«Гэта быў цудоўны, добры чалавек. Шчыры патрыёт сваёй краіны. Ён верыў, што ў Беларусі будзе свабода і дэмакратыя. На жаль, не дачакаўся», — кажа спадар Ландсбергіс.
Пра сваю першую сустрэчу з Шушкевічам літоўскі палітык успамінае так:
«Гэта было дзесьці ў 1990-м ці 1991 годзе. У Літве ўжо тады быў свабодна выбраны парлямэнт, дзе мы прынялі рашэньне аб незалежнасьці. Гарбачоўскія ўлады не прызнавалі гэтага рашэньня, прымалі розныя меры, блякады, запалохваньні. У студзені 1991 году пайшлі ўзброеныя сілы, якія забівалі людзей.
Беларусь на той час была несвабоднай, пад камуністычным панаваньнем. Яна ня мела ўласнай палітыкі, а паўтарала тое, што гаварылі з Масквы. Здаецца, тады кіраўніком парлямэнту быў Мікалай Дземянцей, мы кантактавалі зь ім як з прадстаўніком Гарбачова. Таксама былі кантакты зь Беларускім Народным Фронтам і яго кіраўніком Зянонам Пазьняком.
Калі СССР пачаў разбурацца, то ў нас пачаліся кантакты і з Станіславам Шушкевічам як з кіраўніком Вярхоўнага Савету. Беларусы тады таксама пайшлі на рашэньне аб незалежнасьці».
Вітаўтас Ландсбергіс кажа, што місія падпісаць разам з Барысам Ельцыным і Леанідам Краўчуком Белавескія пагадненьні аб спыненьні існаваньня СССР была для Шушкевіча адначасова ганаровай і небясьпечнай.
«Нам працавалася з Станіславам Шушкевічам вельмі добра. Мы падпісалі ў тых самых Віскулях літоўска-беларускую дэклярацыю аб міждзяржаўных адносінах. Я прыяжджаў да яго ў Беларусь, ён да мяне ў Вільню. У нас былі вельмі добрыя, сяброўскія стасункі. І адносіны між краінамі адразу сталі на правільны шлях. Лукашэнка — гэта ўжо зусім іншы сьвет. Прыход яго да ўлады стаў пераваротам у Беларусі, ён разагнаў парлямэнт і рабіў, што хацеў. Беларусь пачала зноў усё рабіць пад дыктоўку Крамля», — успамінае колішні старшыня літоўскага Сэйму.
Цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў сустрэчы Ландсбергіса і Шушкевіча праходзілі ў рамках мерапрыемстваў з удзелам былых кіраўнікоў дзяржаваў Балта-Чарнаморскага рэгіёну.
«Сустракаліся з Шушкевічам то ў Кіеве, то ў Вільні. Ініцыятарам такіх сустрэч быў Генадзь Бурбуліс, ён называў гэта «радай мудрацоў». На сустрэчах быў таксама Краўчук. На такім узроўні ладзілі канфэрэнцыі. Абмяркоўвалі сытуацыю ў сьвеце, рэгіёне. Шмат гаварылі пра тое, як трэба змагацца з імпэрыялізмам, які падымаў галаву ў Маскве», — кажа Ландсбергіс.