Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскага дэзэртыра Чэчку пахавалі ў Вілейскім раёне на могілках польскіх салдатаў, якія загінулі ў вайне з бальшавікамі


Эміль Чэчка, архіўнае фота
Эміль Чэчка, архіўнае фота

Пахаваньне Эміля Чэчка прайшло 5 траўня на вайсковых могілках у мястэчку Даўгінава Вілейскага раёну, побач з магіламі польскіх вайскоцаў, якія загінулі ў вайне з бальшавікамі ў 1919–1921 гадоў.

Прадстаўнікоў Польшчы на пахаваньні Эміля Чэчкі не было, як і ягоных сваякоў.

Цела паляка 1,5 месяца знаходзілася ў моргу. У праўладным праваабарончым цэнтры «Сыстэмная праваабарона» патлумачылі, што цела Эміля Чэчкі ў Польшчу не перадавалі: родныя ня выйшлі на сувязь, а польскае пасольства нібыта адмовілася ўзаемадзейнічаць. Пахаваньне арганізавала «Сыстэмная праваабарона».

25-гадовы Чэчка, які ўцёк у Беларусь 16 сьнежня, сьцьвярджаў, што нібыта на мяжы забілі сотні мігрантаў, а ў некаторых забойствах ён браў удзел асабіста. Гэтыя словы ў выніку не былі пацьверджаныя ніякімі доказамі. 21 сьнежня 2021 году Элізабэт Тросэл, афіцыйная прадстаўніца Офісу Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, заявіла, што ААН ня мае зьвестак пра «масавыя пахаваньні мігрантаў» на мяжы Польшчы і Беларусі.

Апошні раз у публічнай прасторы Чэчку бачылі 16 сакавіка ў відэа, у якім ён заявіў, што за Ўкраіну ваююць «польскія фашысты». Сярод іншага ён сказаў пра размову з псыхолягам. У кадры таксама зьявіўся Дзьмітры Белякоў — кіраўнік створанага ўладамі пасьля разгрому праваабарончых арганізацый цэнтру «Сыстэмная праваабарона».

Тады Белякоў паведаміў, што Чэчка атрымаў пасьведчаньне аб рэгістрацыі хадайніцтва аб наданьні статусу ўцекача і атрыманьні дадатковай абароны тэрмінам на паўгода. Белякоў сказаў таксама, што Чэчка «актыўна сябе знаходзіць у звычайным беларускім цывільным жыцьці».

На наступны дзень Чэчку знайшлі павешаным па месцы пражываньня ў Менску пры нявысьветленых абставінах. Сьледчы камітэт тады абяцаў правесьці расьсьледаваньне, аднак за наступныя тыдні не было ніякіх паведамленьняў пра хаду сьледзтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG