Спадарыня Фішэр ад пачатку зазначыла, што ў ЗША дакладна бачаць, што беларускі народ у сваёй большасьці выступае супраць вайны.
«Беларусы ня хочуць, каб іх салдаты ваявалі, каб расейскія войскі ўрываліся ва Ўкраіну зь Беларусі, каб расейскія салдаты заставаліся ў Беларусі. Беларускі народ ня хоча, каб рашэньні за яго прымаліся з-за мяжы», — сказала амбасадарка.
Яна лічыць, што падрыў беларускага сувэрэнітэту — гэта адна з частак дзеяньняў Уладзіміра Пуціна дзеля падрыву канцэпцыі міру і бясьпекі ў Эўропе.
«Лукашэнка здаваў сувэрэнітэт цягам 28 гадоў, і гэты працэс стаў хутчэйшым пасьля жніўня 2020 году. Беларусь мае тыя ж праблемы, што і Ўкраіна: хто ў будучыні будзе вызначаць лёс краіны — яе народ ці Ўладзімір Пуцін? У адрозьненьне ад Украіны, Аляксандар Лукашэнка стаў саўдзельнікам Пуціна. Гэтае ўварваньне стала магчымым, бо Лукашэнка дазволіў агрэсію са сваёй тэрыторыі. Самалёты ляцяць зь Беларусі, расейскіх салдатаў лечаць у Беларусі. І няважна, хто прымаў рашэньне — Лукашэнка ці нехта іншы: Беларусь ужо стала ўдзельніцай гэтай вайны».
Амбасадарка ЗША запэўнівае, што яе краіна надалей сочыць за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.
«Я асобна хацела б падкрэсьліць мужнасьць тых, хто ў Беларусі публічна выказвае нязгоду з вайной, ведаючы, што можа быць арыштаваны. Для гэтага патрэбная вялікая сьмеласьць. Гэта адна з тых рэчаў, якія Пуцін і Лукашэнка не пралічылі».
ЗША будзе надалей шчыльна працаваць зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі, а асабліва са Сьвятланай Ціханоўскай як лідэрам дэмакратычнага руху.
«Пытаньне, як дэмакратычныя сілы будуць працаваць у сьвеце, як выкарыстаюць гэты момант», — кажа Фішэр.
Вялікая частка размовы тычылася нядаўняга ліста міністра замежных справаў Беларусі Ўладзімера Макея да заходніх дзяржаваў з прапановай узнавіць дыялёг.
«Ліст Макея быў адпраўлены толькі ў пэўныя сталіцы, я ня ведаю канкрэтную колькасьць. Гэты зварот паказвае: афіцыйны Менск разумее, што пакутуе ад той ізаляцыі, якую стварыў Лукашэнка. Пытаньне перамоваў зь беларускім рэжымам важнае.
ЗША казалі, што патрэбна, каб разьвярнуць нашы адносіны, каб мы аслабілі санкцыі. Першы крок — гэта вызваленьне палітвязьняў. Другі — асэнсаваны дыялёг зь беларускім народам, які прывядзе да новых выбараў пад міжнародным назіраньнем. Таксама важнае патрабаваньне — спыненьне падтрымкі вайны Расеі ва Ўкраіне».
Джулія Фішэр падкрэсьліла, што ў Беларусі застаюцца каналы сувязі з краінамі Захаду. Напрыклад, Беларусь не закрывае сваё пасольства ў Вашынгтоне. Пры гэтым для амбасадаркі ЗША застаецца адкрытым пытаньне, ці сапраўды людзі ў Менску, якія прымаюць рашэньні, хочуць узнаўленьня такога дыялёгу.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.