у інфармацыйнай прасторы. У якасьці сродку — пайсьці па шляху Кітаю ў інфармацыйнай барацьбе ў інтэрнэце.
Таксама Лукашэнка выступіў за ўзмацненьне прагнозна-аналітычнага складніка ў рабоце сакратарыяту АДКБ. На яго думку, трэба падумаць над стварэньнем падразьдзяленьня, якое адказвае за аналіз і стратэгічнае плянаваньне.
Ён ужо не ўпершыню зьвяртаецца да кітайскага досьведу па кантролі ў інтэрнэце. Увесну 2021 году пасьля масавых пратэстаў у Беларусі Лукашэнка на нарадзе са сваімі падначаленымі патрабаваў «максымальна выкарыстаць досьвед Кітаю ў пабудове лічбавага грамадзтва» і стварыць адзіны орган дзяржаўнага рэгуляваньня сфэры інфармацыйных тэхналёгій.
Варта адзначыць, што Кітай выдаткоўвае на інтэрнэт-кантроль мільярды даляраў, аднак усё адно існуюць некалькі спосабаў абыходу блякаваньняў.
Таксама на саміце Лукашэнка пахваліў адзінства Эўрапейскага Зьвязу, які прымае рашэньні «нават нягледзячы на тых, хто ня згодны». Таму ён заклікаў да большай каапэрацыі ў рамках АДКБ.
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны.