Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пакуль мы тут, Марыюпаль — гэта Ўкраіна». Адзін з камандзіраў «Азову» расказаў пра абарону «Азоўсталі»


«У палон мы здавацца ня будзем, — кажа адзін з камандзіраў «Азову» Сьвятаслаў Паламар. — Мы будзем ваяваць. Мы разглядаем толькі варыянт, каб выйсьці з тэрыторыі Марыюпалю, накіравацца ў бясьпечнае месца са сваёй зброяй».

Намесьнік камандзіра ўкраінскага палку «Азоў» Сьвятаслаў Паламар у інтэрвію расейскай службе ВВС заявіў, што абаронцы Марыюпалю ня маюць намеру здавацца, але гатовыя выйсьці з гораду з уласнай зброяй пры ўмове, што дамоўленасьць аб гэтым гарантуюць трэція краіны.

Паламар апісвае супрацьстаяньне ўкраінскіх вайскоўцаў з расейскімі войскамі ў апошнія дні так:

«Уначы сярод іншага ішлі штурмы заводу — пры падтрымцы карабельнай артылерыі, стралялі з мора. З паветра скідаюць звышцяжкія магутныя бомбы — адбываюцца пастаянныя авіяўдары. Артылерыйскія сыстэмы залпавага агню. Страляе рульная артылерыя».

«Прарываліся калёны вайсковай тэхнікі з БТРаў, з БМП пры падтрымцы танкаў. Вялікая колькасьць пяхоты спрабавала прарвацца да нас. Ім нічога не ўдалося».

Паламар не ўдакладніў, калі менавіта адбываліся спробы новых штурмаў «Азоўсталі». Увечары 21 красавіка ўкраінскі Генэральны штаб заявіў, што, нягледзячы на заявы Пуціна, баявыя дзеяньні ў Марыюпалі працягваюцца. Дарадца мэра Марыюпалю Пятро Андрушчанка паведаміў аб працягу бамбаваньняў «Азоўсталі».

Тэрыторыя «Азоўсталі» практычна разбураная, там надалей хаваюцца «сотні мірных жыхароў»

Сьвятаслаў Паламар расказаў, што ў выніку мэтавых бамбаваньняў многія будынкі ў прамысловай зоне заводу разбураныя.

«Яны выкарыстоўваюць цяжкія бомбы, супрацьбункерныя бомбы, якія прыносяць вялікія разбурэньні. Ёсьць параненыя, ёсьць забітыя. Цывільныя пад заваламі», — кажа Паламар.

Няма дакладных зьвестак аб колькасьці мірных жыхароў, якія застаюцца на тэрыторыі заводу. Раней мэр Марыюпалю Вадзім Бойчанка казаў, што там могуць быць ад 300 да 1000 мірных жыхароў. Як кажа прадстаўнік палку «Азоў», гэтыя людзі хаваюцца ў сутарэньнях, у кожным зь якіх «ад 80 да 100 чалавек», агулам гэта «сотні людзей».

«Там ёсьць маленькія дзеці, трохмесячныя дзеці ёсьць, ёсьць 14-гадовыя. У адным з бункераў 17 дзяцей і каля 80 цывільных. Гэта жанчыны, пажылыя людзі, мужчыны, якім таксама не ўдалося зьехаць», — кажа Паламар.

Паламар называе няпраўдай заявы расейскіх уладаў, нібыта «Азоў» выкарыстоўвае людзей у якасьці жывога шчыта. Яны жывуць асобна ад вайскоўцаў, бо ўкраінскае войска ня хоча паддаваць іх небясьпецы. Абаронцы Марыюпалю ня раз заклікалі арганізаваць эвакуацыю з гораду мірнага насельніцтва, але марна. Пару дзён таму, калі войскі РФ заяўлялі аб эвакуацыйным калідоры, паводле Паламара, «абстрэлы не спыняліся» і «нават калі б людзі рызыкнулі, яны трапілі б пад абстрэлы». Расея абвінавачвае ў зрыве эвакуацыі ўкраінскі бок.

Паводле Паламара, мірныя жыхары, якія застаюцца на заводзе, ня вераць расейскім уладам, баючыся, што іх могуць забіць, катаваць ці ў лепшым выпадку вывезуць на тэрыторыю Расеі празь фільтрацыйныя лягеры, і просяць, каб эвакуацыю з Марыюпалю гарантавалі трэція бакі. Прадстаўнік «Азову» лічыць, што такімі гарантамі маглі б выступіць як міжнародныя арганізацыі, такія як Чырвоны Крыж, ААН і АБСЭ, гэтак і іншыя краіны.

Украінскія вайскоўцы ня маюць намеру здавацца

На думку Паламара, міжнародныя пасярэднікі маглі б паспрыяць выхаду з абложанай «Азоўсталі» ня толькі мірных жыхароў, але і абаронцаў гораду. Ён гаворыць, што сярод іх больш за 500 параненых.

Дакладных зьвестак, колькі ўкраінскіх вайскоўцаў цяпер абараняе «Азоўсталь», няма. Міністэрства абароны РФ заяўляла са спасылкай на сьведчаньні палонных украінскіх вайскоўцаў, што на тэрыторыі «Азоўсталі» агулам каля 2,5 тысячы чалавек. Паламар на пытаньне ВВС аб колькасьці абаронцаў заводу адказаў так: «[Нас] дастаткова, каб зьнішчаць усе іх атакі».

Паламар заклікае ня верыць заявам расейскіх уладаў, што яны ўзялі Марыюпаль пад кантроль. «Я заўсёды ў сваіх зваротах кажу, што пакуль мы тут, Марыюпаль — гэта Ўкраіна. Марыюпаль — гэта заўсёды Ўкраіна, як бы хто што ні казаў, — сказаў намесьнік камандзіра „Азову“. — Барацьба працягваецца. Мы на тэрыторыі Марыюпалю».

Прымаць прапанову Расеі аб здачы ў палон у абмен на захаваньне жыцьця ўкраінскія вайскоўцы ня маюць намеру.

«Мы ня раз заяўлялі, што ў палон здавацца ня будзем, — кажа адзін з камандзіраў „Азову“. — Мы будзем ваяваць. Мы разглядаем толькі варыянт выйсьці з тэрыторыі Марыюпалю, накіравацца ў бясьпечнае месца са сваёй зброяй, з табэльнай стралковай зброяй“.

Ён адзначае, што магчымасьці абараняцца, добра ваяваць, як было ў самым пачатку, украінскія вайскоўцы цяпер ня маюць: «Ёсьць зьнясіленьне — боекамплекту і гэтак далей. Таму мы за тое, каб таксама эвакуаваць нашых вайскоўцаў».

21 красавіка ўлады Расеі заявілі, што ўзялі Марыюпаль пад кантроль. Пры гэтым прэзыдэнт Уладзімір Пуцін загадаў міністру абароны РФ адмовіцца ад штурму «Азоўсталі», каб не рызыкаваць жыцьцём вайскоўцаў, але заблякаваць прамысловую зону так, «каб муха не праляцела».

Да гэтага расейскія вайскоўцы некалькі тыдняў вялі ў Марыюпалі баі, горад заставаўся ў блякадзе зь першых дзён сакавіка. Большая частка будынкаў у горадзе разбураная, гарадзкія ўлады гавораць, што падчас штурму гораду маглі загінуць каля 20 тысяч мірных жыхароў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG