Тры крыніцы «Медузы», блізкія да адміністрацыі прэзыдэнта Расеі, паведамілі, што ў сярэдзіне траўня ў «ДНР» і «ЛНР» могуць прайсьці рэфэрэндумы аб далучэньні самаабвешчаных рэспублік да РФ. Два суразмоўцы нават назвалі даты рэфэрэндумаў, якія рыхтуюцца, — 14 і 15 траўня 2022 году.
Пры гэтым абедзьве тэрыторыі могуць далучыць у межах, прызнаных РФ 21 лютага, гэта значыць у «гістарычных» межах Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны, нягледзячы на тое, што многія буйныя населеныя пункты там па-ранейшаму кантралюе Кіеў.
У гэтыя ж даты, паводле крыніц «Медузы», можа прайсьці рэфэрэндум і ў часткова акупаванай Расеяй Херсонскай вобласьці — аб незалежнасьці ад Украіны і стварэньні «Херсонскай народнай рэспублікі» на ўзор «ДНР» і «ЛНР». Яна ў далейшым таксама можа быць далучана да Расеі, лічаць суразмоўцы «Медузы».
Крыніцы «Медузы» паведамілі, што спачатку рэфэрэндумы плянавалі на канец красавіка, але іх перанесьлі з прычыны няўдачаў расейскай арміі ў вайне з Украінай. Ня выключана, што іх могуць ізноў перанесьці на пазьнейшы тэрмін з той жа прычыны.
Крыніцы «Медузы» падкрэсьліваюць: супрацоўнікі адміністрацыі прэзыдэнта ня лічаць, што Расеі варта далучаць «дэпрэсіўныя рэгіёны» — аднак гэта асабістае жаданьне Пуціна.
У адміністрацыях самаабвешчаных рэспублік на запыты «Медузы» не адказалі. Раней кіраўнікі сэпаратыстаў заяўлялі, што падтрымліваюць рэфэрэндумы аб далучэньні «ДНР» і «ЛНР» да Расеі, але пасьля заканчэньня вайны. Прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў на пытаньні «Медузы» не адказаў.
Выданьне РБК раней паведаміла, што курыраваць падкантрольныя сэпаратыстам тэрыторыі цяпер будзе кіраўнік унутрыпалітычнага блёку Крамля, першы намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта РФ Сяргей Кірыенка. Сьцьвярджаецца, што ён нядаўна наведваў Данецк.