Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Будапэшт забыўся на 1956 год, калі СССР зрабіў зь ім так, як цяпер Расея з Украінай


Вугорцы са стралковай зброяй сабраліся каля кінатэатра Corwin у Будапэшце, каб супрацьстаяць савецкаму ўмяшаньню. 5 лістапада 1956
Вугорцы са стралковай зброяй сабраліся каля кінатэатра Corwin у Будапэшце, каб супрацьстаяць савецкаму ўмяшаньню. 5 лістапада 1956

Адным з парадоксаў сусьветнай барацьбы з расейскім нэакаляніялізмам зьяўляецца пазыцыя Будапэшта, які нібыта павінен быць на перадавой супраць маскоўскай экспансіі побач з Варшавай, Прагай і Браціславай, піша ўкраінскі пісьменьнік і журналіст Аляксандар Гаўрош.

Аднак мы назіраем супрацьлеглае: Вугоршчына разам з Сэрбіяй застаюцца апошнімі сябрамі Пуціна ў Эўропе. І гэта дзіўна, таму што на працягу ўсёй гісторыі вугорцы традыцыйна былі апанэнтамі Расеі, пачынаючы з задушэньня нацыянальна-вызваленчай вайны 1848-1849 гадоў царскімі войскамі. Але найбольш памятны для цяперашніх пакаленьняў вугорцаў гераічны час супраціву 1956 году, які цяперашняя ўлада ўзьвяла ў ранг сакральнасьці.

Вугорцы вельмі ганарацца гэтай слаўнай старонкай сваёй нядаўняй гісторыі. Ня дзіва, бо гэта было першае паўстаньне ў сацыялістычным лягеры супраць панаваньня Масквы. Далей выбухнула Праская вясна 1968-га, польская «Салідарнасьць» 1980-га, распад СССР у пачатку 1990-х. Але нідзе не было такога ўпартага і крывавага супраціву Маскве, як у 1956 годзе ў Будапэшце.

Будапэшт. Спаленая савецкая ваенная тэхніка падчас Вугорскай рэвалюцыі і супраціву спробе Савецкага Саюзу задушыць паўстаньне. Фота зроблена ў пэрыяд з 23 кастрычніка па 4 лістапада 1956
Будапэшт. Спаленая савецкая ваенная тэхніка падчас Вугорскай рэвалюцыі і супраціву спробе Савецкага Саюзу задушыць паўстаньне. Фота зроблена ў пэрыяд з 23 кастрычніка па 4 лістапада 1956

Чаму ж тады вугорцы не жадаюць зразумець украінцаў, якія апынуліся ў падобнай сытуацыі ці нават значна горшай, бо абараняюцца супраць усёй ваеннай моцы найбуйнейшай краіны сьвету, уключаючы караблі, крылатыя ракеты і шантаж хімічнай і ядзернай зброяй?

«Як мага далей ад Масквы!» па-вугорску

Менавіта такім быў адзін з галоўных лёзунгаў антысавецкага паўстаньня ў Вугоршчыне.

Вугоршчына належала да некалькіх краін гітлераўскай кааліцыі, якія панесьлі найбольшыя страты і разбурэньні. Пасьля перамогі ў 1945 г. савецкія войскі не былі цалкам выведзеныя з Вугоршчыны, а заставаліся тут асобным корпусам, які налічваў 30 тысяч салдат, згодна з палажэньнямі Варшаўскай дамовы. Гэта давала магчымасьць кантраляваць палітычную сытуацыю ў краіне.

Камуністы, якія прайшлі сталінскую школу ў Маскве ў якасьці палітэмігрантаў 1920-1940-х гадоў, за кароткі час здолелі цалкам захапіць уладу, як гэта здарылася і ў суседніх краінах. У Вугоршчыне пачаліся нябачаныя рэпрэсіі, колькасьць ахвяр вылічалася сотнямі тысяч у невялікай краіне. Кожная трэцяя-чацьвёртая сям'я зазнала ўціск. Усё гэта і падрыхтавала настроі для паўстаньня 1956 году.

Пасьля сьмерці Сталіна, а асабліва пасьля разьвенчваньня культу крамлёўскага дыктатара на ХХ зьезьдзе КПСС у лютым 1956 году, вугорскае грамадзтва прачнулася. Яно мела свайго лідэра ў вярхах краіны, які быў апанэнтам мясцовых сталіністаў. Імрэ Надзь, які пасьпеў пабываць нават прэмʼер-міністрам краіны ў 1953–1955 гадах, быў зьняты з пасады за небясьпечны лібэралізм.

Прэм'ер-міністар Вугоршчыны Імрэ Надзь прыбыў у парлямэнт, каб выступіць перад рэвалюцыйным натоўпам, які запоўніў цэнтральную плошчу Будапэшта. Вечар 23 кастрычніка 1956
Прэм'ер-міністар Вугоршчыны Імрэ Надзь прыбыў у парлямэнт, каб выступіць перад рэвалюцыйным натоўпам, які запоўніў цэнтральную плошчу Будапэшта. Вечар 23 кастрычніка 1956

Калі 23 кастрычніка 1956 году шматтысячная дэманстрацыя ў Будапэшце зрынула васьмімэтровую статую Сталіна, сярод 14 патрабаваньняў пратэстантаў было і вяртаньне Надзя на сваю пасаду. Бачачы, што мірны пратэст перарастае ва ўзброенае паўстаньне і пачынае імгненна разгарацца па ўсёй краіне, спалоханыя ўлады згаджаюцца аддаць пасаду прэмʼер-міністру апальнаму палітыку, каб спыніць некіраваную стыхію.

Аднак гэта не атрымліваецца і ў Надзя, бо ўзброены народ было ўжо не ўтаймаваць. У Будапэшце запанавала вуліца, якая стала ствараць сваю паралельную ўладу. Партыйныя вугорскія вярхі ў такой сытуацыі сталі прасіць Маскву, каб савецкія войскі не адседжваліся ў гарнізонах, а ўмяшаліся ў сытуацыю. Іх голас быў пачуты: у Вугоршчыну праз Закарпацьце ўвайшлі некалькі дывізіяў, якія далучыліся да мясцовага асобнага корпусу.

Будапэшт. 1956 год
Будапэшт. 1956 год

Аднак у Будапэшце іх чакалі ня кветкі, а жорсткі супраціў, хоць войскі СССР і занялі ключавыя абʼекты сталіцы.

У такой двухсэнсоўнай сытуацыі Імрэ Надзь нечакана становіцца на пазыцыю паўстанцаў і просіць Маскву вывесьці войскі са сталіцы, каб супакоіць людзей. Пасьля цяжкіх кансультацыяў Крэмль згаджаецца, не жадаючы новага абвастрэньня. І, хоць танкі адышлі ўсяго на 25-30 кілямэтраў, вэнгры, усьвядоміўшы пагрозу такога «вызваленьня», запатрабавалі поўнага вываду савецкіх войскаў з краіны.

Любая рэвалюцыя ў пэўны момант пачынае разьвівацца па сваёй незваротнай лёгіцы, і Імрэ Надзю нічога не заставалася, як толькі пасьпяваць за ёй. Ён абʼявіў аб адмене аднапартыйнай сыстэмы і стварэньні кааліцыйнага ўраду з прадстаўнікоў партыяў, якія дзейнічалі адразу пасьля вайны. Спэцслужбы распускаліся. Абвясьцілі амністыю і адкрылі турмы. Дэмакратычныя зьмены абвяшчаліся ў эканоміцы. Краіна сыходзіла з рэек казарменнага сацыялізму.

І тут... СССР згадаў пра NATO

І тут ужо не магло не ўмяшацца савецкае кіраўніцтва. Амбасадар у Вугоршчыне Юры Андропаў (будучы кіраўнік КДБ, а затым і генсак КПСС) даклаў свайму начальству: «Калі савецкія войскі пакінуць Будапэшт, заўтра тут будуць ЗША і іхныя саюзьнікі».

«NATO хоча выкарыстаць тэрыторыю Вугоршчыны ў сваіх ваенных мэтах, што створыць пагрозу для СССР» – якой нязьменнай застаецца маскоўская рыторыка!

Крэмль дзейнічае па звыклай для нас схеме:

  • з вугорскіх былых сталіністаў, вывезеных у Маскву, фармуецца альтэрнатыўны самаабвешчаны ўрад (а ля Януковіч),
  • а вайскоўцы распрацоўваюць спэцапэрацыю «Віхура» (як цяпер «Вызваленьне Данбасу»).
  • Салдатам і афіцэрам патлумачылі, што яны ідуць ваяваць з вугорскімі фашыстамі. (Тут супадзеньне абсалютнае).
  • 4 лістапада ў існуючыя ў Вэнгрыі войскі былі ўведзены яшчэ дзьве цэлыя арміі. Такой навалай, якая налічвала больш за 60 тысяч асабовага складу і 1300 танкаў, распачаты штурм Будапэшту.

Ашаломлены Імрэ Надзь заяўляе аб выхадзе краіны з Варшаўскай дамовы і абвяшчае нэўтралітэт Вугоршчыны. Адразу зьвяртаецца ў ААН і да чатырох буйных краін аб забесьпячэньні нэўтралітэту Вугоршчыны. (Да чаго знаёмая тэма!).

У загадзе галоўнакамандуючага абʼяднанымі ўзброенымі сіламі краін Варшаўскай дамовы Конева адзначаецца:

«Задача савецкіх войскаў у тым, каб надаць братэрскую дапамогу вугорскаму народу… у разгроме контрарэвалюцыі і пагрозы адраджэньня фашызму».

Напярэдадні спэцапэрацыі савецкае камандаваньне запрасіла кіраўніцтва вугорскіх войскаў нібыта на размову аб вывадзе войскаў з тэрыторыі Вугоршчыны. І калі ў савецкую частку прыбылі міністар абароны, начальнік генэральнага штабу, начальнік апэратыўнага ўпраўленьня былі арыштаваныя. Вугорскае войска засталося абезгалоўленым.

Будапэшт, 1956
Будапэшт, 1956

«Братэрская дапамога і любоў»

Таму калі савецкія танкі ўварваліся ў Будапэшт, не было каму нават арганізаваць абарону, а колькасьць вугорскіх частак у сталіцы дасягала пяцідзесяці тысяч чалавек.

Большасьць гарнізонаў былі заблякаваныя і паздаваліся. Затое ўзброены народ бараніўся да апошняга, як мог. Баі працягваліся тыдзень і для задушэньня асобных ачагоў супраціву ўжывалася нават авіяцыя. Горад быў зноў разьбіты, як і ў 1945 годзе.

Савецкі танк, які быў спынены «кактэйлем Молатава». Будапэшт, 2 лістапада 1956
Савецкі танк, які быў спынены «кактэйлем Молатава». Будапэшт, 2 лістапада 1956
  • У часе паўстаньня 1956 году загінулі некалькі тысяч вэнграў і каля сяміста савецкіх салдат.
  • Дзьвесьце тысяч грамадзян Вугоршчыны ўцяклі праз аўстрыйскую мяжу ў эміграцыю.
  • Былі рэпрэсаваныя дзясяткі тысяч удзельнікаў тых падзей.
  • Больш за тысячу пакаралі сьмерцю.
  • Будучы прэзыдэнт Вугоршчыны Арпад Генц быў засуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне.
  • Імрэ Надзя, якому асабіста гарантаваў недатыкальнасьць новы правадыр Вугоршчыны Янаш Кадар, у 1958 годзе павесілі.

На трыццаць доўгіх гадоў Вугоршчына патрапіла ў шчыльныя «братэрскія» абдымкі, дзе забаранялася любая згадка пра задушаную Крамлём Вугорскую рэвалюцыю годнасьці. Савецкія войскі з Вугоршчыны былі выведзеныя толькі ў 1992 годзе.

Таму, калі цяпер Орбан абдымаецца з Пуціным, які расьпінае Ўкраіну бязьлітаснымі полчышчамі оркаў, не адзін я бянтэжуся.

Прэм'ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан (зьлева) і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Будапэшт, 28 жніўня 2017
Прэм'ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан (зьлева) і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Будапэшт, 28 жніўня 2017

Адной з прычын паражэньня вугорскага паўстаньня была адсутнасьць дапамогі звонку. За незалежнасьць Вугоршчыны ад чужога ярма ніхто не заступіўся, хаця ААН і прыняла рэзалюцыю аб традыцыйнай «глыбокай занепакоенасьці».

Чаму вугорскае сэрца сёньня такое глухое да спагады? Няўжо Будапэшт забыўся пра ахвяры 1956-га?

Аляксандар Гаўрош пісьменьнік, журналіст

Блог друкуецца зь нязначнымі скаротамі. Арыгінал можна прачытаць тут.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG