Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На жлобінскім БМЗ работнікаў просяць браць «выходныя» з захаваньнем часткі аплаты


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Як расказалі выданьню Zerkalo.io супрацоўнікі жлобінскага БМЗ, на заводзе работнікам прапануюць у траўні пайсьці на некалькі дзён у адпачынак з захаваньнем 2\3 аплаты, а некаторых просяць і ўзяць некалькі дзён за свой кошт.

Адзін з супрацоўнікаў заводаўпраўленьня, Аляксей (усе імёны зьмененыя па просьбе суразмоўцаў), расказаў, што на Беларускім мэталюргічным заводзе работнікам у траўні прапануюць пайсьці на 7 дзён на прастой — у гэты час захаваецца 2/3 аплаты, «хоць абяцаюць заплаціць больш». І яшчэ 3 дні просяць узяць за свой кошт, хаця іх «можа, і не давядзецца браць».

«Наколькі гэта абавязкова ўвогуле і ці будзе нехта сачыць, ці ўсе ўзялі гэтыя дні, пакуль невядома. У красавіку таксама давалі па тры дні прастою. Некаторыя мае калегі бралі пару дзён на гэтым тыдні, [у канцы красавіка], і па тры на наступным, [падчас травеньскіх сьвят і выходных]», — распавёў Zerkalo.io Аляксей.

Мужчына растлумачыў, як гэта адаб’ецца на зарплаце:

«Можна проста палічыць: 20 працоўных дзён, зь іх сем — за 2/3 бяз прэміі, і тры без аплаты наогул. Выйдзе недзе на 25% менш, чым звычайна. Але мае калегі не асабліва хвалююцца, я б так сказаў. А для іншых людзей гэта можа быць сурʼёзнай праблемай, асабліва на вытворчасьці, думаю. Мяркуючы па тым, што я чуў, — гэта толькі „кветачкі“, у чэрвені будзе значна горш».

Паводле Аляксея, прадпрыемства вымушана ісьці на такія меры з прычын санкцый і праблемаў зь лягістыкай, якія выклікала вайна ва Ўкраіне: у траўні заканчваюцца апошнія буйныя кантракты (эўрапейскія) на прадукцыю з высокім дадатковым коштам, і калі ня знойдуцца альтэрнатыўныя рынкі, то частку вытворчасьці давядзецца спыніць.

Віктар, работнік аднаго з цэхаў, расказаў, што на БМЗ выйшаў загад «аб даваньні адпачынку па ініцыятыве наймальніка ў памеры тарыфнага акладу». Работнікам прапануюць узяць некалькі дзён адпачынку ў красавіку і траўні. Прапануюць браць дні і за свой кошт, «але ня шмат».

«Дзесьці добраахвотна людзі [сыходзяць на гэтыя вымушаныя выходныя], дзесьці прымусова чалавека ставяць перад фактам: столькі дзён „па ініцыятыве наймальніка“, расьпішыся ў распараджэньні, што азнаёмлены і згодзен. Недзе трэба ўзяць 7 дзён, недзе 5», — кажа Віктар.

Паводле яго, асноўныя вытворчасьці БМЗ цяпер загружаныя «ня больш чым на 50%», некаторыя падразьдзяленьні спыненыя на ўвесь травень: БМЗ працуе толькі па перадаплаце, а раней заключаныя кантракты не заўсёды магчыма выканаць з-за немагчымасьці дастаўкі: значная частка прадукцыі ішла ў Эўропу праз Украіну, а калі канкрэтна — праз Адэсу.

Тое, што колькасьць дзён — пытаньне індывідуальнае, у залежнасьці ад цэха і падраздзяленьня, пацьвярджае Кірыл: «У нас прапануюць узяць 2 зьмены (дзень-ноч) абавязкова, а далей прапануюць так: каму трэба — могуць ісьці, але ня ўсёй брыгадай, каб было каму рабіць плян». Паводле яго, што да аплаты, ім патлумачылі, што «будзе не 2/3, а службовы аклад з захаваньнем сацыяльных выплат — то бок, тарыфны аклад, прэмія, але безь некаторых надбавак».

У сярэдзіне красавіка кіраўніцтва БМЗ таксама не адмаўляла, што сытуацыя на заводле напружаная. Тады абяцалі паклапаціцца пра «ўзровень дабрабыту працаўнікоў» і падкрэсьлівалі, што «ні пра якую аптымізацыю і скарачэньні гаворкі і блізка не ідзе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG