Лідэрка беларускай апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, а таксама расейская журналістка Марына Аўсяньнікава атрымаюць нямецкую «Прэмію СМІ за свабоду», піша Deutsche Welle.
«Украінцы, беларусы і расейцы стаяць на перадавой барацьбы супраць зла, супраць вайны і тыраніі ва Ўсходняй Эўропе і мужна абараняюць сваю, а таксама нашу свабоду. Словамі, справамі, вялікай адвагай і сваімі жыцьцямі», — гаворыцца ў абгрунтаваньні журы.
«Прэмія СМІ за свабоду» прысуджаецца сёлета ў восьмы раз. Яе ўручаюць грамадзкім дзеячам, якія, на думку журы, асабліва адданыя свабодзе выказваньня думак, сацыяльнаму ўзаемадзеяньню, палітычнаму дыялёгу і дэмакратыі. Сярод уладальнікаў узнагароды — экс-канцлер Аўстрыі Сэбаст’ян Курц, прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў і міністар фінансаў Нямеччыны Крыстыян Лінднэр.