Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я не магу жыць дружна з чалавекам, які творыць зло». Вялікае інтэрвію з пастарам-палітуцекачом Тарасам Цялькоўскім


Тарас Цялькоўскі
Тарас Цялькоўскі

Палітычны ўцякач Тарас Цялькоўскі, які выйграў забег да Дня Канстытуцыі ў Польшчы, расказвае, чаму замест спартовай кар’еры выбраў служэньне Богу і стаў пратэстанцкім пастарам, зь якой прычыны пакінуў краіну, чаму нянавісьць і гнеў — не грахі, і хто стане маральным лідэрам у новай Беларусі.

Пастар эвангельскай царквы Тарас Цялькоўскі ў юнацтве быў чальцом зборнай Беларусі ў лёгкай атлетыцы. Стаў вядомым у 2017 годзе, калі за пяць дзён прабег 500 кілямэтраў да 500-годзьдзя беларускага друку. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў вымушаны быў зь сям’ёй выехаць зь Беларусі і стаць палітычным уцекачом. Працягвае займацца бегам і ў Польшчы.

— Колькі часу вы ўжо займаецеся бегам? І ці ўсе забегі нечаму прысьвячаеце?

— Бегам сур’ёзна займаюся ўжо каля 20 гадоў. Тыдзень таму прабег паўнавартасны маратон (42 км 195 м. — РС) у Лодзі. Прыбег чацьвёртым, наперадзе былі два палякі і кеніец. Я вырашыў, што калі ўдасца штосьці зарабіць, я перадам усе сродкі бацькам, якія страцілі падчас вайны ва Ўкраіне дзяцей. Сваім дзецям таксама апавядаю гісторыі пра загінулых дзетак. За 4-е месца атрымаў 3 тысячы злотых і перадаў бацькам, каб паказаць, што мы памятаем іхных дзетак, мы спачуваем іхнаму гору, бо яны страцілі самае дарагое ў жыцьці.

Я не зусім быў упэўнены ў сваёй спартовай форме, ня быў гатовы да новага забегу ў Дзень Канстытуцыі, бо не да канца аднавіўся за 9 дзён пасьля маратону ў Лодзі. Таму я бег у групе і не хацеў адразу адрывацца, хацеў зразумець, як маё цела функцыянуе. Але, як выявілася, у мяне яшчэ шмат пораху ў парахаўніцах. Абагнаў некалькіх палякаў, адчуваў сябе добра, цела выдатна працавала. Прыбег першым.

Тарас Цялькоўскі
Тарас Цялькоўскі

«Я вельмі спачуваю Ўкраіне і перажываю за ўкраінскі народ. Іхны боль — гэта мой боль»

— Пасьля перамогі ў забегу да Дня Канстытуцыі вы напісалі ў Instagram: «Прысьвячаю сваю маленькую перамогу народам Беларусі і Ўкраіны, якія мужна процістаяць крывавым дыктатарам»...

— Чаму я прысьвяціў забег у Дзень Канстытуцыі беларускаму і ўкраінскаму народу? Таму што ўва мне цячэ беларуская кроў, украінская кроў, крыху польскай, крыху расейскай — аднак больш усё ж беларускай і ўкраінскай. Я вельмі спачуваю ўкраінскаму народу і перажываю за яго. Іхны боль — гэта мой боль. У мяне вельмі шмат сяброў жыве ва Ўкраіне. І тут, у Польшчы, мы як валянтэры пастаянна дапамагаем украінскім уцекачам. Я бачу бясконцую колькасьць болю і пакутаў, якія два звар’яцелыя дыктатары абрынулі на нашы народы. Хрысьціянскі сьвятар павінен быць зь людзьмі, якія пакутуюць. Калі не атрымліваецца рэальна ўзвысіць голас, я выкарыстоўваю магчымасьць дапамагаць людзям, суперажываць, спачуваць і ўстаўляць палкі ў колы рэжымаў — усё, што я магу.

Тарас Цялькоўскі
Тарас Цялькоўскі

«Нельга вінаваціць краіну і народ, якія знаходзяцца пад акупацыяй»

— Ці адчулі вы зьмену настрояў з боку ўкраінцаў, палякаў да беларусаў пасьля таго, як Беларусь дазволіла скарыстаць сваю тэрыторыю для запуску ракет у бок Украіны?

— У мяне асабіста такіх выпадкаў не было, каб я адчуў нейкую агрэсію ці непрыязнае стаўленьне. Калі мы дапамагалі ўкраінцам як валянтэры, мы не падкрэсьлівалі, што мы беларусы. Калі ў нас пыталіся, адкуль мы, маўляў, «вы такой чыстай расейскай мовай размаўляеце», адказвалі, што зь Беларусі.

Але разам з тым я заўважыў, што салідарнасьць, якая была зь беларусамі ў 2020 годзе, аказалася таннай, скажам так. Яна адчувалася да нейкага першага крызісу. А потым нас пачалі вінаваціць у тым, чаго мы не рабілі. Гэта прыкладна так, як абвінавачваць, напэўна, палякаў падчас Другой усясьветнай вайны ў тым, што іхная тэрыторыя стала пляцдармам для немцаў для нападу на Савецкі Саюз. Гэта абсурд.

Тарас Цялькоўскі
Тарас Цялькоўскі

Нельга вінаваціць краіну і народ, якія знаходзяцца пад акупацыяй. Таму я ўсім іншаземцам, у тым ліку ўкраінцам і палякам, кажу: «Хлопцы, Беларусь — краіна пад акупацыяй. Вы ня можаце абвінавачваць беларусаў, грамадзянскую супольнасьць, якая зьнішчаная, у тым, што яны саўдзельнікі ў злачынствах. Вы ведаеце, што ў 2020 годзе людзі супрацьстаялі рэжыму ўсімі рэсурсамі, якія ў іх былі». Так, я чуў, як мае сябры траплялі пад эмацыйнае стаўленьне ўкраінцаў, якія толькі-толькі выехалі з гарачых пунктаў. Я мяркую, што гэтыя людзі былі ў стане эмацыйнай і псыхалягічнай агоніі, і я іх за гэта не асуджаю. Мне здаецца, што праз два месяцы пасьля пачатку вайны боль ва ўкраінцаў крыху прытупіўся. Але я думаю, што ўкраінцы ня маюць права на такія жорсткія меркаваньні.

Тым больш калі ў 2020 годзе падчас прэзыдэнцкіх выбараў у беларусаў скралі галасы, заходнія краіны ўвялі санкцыі, Украіна, як бы гэта сумна ні было, стала «абходным каналам», афшорнай зонай для беларускіх кампаній: эканамічныя паказчыкі вырасьлі, бо санкцыі ня дзейнічалі.

«У дзіцячым садку ў мяне была мянушка «прапаведнік»

— Вы сур’ёзна займаліся спортам, паступілі ва Ўнівэрсытэт фізычнай культуры. Вам прарочылі добрую спартовую будучыню. І раптам вы пайшлі ў сьвятары, сталі пратэстанцкім пастарам. Чаму?

— Не паверыце — у мяне зь дзяцінства была нейкая рэлігійная сьвядомасьць. Хаця ў маёй сям’і не было ніводнага чалавека, набліжанага да царквы альбо хто б цікавіўся духоўна-хрысьціянскімі рэчамі. Нават у дзіцячым садку ў мяне была мянушка «прапаведнік», бо я дзецям нешта расказваў пра Бога.

Чаму я аддаў перавагу хрысьціянскаму пакліканьню, а ня спорту, цяжка сказаць. Магчыма, прычынай таму стаў мой бацька. Ён вельмі цікавая асоба. Палкоўнік, ваяваў у Афганістане, мае некалькі вышэйшых адукацый, ён быў дэпутатам Менскага гарсавету на пачатку 1990-х, сябрам фракцыі «Дэмакратычная плынь», ачольваў камісію правоў чалавека.

Бацька — добры юрыст, добры спартовец, як той казаў, да чаго ён ні дакранаўся, усё ператваралася ў золата. Пасьля развалу Савецкага Саюзу ён шмат дзе сябе спрабаваў: у юрыспрудэнцыі, у бізнэсе, але ўрэшце пачаў шмат піць.

Я аднойчы запытаўся ў свайго бацькі: «У цябе ў тваім жыцьці было ўсё, пра што многія толькі мараць — статус, кар’ера, адукацыя, сям’я, дзеці нармальныя». А ён адказаў, што нічога ў жыцьці не прынесла яму задавальненьня. І алькаголь стаў добрымі ўцёкамі ад рэчаіснасьці. Для мяне гэта быў пераломны момант, экзыстэнцыяльная размова, якая перавярнула маю сьвядомасьць. Мой бацька ганяўся за шчасьцем, шмат чаго паспытаў: вайну, спорт, адукацыю, палітыку, у яго быў статус — і ён ва ўсім расчараваўся.

