Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Кастусёва перавялі ў СІЗА КДБ, жлобінскіх палітвязьняў дапытваюць па справе за «абразьлівыя камэнтары»


Гарадзенская турма, ілюстрацыйнае фота
Гарадзенская турма, ілюстрацыйнае фота

Па стане на 1 траўня беларускія праваабаронцы афіцыйна прызналі палітычнымі зьняволенымі 1167 чалавек. Свабода працягвае сачыць за навінамі палітвязьняў.

Палітзьняволеных жлобінцаў, якія адбываюць тэрміны ў калёніях, дапытваюць у межах крымінальнай справы за абразьлівыя камэнтары

Па інфармацыі «Гомельскай Вясны», за апошні час сьледчыя ў папраўчых калёніях дапыталі ўжо трох жлобінцаў у межах крымінальнай справы за абразьлівыя камэнтары ў інтэрнэце. Супраць аднаго зь іх — Сяргея Бекарэвіча — ужо завялі новую справу, але пакуль невядома, паводле якога артыкула.

Паведамляецца, што сьледчыя прыходзілі да Дзяніса Давыдуліна і Яўгена Дамарацкага. Прычынай для допыту сталі нейкія зьняважлівыя камэнтары ў сацсетках. Давыдулін адказаў сьледчаму, што ўжо больш за год знаходзіцца ў зьняволеньні, дадому тэлефануе раз на 2 месяцы, і, знаходзячыся ў калёніі, ня мог нікога абразіць у сацсетках.

Дамарацкага дапытвалі ў якасьці сьведкі, які нібыта бачыў нейкі камэнтар у адным з тэлеграм-каналаў. Яўген адказаў, што не зьвяртае на такое ўвагу. Потым у яго запыталі, ці пісаў ён сам зьняважлівыя камэнтары адносна нейкага жлобінскага судзьдзі. Акрамя гэтага яму прапанавалі падпісаць яўку з павіннай, на што Дамарацкі даў адмоўны адказ.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за апошні год як мінімум 21 палітзьняволенага перавялі ў «крытую» турму, і супраць яшчэ 7 завялі новыя крымінальныя справы па арт. 411 КК.

Рыгора Кастусёва перавялі ў СІЗА КДБ

Стала вядома, што днямі лідара БНФ Рыгора Кастусёва перавялі зь СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску ў СІЗА КДБ.

Палітвязень у лісьце ад 25 красавіка паведаміў, што расьсьледаваньне па ягонай справе скончылася, і яго азнаёмілі з канчатковым абвінавачваньнем. Фігуранты пачалі знаёміцца з матэрыяламі справы. Хутка справу перададуць у пракуратуру.

Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка 2021 года ў Шклове. Ён разам з Аляксандрам Фядутам, юрыстам з ЗША Юрыем Зянковічам, кіраўніцай менскага офіса Зянковіча Вольгай Галубовіч і дальнабойшчыкам з Нарачы Дзянісам Краўчуком — фігурант крымінальнай справы аб «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам» (арт. 357 КК).

Магілёўскі актывіст Валадар Цурпанаў пераведзены ў гарадзенскую турму

Палітвязьню Валадару Цурпанаву зьмянілі месца зьняволеньня. З папраўчай калёніі «Віцьба-3» Віцебскага раёна Віцебскай вобласьці яго перавялі ў турму № 1, якая знаходзіцца ў Горадні, піша mogilev.media.

Пра зьмену месца зьняволеньня Цурпанава паведаміла ягоная жонка Ірына. «Мне вярнуўся мой ліст, які я адправіла яму ў калёнію. І там напісана, што адрасат выбыў у Горадню ў турму № 1. І адрас пазначаны: вуліца Кірава 1», — распавяла жонка грамадзкага актывіста, паведаміўшы, што адпраўка ліста назад датаваная 27 красавіка.

«Але я ня ведаю, ці дадалі яму тэрмін, г.зн. разглядалі па новай справе ці проста месца памянялі», — адзначыла магіляўчанка. Паводле яе, суд адбыўся 20 красавіка пад старшынствам судзьдзі Віцебскага раёну Міхаіла Зубені.

Перавод у турму, як паведаміла Ірына Цурпанава, зьвязаны з тым, што яе муж лічыцца злосным парушальнікам. «У ШІЗА ён правёў 3 месяцы, потым ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу). Ён жа ім не падпарадкоўваўся. А што за патрабаваньні яны да яго прад’яўлялі, ён ня піша. Калі б ён напісаў гэтыя патрабаваньні, то ліст не прапусьцілі б», — кажа жонка палітвязьня.

4 чэрвеня 2021 году Валадару Цурпанаву прызначылі 2 гады калёніі. Да гэтага ў сьнежні 2020 году ён быў пакараны трыма гадамі «хіміі» — абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу за нібыта абразу двух магілёўскіх судзьдзяў (арт. 391 КК РБ).

Падставай для пераводу ў калёнію сталі дысцыплінарныя спагнаньні за парушэньне ўнутранага парадку (арт. 415 КК РБ) падчас адбываньня пакараньня ў ПУАТ № 46 у Круглым. Па сутнасьці Цурпанаў быў пакараны за тое, што ляжаў і сядзеў на ложку ў несанкцыянаваны час, яго спальнае месца не было заслана належным чынам, а яго асабістыя рэчы ляжалі на прыложкавай тумбачцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG