Фрылансэра Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка затрымалі 25 лістапада 2021 году на роварнай прагулцы, у ягонай кватэры правялі ператрус, забраўшы тэхніку і іншыя рэчы.
26 лістапада Заводзкі раённы суд Менску абвінаваціў Андрэя Кузьнечыка ў дробным хуліганстве і пакараў 10 днямі арышту, затым Кузьнечыку прысудзілі яшчэ адзін адміністрацыйны арышт, а 23 сьнежня стала вядома, што на журналіста завялі крымінальную справу.
12 траўня стала вядома, што Андрэя Кузьнечыка перавялі зь менскага СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў магілёўскую турму.
З чым зьвязаны перавод, невядома. Таксама ўжо на працягу некалькіх месяцаў зьняволеньня Андрэя Кузьнечыка ані калегі, ані родныя дагэтуль ня ведаюць, па якім артыкуле яго абвінавачваюць. Адвакат пад падпіскай аб невыдаваньні.
Затрыманага журналіста Intex-press Ганцарэвіча прызналі палітзьняволеным
Баранавіцкага журналіста Юрыя Ганцарэвіча затрымалі 27 красавіка.
Праз час праўладныя прапагандысцкія каналы распаўсюдзілі відэа ягонага допыту і паведамілі, што Ганцарэвіч затрыманы за тое, што нібыта фатаграфаваў расейскую вайсковую тэхніку і дасылаў фатаздымкі ў незалежныя мэдыя Zerkalo.io і Радыё Свабода.
Паколькі раней улады прызналі вядучыя беларускія незалежныя мэдыя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» (выданьне Zerkalo.io, у адрозьненьне ад Радыё Свабода, ня мае такога статусу), цяпер журналіста абвінавацілі менавіта ў садзейнічаньні такому «фармаваньню».
Днямі Юрыя Ганцарэвіча зьмясьцілі ў СІЗА № 6 у Баранавічах. Паводле выстаўленага абвінавачаньня (арт. 361-4 КК, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») журналісту пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі.
Сёньня праваабаронцы прызналі Ганцарэвіча палітычным вязьнем.