Тарас Цялькоўскі
Тарас Цялькоўскі

Я тады сур’ёзна займаўся спортам, ужо пачаў нядрэнна бегаць, трапіў у зборную Беларусі, выйграў некалькі чэмпіянатаў. Не сказаў бы, што прыйшло расчараваньне ў спорце. Але адчуваў, што ёсьць штосьці больш значнае. І проста маліўся: «Бог, калі ты ёсьць, я хачу ведаць, які ты ёсьць сапраўды, а не якім я цябе ўяўляю». І трапіў у пратэстанцкую царкву, упершыню ў жыцьці пачуў зразумелую пропаведзь, бо дагэтуль я чуў штосьці не зусім уцямнае.

Прапаведнік прачытаў біблейскі тэкст, патлумачыў, хто такі Хрыстос, навошта ён прыйшоў, чаму ён памёр на крыжы і што гэта азначае. І гэта быў вынік маіх доўгіх пошукаў адказаў на пытаньні. Я зразумеў тады, што не хачу прысьвяціць сваё жыцьцё таму, каб людзі захапляліся мной, як гэта было на стадыёне, калі я выйграваў спаборніцтвы: маўляў, паглядзіце, які я клясны, які я хуткі! Я зразумеў, што адказы на экзыстэнцыйныя пошукі людзей знаходзяцца ў іншай асобе, якая так прываблівае, — у асобе Хрыста. Для мяне вялікая частка нашых праблем палягае ў тым, што мы яго ня ставім ні ў што, жывём, як маленькія павучкі, у гэтым сьвеце, стварылі свае сыстэмы правасудзьдзя, любові, і гэтыя сыстэмы здольныя толькі прыгнятаць адзін аднаго, а не ствараць прастору жыцьця. Таму я вырашыў прысьвяціць сваё жыцьцё служэньню яму — Богу.

«Мяне затрымлівалі, судзілі, штрафавалі, выклікалі на допыты, зрабілі сьведкам у крымінальнай справе»

— Вы пасьля БДУФК вучыліся ў прэстыжным Middlesex University ў Лёндане, у вас была магчымасьць там застацца, але вы вярнуліся ў Беларусь і давучваліся ўжо экстэрнам, езьдзячы ў Лёндан на сэсіі. У Беларусі ў вас было ўсё: уладкаваная сям’я, любая праца. Што стала апошняй кропляй, чаму паехалі з краіны?

— У 2020 годзе ў мяне ўзламалі ўсе сацыяльныя сеткі, дзе я шмат выказваў сваю грамадзянскую пазыцыю. Мяне затрымлівалі, судзілі, штрафавалі. Мяне выклікалі на допыт, зрабілі сьведкам у крымінальнай справе. Да таго ж я выхадзец з «палітычнай» сям’і. Мой бацька быў дэпутатам, у камісіі правоў чалавека, ён быў такі «антысыстэмны» мужык. Ня ведаю, ці ёсьць у нашых чэкістаў «старыя» віды на майго бацьку, але я трапіў у зону іхных інтарэсаў.

Выклікалі яшчэ раз прыйсьці, але я ўжо не пайшоў на чарговы допыт. Таму што ў мяне трое дзяцей, шчыра прызнаюся (і мне сорамна за гэта), адчуваў, што мая псыхіка не вытрымлівае, не хацелася апынуцца ў турме. Мне было вельмі цяжка прыняць рашэньне, бо тут застаецца шмат дарагіх мне людзей і справа, якой я займаўся. Гэта сапраўды быў вялікі боль, які дагэтуль мяне грызе.

Тарас Цялькоўскі зь сям'ёй
Тарас Цялькоўскі зь сям'ёй

«Людзі, якія абслугоўваюць сёньня сыстэму, нагадваюць мне дэмэнтараў з кнігі пра Гары Потэра»

— Сытуацыя ў Беларусі пагаршаецца, рэпрэсіі ўзмацняюцца. Ці дасягнулі дна, ці можа быць яшчэ горш?

— Можа быць яшчэ горш. Таму што зло заўсёды паразытуе на дабры. Мне падаецца, што ў беларускага грамадзтва яшчэ шмат добрага ёсьць, таму і ў зла ёсьць шмат прасторы для таго, каб паразытаваць, прыгнятаць.

Людзі, якія абслугоўваюць зараз сыстэму, нагадваюць мне мітычных пэрсанажаў з кнігі Джоан Роўлінг пра Гары Потэра — дэмэнтараў, якія падлятаюць, цалуюць і высмоктваюць жыцьцё зь людзей. І пакуль жыцьцё ў Беларусі ёсьць, і ў нас рэжым дэмэнтараў, — мяркую, ёсьць яшчэ куды пАдаць.

— У Беларусі, мякка кажучы, шмат хто ня любіць уладу, а сілавікоў нават ненавідзяць. З пункту гледжаньня маралі, хрысьціянства: нянавісьць — гэта грэх?

— Ёсьць іншы багаслоўскі тэрмін — гнеў. Рэлігія не забараняе гнеў, не забараняе людзям гневацца. Я б нават сказаў, што ў некаторых выпадках рэлігія ўхваляе гнеў. Павал, напрыклад, кажа: «Гневаючыся, мы не саграшаем». Мы можам гневацца, і ў гэтым няма ніякага граху.

Бог у Бібліі гневаецца на грэх, ён гневаецца на зло, ён гневаецца, калі людзі паводзяць сябе як багі і маюць права распараджацца жыцьцём і будучыняй іншых людзей. Адзіны, хто мае права на людзей, — гэта Бог. А Бог дае людзям жыцьцё, свабоду, праяўляе міласэрнасьць.

Таму, калі людзі гневаюцца на дзеяньні рэжыму, гэта нармальна. Я б сказаў: трэба больш гневацца. Людзі маюць усе правы гневацца.

Тарас Цялькоўскі
Тарас Цялькоўскі

Я б, як хрысьціянскі служыцель, не заклікаў да нейкага інфантыльнага пацыфізму: «Мір, дружба, жуйка» ці да філязофіі ката Леапольда «Давайце жыць дружна».

Я не магу жыць дружна з чалавекам, які творыць зло, які прыгнятае бліжняга, празь якога мой бліжні плача, яго сям’я падзеленая на часткі, я не магу зь ім сябраваць. І мой гнеў, разам з гэтым, — гэта форма любові.

Калі мы гневаемся? Калі хтосьці атакуе тое, што мы любім. Мы любім нашых бліжніх, мы любім свабоду, мы любім нашу краіну, мы любім жыцьцё. І мы гневаемся, калі хтосьці пачынае атакаваць аб’ект нашай любові. Таму гэты гнеў вельмі апраўданы, вельмі справядлівы.

«Нацыя нянавісьці — гэта самае жахлівае, што можа быць»

— І тым ня менш у беларусах ужо шмат нянавісьці. Да сілавікоў, да ўладаў, да высокіх чыноўнікаў, які ня сьмеюць запярэчыць, якія на Ўсебеларускіх сходах пляскаюць у далоні, а на нарадах ківаюць і з усім пагаджаюцца.

— На тварах людзей, якія знаходзяцца ва ўладзе, таксама можна прачытаць прыгнечанасьць. Яны прыніжаныя, пасаромленыя, і яны дазволілі сябе апаганіць. Чалавечнасьць разбураецца ў іх саміх. Яны разумеюць, што іх выкарыстоўваюць у якасьці машыны для прыгнёту, разбурэньня іншых людзей, машыны, якая нішчыць увесь творчы патэнцыял, чалавечы капітал, які ёсьць у краіне.

Але тое, чым яны займаюцца, прыгнятае іх саміх. Я ня веру, што хтосьці зь іх шчасьлівы чалавек. Баяцца свайго народу, бегаць ад свайго народу, саджаць у турмы свой народ, шукаць новыя спосабы прыгнёту свайго народу, будаваць жыцьцё на хлусьні і тупым прапагандысцкім падмане... Так, іх ненавідзяць.

Разам з тым на нянавісьці нельга пабудаваць жыцьцё, нельга захаваць здаровае грамадзтва. У будучыні, канечне, нам неабходная будзе здаровая люстрацыя. Калі будзе шмат пакаяньняў з боку сілавікоў, чыноўнікаў (а я спадзяюся, што гэта адбудзецца), нам трэба думаць, як рэабілітаваць людзей, як мы будзем зь імі жыць і будаваць грамадзтва заўтра.

Тарас Цялькоўскі і Ніна Багінская
Тарас Цялькоўскі і Ніна Багінская

Я перакананы на 100%, што павінна быць люстрацыя. Гэтыя людзі будуць жыць з намі побач у суседніх кватэрах, і мы ня можам будаваць жыцьцё і адносіны на нянавісьці.

Звычайна інтэграцыя адбываецца празь цяжкі ланцужок пакаяньняў, калі яны асэнсоўваюць, што рабілі зло, просяць прабачэньня, замірэньня і аднаўленьня. Гэта балючы працэс, аднак часьцяком такі працэс стварае сапраўдную нацыю. Нацыя нянавісьці — гэта самае жахлівае, што можа быць.

«Маральныя лідэры могуць зьявіцца цалкам нечакана»

— Частка людзей вымушана была зьехаць зь Беларусі, частка ў турмах, частка так запалоханая, што цяпер сядзіць моўчкі. З кім будаваць гэтае новае жыцьцё, новую Беларусь? Дзе шукаць лідэраў, як прыцягваць?

— Так, у будучым нам патрэбныя ня толькі палітыкі. Для нашай краіны патрэбны маральныя лідэры. І, я не пабаюся гэта сказаць, — і рэлігійныя лідэры. Якія павінны паказаць грамадзтву, што ёсьць больш высокія прынцыпы, на падставе якіх мы можам будаваць новае жыцьцё.

Маральныя лідэры цяпер у турме. Яны гатовыя былі ня толькі ўзвысіць свой голас за ісьціну, але і пацярпець за праўду. Мы памятаем іх імёны. Я лічу іх лідэрамі будучыні. Не абавязкова ўсе яны будуць палітыкамі, яны могуць стаць голасам сумленьня, сыстэмай процівагі ўладзе.

Дарэчы, такія людзі могуць зьявіцца абсалютна нечакана. Так у гісторыі часта і здараецца — клясны прыклад са Сьвятланай Ціханоўскай. Я называю гэта цудоўным паваротам гісторыі. Ёсьць людзі, на якіх мы разьлічваем: «Вось менавіта гэты чалавек будзе нашым голасам, лідэрам». А зьяўляецца зусім іншая асоба, якой ніхто ня ведаў. «Як, жанчына становіцца лідэрам краіны? І вакол яе яшчэ аб’яднаюцца сотні тысяч, мільёны? Не, ня можа быць!» Аднак гэта здарылася.

Тарас Цялькоўскі
Тарас Цялькоўскі

У Бібліі ёсьць цікавая гісторыя, калі Бог накіроўвае прарока Самуіла ў сям’ю Ясея, каб ён памазаў аднаго зь ягоных сыноў на царства ў Ізраілі. Прарок прыходзіць, там такія відныя, статныя сыны. Пытаецца, ці ёсьць у Ясея яшчэ сын. Бацька кажа: «Яшчэ адзін ёсьць, але ён пастушок, пасьвіць авечкі і зусім не падыходзіць, няма сэнсу яго клікаць». Аднак менавіта яго Бог выбірае — гэтага Давіда, які напісаў самую вялікую кнігу псальмаў Старога Запавету.

Даволі часта так адбываецца ў гісторыі: узьнікаюць нечаканыя асобы, якія становяцца маральнымі лідэрамі, сумленьнем і голасам нацыі. Я думаю, што такіх людзей шмат, але мы проста пра многіх ня ведаем.

«Я быў бы шчасьлівы, каб штосьці зьмянілася цягам 1–2 гадоў»

— Ці спадзеяцеся вы, што хутка зможаце вярнуцца ў Беларусь?

— Спадзяюся. Усе ж рэжымы абрынаюцца. У гэтым няма няма ніякіх сумневаў. Нават час працуе супраць такіх рэжымаў, ня кажучы ўжо пра эканоміку, пра грамадзянскую супольнасьць. Плюс я яшчэ веру ў Бога, які ўсёмагутны. І я ня веру, што ён на баку прыгнятальніка, які абрынае на нас шмат пакутаў.

Таму я спадзяюся, што зьмены адбудуцца. Калі гэта будзе — я перастаў рабіць прагнозы. Мы хочам вярнуцца. Мы адданыя Беларусі, беларускаму народу, і мы хацелі б удзельнічаць у аднаўленьні нашай краіны. Я быў бы шчасьлівы, каб у Беларусі штосьці зьмянілася цягам 1–2 гадоў.

Тарас Цялькоўскі
Тарас Цялькоўскі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG