Абодва выступоўцы згадалі Марыюпаль. Зяленскі назваў «вельмі важным» тое, што Гутэрыш узьняў пытаньне аб эвакуацыі з гораду падчас свайго нядаўняга візыту ў Маскву.
«Мы бачым, што, нягледзячы на словы прэзыдэнта Расеі аб нібыта спыненьні ваенных дзеяньняў у Марыюпалі, тэрыторыя заводу «Азоўсталь» знаходзіцца пад варварскім бамбаваньнем з боку расейскай арміі, гэтае бамбаваньне працягваліся нават падчас перамоваў генэральнага сакратара ў Маскве. «Украіна гатова да тэрміновых перамоў аб эвакуацыі людзей з „Азоўсталі“ і да неадкладнага выкананьня дасягнутых дамоўленасьцяў», — сказаў кіраўнік украінскай дзяржавы.
Ён дадаў, што Кіеў таксама чакае «гуманнага стаўленьня» да вайскоўцаў і мірных жыхароў Марыюпалю з боку Расеі.
Генэральны сакратар, у сваю чаргу, заявіў, што ААН будзе працягваць заклікаць да поўнага спыненьня агню.
«Эфэктыўныя гуманітарныя калідоры, поўнае спыненьне ваенных дзеяньняў, бясьпечныя маршруты для мірнага насельніцтва і паставак. Сёньня жыхарам Марыюпаля такі падыход вельмі неабходны. Марыюпаль — гэта крызіс у крызісе. Тысячам мірных жыхароў адчайна патрабуюць дапамогі. Сярод іх шмат пажылых людзей, якія маюць патрэбу ў лячэньні або маюць абмежаваную мабільнасьць. Ім патрэбен ратавальны маршрут, каб пакінуць гэты апакаліпсіс», — сказаў кіраўнік Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Ён паўтарыў, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін «у цэлым пагадзіўся» прыцягнуць ААН і Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа да эвакуацыі мірных жыхароў з «Азоўсталі», хоць напярэдадні прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў гэтую заяву абверг.
«Сёньня ў нас была магчымасьць абмеркаваць гэтае пытаньне са спадаром Зяленскім. Вядуцца інтэнсіўныя абмеркаваньні, каб гэтая прапанова стала рэальнасьцю», — дадаў Гутэрыш.
- Марыюпаль быў акружаны расейскімі войскамі ў першыя дні маштабнага расейскага ўварваньня, якое пачалося 24 лютага. Украінскія падразьдзяленьні аказваюць супраціўленьне ўжо другі месяц. Зараз робяцца спробы вывезьці з гораду мірных жыхароў і параненых вайскоўцаў.