«Дзень Перамогі — гэта дзень памяці аб заканчэньні зьверстваў Другой сусьветнай вайны і сьвяткаваньні міру, які наступіў. Мір ва Ўкраіне зьяўляецца прадвесьнікам міру ў Беларусі. Апытаньні паказваюць: больш за 90% беларусаў выступаюць супраць непасрэднага ўдзелу сваёй краіны ў вайне, а 67% — супраць расейскага абстрэлу Ўкраіны зь Беларусі.
Не памыляйцеся: Пуцін напаў пры саўдзеле Лукашэнкі. Пэнтагон пацьвердзіў, што з 24 лютага ва Ўкраіну было запушчана шмат ракет зь Беларусi. Лукашэнка ўжо ўцягнуў Беларусь у неапраўданую вайну Расеі. Сёньняшнія сьвяткаваньні перамогі азмрочаныя ганьбай рэжыму», — напісана ў заяве амэрыканскай амбасады.
На пачатку 2022 году амбасада ЗША ў Менску афіцыйна прыпыніла сваю дзейнасьць да далейшага апавяшчэньня, над ёй зьнялі нацыянальны сьцяг. Гэта адбылося пасьля ўвядзеньня амэрыканскіх санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня і адказу з дыпляматычнымі абмежаваньнямі для амбасады ЗША.
Грамадзяне ЗША ў Беларусі, якія маюць патрэбу ў дапамозе, могуць патэлефанаваць у Дзяржаўны дэпартамэнт на нумар 1-606-260-4379 з-за межаў Злучаных Штатаў або зьвязацца праз электронную пошту MinskConsular@state.gov. Для запытаў са Злучаных Штатаў яны павінны патэлефанаваць на нумар 1-833-741-2777.
Яшчэ да прыпыненьня дзейнасьці амбасада ў Менску аказвала толькі абмежаваныя консульскія паслугі. У выніку крытычнага дэфіцыту кадраў з прычыны прымусовага скарачэньня беларускімі ўладамі колькасьці супрацоўнікаў амбасады ЗША ў Менску консульскі аддзел раней прыпыніў усе візавыя і іншыя паслугі, акрамя экстраных паслуг для амэрыканскіх грамадзянаў. Затым праца цалкам спынілася.