Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як шпіёнскі раман»: удзельніца Pussy Riot Марыя Алёхіна ўцякла з Расеі празь Беларусь


Марыя Алёхіна
Марыя Алёхіна

Марыя Алёхіна ўцякла з Расеі, пераапрануўшыся ў форму супрацоўніка службы дастаўкі. Яна цягам тыдня спрабавала перасячы мяжу Беларусі і Літвы.

Удзельніца панк-групы Pussy Riot Марыя Алёхіна бегла з Расеі, пераапрануўшыся ў форму супрацоўніка службы дастаўкі. Пра гэта яна расказала ў інтэрвію газэце The New York Times (NYT), апублікаваным 10 траўня.

Як піша NYT, Алёхіна вырашыла пакінуць Расею пасьля таго, як 21 красавіка Прэсьненскі суд Масквы вырашыў замяніць для яе меру пакараньня з абмежаваньня волі на рэальны тэрмін зьняволеньня.

Каб схавацца ад маскоўскай паліцыі, Алёхінай давялося пераапрануцца ў форму кур’ера службы дастаўкі Delivery Club. Потым сябар адвёз яе да мяжы Беларусі і Літвы. У Алёхінай была літоўская віза і расейскі ўнутраны пашпарт — замежны пашпарт у яе забралі. Яна змагла перасячы мяжу толькі праз тыдзень.

Пры першай спробе перайсьці мяжу яе на шэсьць гадзін затрымалі беларускія памежнікі, але потым адпусьцілі. Другі раз дзяжурны афіцэр не прапусьціў яе, аднак затрымліваць ня стаў. Мяжу Алёхіна змагла перайсьці толькі з трэцяй спробы — дзякуючы сябрам за межамі краіны. Адзін зь іх, ісьляндзкі майстар пэрформансу Рагнар Кʼяртансан, пераканаў эўрапейскую краіну, якая пажадала застацца неназванай, даць Алёхінай праязны дакумэнт, які дае ёй, па сутнасьці, той жа статус, што і грамадзянам ЭЗ. Гэты дакумэнт тайна даставілі ў Беларусь, пасьля чаго Алёхіна змагла на аўтобусе даехаць да Літвы.

«Я была шчасьлівая, што зрабіла гэта, таму што гэта было непрадказальнае і вялікае „адвалі“ (Алёхіна выкарыстала мацнейшы выраз, зазначае NYT) расейскім уладам. Я да гэтага часу не да канца разумею, што я зрабіла», — сказала актывістка ў інтэрвію NYT.

Як піша выданьне, падчас інтэрвію побач з Алёхінай былі і іншыя ўдзельніцы Pussy Riot, вымушаныя пакінуць Расею, у тым ліку дзяўчына Алёхінай, маскоўская муніцыпальная дэпутатка Люся Штэйн. Яна паведаміла пра свой адʼезд з Расеі 8 красавіка. Як піша NYT, Штэйн таксама прыйшлося замаскавацца пад курʼера Delivery Club.

«Гучыць, як шпіёнскі раман», — кажа аб сваіх уцёках Алёхіна. Паводле яе, яна змагла выехаць у Эўропу, нягледзячы на тое, што яе абʼявілі ў вышук, дзякуючы хаатычнасьці расейскіх праваахоўных органаў: «Адсюль яны выглядаюць як вялікі дэман, але калі глядзець знутры, то яны вельмі неарганізаваныя. Правая рука ня ведае, што робіць левая».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG