Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 траўня ў Беларусі і Расеі: сакральнае сьвята як інструмэнт палітыкі


На парадзе ў Маскве 9 траўня 2022
На парадзе ў Маскве 9 траўня 2022

Сёлетняе сьвяткаваньне Дня Перамогі ў Расеі і Беларусі мела асаблівы характар. Яно адбывалася на выразным тле вайны ва Ўкраіне, якую вядзе Расея пры саўдзеле Беларусі.

Сьцісла:

  • Ідэя перамогі ў мінулай вайне стала ідэалягічным абгрунтаваньнем імпэрскага рэваншу і апраўданьнем дыктатуры.
  • Пуцін не зрабіў знакавых заяваў, бо ў яго няма стратэгіі вайны з Украінай.
  • Прамова Лукашэнкі 9 траўня стала ягоным самым антызаходнім і антыўкраінскім сьпічам за ўвесь час кіраваньня.
  • Лукашэнка зразумеў, што ягоныя спробы навесьці нейкія масты з Захадам праваліліся.
  • Лукашэнка цяпер ня побач з народам, а над народам.

Як выкарыстоўваецца сьвята 9 траўня

У Расеі ідэя Перамогі ў мінулай вайне стала ідэалягічным абгрунтаваньнем імпэрскага рэваншу за распад СССР, канфлікту з Захадам, цяперашняй агрэсіі супраць украінскага народу.

У Беларусі Лукашэнка выкарыстоўвае вобраз пераможцы над фашызмам для апраўданьня дыктатуры. Робіцца спроба атаясаміць усю беларускую пратэставую супольнасьць з нацыстамі. Маўляў, калябаранты выкарыстоўвалі бел-чырвона-белы сьцяг, пратэстоўцы ў 2020 годзе яго таксама выкарыстоўвалі, значыць, усе, хто выступае супраць Лукашэнкі, — гэта нашчадкі фашыстаў, а ўлада — нашчадак тых, хто перамог у той вайне.

Таму было відавочна, што беларускі і расейскі кіраўнікі паспрабуюць выкарыстаць Дзень Перамогі 9 траўня, каб зьвязаць дзьве вайны, паказаць цяперашнюю агрэсію супраць Украіны як працяг вайны з фашызмам. Так і атрымалася.

З выступаў Пуціна і Лукашэнкі складаецца сюррэалістычная карціна, што Расея і Беларусь супрацьстаяць «сусьветнаму нацызму».

Выступ Пуціна

У Расеі вайсковыя парады прайшлі ў 28 гарадах. Аднак ніхто з замежных лідэраў не наведаў Маскву. Нават Лукашэнка не прыехаў.

Усе чакалі, што Пуцін выкарыстае гэтае сакральнае для Расеі сьвята, каб выступіць зь нейкімі знакавымі заявамі. Ці то афіцыйна абвесьціць вайну Ўкраіне, абвесьціць мабілізацыю. Ці канкрэтызуе мэты «спэцапэрацыі» ва Ўкраіне. Ці абвесьціць пра перамогу.

Але нічога знакавага не прагучала. Вайна ва Ўкраіне для Крамля ідзе так няўдала, што нават пра нейкую прамежкавую перамогу гаварыць не выпадае. Не ўдалося да 9 траўня захапіць Данецкую і Луганскую вобласьці. Нават Марыюпаль працягвае змагацца (8 траўня ягоныя абаронцы далі прэс-канфэрэнцыю ў жывым эфіры). Не абвешчана ніякіх новых плянаў, стратэгій, бо, мяркуючы па ўсім, іх проста няма. Нічога ўцямнага, каб пераламаць сытуацыю, Пуцін прапанаваць ня можа. Наадварот, ён быў вымушаны прызнаць, няхай ускосна, вялікія страты, якія нясе расейскае войска.

Хіба што яшчэ зьвярнула на сябе ўвагу фраза Пуціна, што войска Расеі ваюе на «сваёй зямлі». То бок, ва ўяўленьні Крамля, ніякай Украіны не існуе, украінская тэрыторыя — гэта руская зямля.

Жорсткая антызаходняя рыторыка

Калі гаварыць пра выступ Лукашэнкі, то гэтым разам ён, здаецца, пераўзышоў сам сябе. Прамова 9 мая стала ягоным самым антызаходнім і антыўкраінскім сьпічам за ўвесь час кіраваньня.

Нагадаю, што тыдзень таму ў інтэрвію Associated Press Лукашэнка спрабаваў стварыць вобраз голуба міру, шмат гаварыў пра мір, неабходнасьць спыніць вайну.

Выступ Лукашэнкі 9 траўня, наадварот, быў прасякнуты надзвычай жорсткай антызаходняй рыторыкай. Быў выкарыстаны дзіўны прыём — зварот да народаў Захаду цераз галаву іх урадаў. Маўляў, вас падманваюць, а я раскажу вам праўду. Гэта спроба рэанімаваць мэтады савецкай палітыкі. СССР заклікаў працоўных капіталістычных краін уздымацца на клясавую барацьбу супраць прыгнятальнікаў. Прыём дзіўны таму, што лукашэнкаўскія ідэалягемы абсалютна не працуюць па-за межамі Беларусі і Расеі.

Ніколі раней Лукашэнка не выкарыстоўваў такой агрэсіўнай антыўкраінскай рыторыкі. Ён заявіў, што фашысты захапілі ўладу ва Ўкраіне, «зрабілі нацызм дзяржаўнай ідэалёгіяй», «нацбаты нішчаць свой народ па этнічнай прыкмеце». Самыя адыёзныя наратывы расейскай прапаганды цяпер гучаць з вуснаў Лукашэнкі.

Як заўсёды, Лукашэнка быў супярэчлівы, выказваў супрацьлеглыя, узаемавыключныя думкі. Спачатку ён сказаў, што «на беларусаў, расіян, якія зноў вядуць барацьбу з гэтым сусьветным злом, глядзяць мільярды людзей». А пасьля дадаў, што супраць Беларусі і РФ аб’ядналіся пяцьдзясят краін, а мы засталіся ўдвух, «апошняя апора нашай цывілізацыі». То бок прызнаў, што Менск і Масква апынуліся ў глухой міжнароднай ізаляцыі. Дык а дзе ж тыя мільярды, якія глядзяць з надзеяй на Лукашэнку і Пуціна?

Праваліліся спробы навесьці масты з Захадам

Адкуль раптам такая агрэсія, непрыхаваная злосьць? Падаецца, ён зразумеў, што ягоныя спробы навесьці нейкія масты з Захадам праваліліся. Там ня хочуць яго чуць. У прыватнасьці, экспэрты тлумачаць ягоную экспрэсію тым, што гэта стала рэакцыяй на заяву саміту «вялікай сямёркі» (G7), у якой гаворыцца: «Мы прыкладзем усе намаганьні, каб прыцягнуць прэзыдэнта Пуціна, а таксама арганізатараў і памагатых гэтай агрэсіі, у тым ліку рэжым Лукашэнкі ў Беларусі, да адказнасьці за іх дзеяньні ў адпаведнасьці зь міжнародным правам».

Лукашэнка абурыўся тым, што на сьвяткаваньні не прыйшлі заходнія амбасадары. Маўляў, у Хатынь прыяжджалі, а цяпер на плошчу Перамогі не прыйшлі. Рэч у тым, што паездка ў Хатынь мінулым годам была да вайны ва Ўкраіне. А саўдзел у агрэсіі радыкальна ўсё зьмяніў.

Акрамя таго, плынь абвінавачаньняў супраць Захаду — гэта спроба апраўдацца за той сацыяльна-эканамічны стан, у якім апынулася Беларусь пасьля ўвядзеньня санкцый, перавесьці стрэлкі на вонкавых ворагаў, якія нібыта імкнуцца загнаць славян у рабства.

Над народам

Зьвярнула на сябе ўвагу тое, што гэтым разам, адрозна ад мінулых гадоў, на шэсьці была вялікая колькасьць людзей. Гэта ўсё яшчэ імкненьне кампэнсаваць траўму 2020 году, калі на вуліцах і плошчах стаялі сотні тысяч, які крычалі «Сыходзь!». Ён спрабуе даказаць, што вось цяпер тысячы людзей выходзяць у ягоную падтрымку.

І яшчэ. Лукашэнка ня ўдзельнічаў у шэсьці, як тое ён рабіў раней. Цяпер ён ня побач з народам, а над народам. Ён цяпер узьняўся на ўмоўную трыбуну Маўзалея і глядзіць зьверху, як яго вітаюць. Да помніка Перамогі ішоў сам Лукашэнка, потым тры ягоныя сыны. І толькі затым іншыя дзяржаўныя кіраўнікі. Усе павінны бачыць гэтую дыстанцыю і добра яе разумець. «Сталінскім» судовым прысудам палітычным апанэнтам, «сталінскаму» заканадаўству (сьмяротнае пакараньне за апазыцыйную дзейнасьць, прыроўненую да тэрарызму) абавязкова павінен спадарожнічаць і сталінскі «культ асобы». Усё набывае закончаны сэнс і гармонію: рэжым асабістай улады дасягнуў сваёй лягічнай мэты.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG