Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баі за Данбас, атака на завод «Азоўсталь» у Марыюпалі. 55-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Абломкі расейскага вайсковага самалёта каля Харкава, 16 красавіка 2022 г.
Абломкі расейскага вайсковага самалёта каля Харкава, 16 красавіка 2022 г.

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 4 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Расейцы вядуць інтэнсіўную атаку на Данбас.
  • Пачаўся расейскі наступ на завод «Азоўсталь» у Марыюпалі, дзе знаходзяцца вайскоўцы і цывільныя.
  • Італія заявіла, што накіруе зброю ва Ўкраіну.
  • Адбыўся пяты абмен палоннымі паміж Украінай і Расеяй
  • Медзьвядчук папрасіў абмяняць яго на палонных украінскіх вайскоўцаў і цывільных жыхароў Марыюпалю.
  • Раніцай 18 красавіка расейскія вайскоўцы нанесьлі ўдары па Львоўскай і Днепрапятроўскай абласьцях, а таксама па Львове.
  • Расейцы захапілі горад Крамянная Луганскай вобласьці. Зь іншых гарадоў працягваецца эвакуацыя цывільнага насельніцтва.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 19 красавіка

Марыюпальскі завод «Азоўсталь» «разбамбаваны і зьнішчаны практычна цалкам»

Пра гэта ў камэнтары ўкраінскай службе Радыё Свабода заявіў намесьнік камандзіра палку «Азоў» Сьвятаслаў «Каліна» Паламар. Паводле яго, на завод скідаюцца «звышмагутныя бомбы», а пад заваламі знаходзіцца «вельмі шмат людзей».

Расейскія войскі пачалі скідаць бомбы на мэталюргічны завод «Азоўсталь» 18 красавіка.

Мэр Херсону спытаў Зяленскага, як дзейнічаць у акупацыі

Мэр Херсону Ігар Калыхаеў заклікаў прэзыдэнта Ўкраіны растлумачыць, як можа працаваць мясцовая адміністрацыя ва ўмовах акупацыі расейскімі захопнікамі, піша «Українська правда».

«Прашу ў самыя кароткія тэрміны даць тлумачэньні (рэкамэндацыі) аб дзеяньнях Херсонскай гарадзкой рады... у выпадку спробы ўсталяваньня ўлады агрэсара на тэрыторыі грамады, абласнога цэнтру, вобласьці расейскімі вайсковымі часткамі, зьмяніць сьцяг, увесьці рублёвую зону», — напісаў Калыхаеў.

Мэр Херсону адзначыў, што горад знаходзіцца ў аблозе акупантаў, а ўкраінскія ўлады прыпынілі выкананьне паўнамоцтваў.

Расейцы пачалі інтэнсіўную атаку на Данбас

Ракетныя і авіяцыйныя ўдары ўзмацніліся на Данбасе, асабліва ў раёне Марыюпалю, адзначыў афіцыйны прадстаўнік Пэнтагону Джон Кірбі. Пра пачатак масавага наступу на Данбас расейскіх войскаў паведаміў і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Адбыўся пяты абмен палоннымі паміж Украінай і Расеяй

Пра гэта паведаміла віцэ-прэм’ер Украіны Ірына Верашчук.

«Сёньня мы абмянялі 60 вайскоўцаў, зь іх 10 афіцэраў. Таксама дадому вяртаюцца 16 мірных жыхароў», — заявіла Верашчук і ўдакладніла, што гэта ўжо пяты абмен палоннымі паміж абедзьвюма краінамі.

Украінская паліцыя знайшла ўжо больш за 1000 целаў мірных жыхароў, забітых у Кіеўскай вобласьці

Большасьць зь іх былі застрэленыя, паведаміў кіраўнік паліцыі рэгіёну Андрэй Небытаў. Толькі ў горадзе Буча ўжо знайшлі больш за 420 целаў загінулых. Людзі, якія вяртаюцца ў свае дамы, працягваюць знаходзіць новых ахвяраў у падвалах або студнях, таму гэтая лічба яшчэ будзе расьці.

Генпракуратура Ўкраіны: Расейскія войскі абстралялі Зеленадольск забароненымі боепрыпасамі

Паводле дадзеных сьледзтва, 19 красавіка расейскія войскі зрабілі прыцэльны артылерыйскі абстрэл забароненымі касэтнымі баявымі зарадамі па цывільным насельніцтве і аб'ектах інфраструктуры гораду Зеленадольску (Днепрапятроўская вобласьць), паведамляе Офіс генпракурора Ўкраіны. У выніку маштабных абстрэлаў пашкоджаныя жылыя шматпавярховыя дамы, памяшканьні навучальнай установы, сельскагаспадарчая тэхніка і іншыя абʼекты.

Украінскі Генштаб: Расея працягвае авіяўдары па аб'ектах цывільнай інфраструктуры з тэрыторыі Беларусі

Паводле апэратыўнай інфармацыі Генштабу Ўзброеных сіл Украіны станам 18:00 19 красавіка:

  • Расейцы працягваюць выкарыстоўваць аэрадромную сетку на тэрыторыі Беларусі для авіяўдараў па аб'ектах цывільнай інфраструктуры Ўкраіны.
  • Расейскія войскі працягваюць часткова блякаваць Харкаў, спрабуючы атакаваць украінскіх вайскоўцаў і абʼекты крытычнай інфраструктуры.
  • Падразьдзяленьні расейскіх войскаў пачалі спробу наступу і штурму на поўдзень ад гораду Ізюм, але панесьлі страты і вымушана адступілі на раней занятыя пазыцыі.
  • На Данецкім напрамку, у раёне гораду Марʼінка, у выніку контранаступу ўкраінскіх войскаў расейцы панесьлі страты і адступілі, Украіна аднавіла кантроль над Марʼінкай.
  • Працягваюцца баявыя дзеяньні ў раёне Аляксандраўкі, што за 20 км ад Херсону. Расейскія войскі спрабуюць выйсьці на адміністрацыйную мяжу Херсонскай вобласьці, не спыняючы абстрэлы населеных пунктаў.
  • Генштаб заяўляе аб зьнішчэньні ва Ўкраіне 4 рот расейскіх дэсантнікаў: «УСУ зьнішчылі тры роты 51-га парашутна-дэсантнага палку і роту 137-га парашутна-дэсантнага палку, якія ўваходзяць у склад 106-й парашутна-дэсантнай дывізіі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Генсакратар ААН заклікаў да 4-дзённага спыненьня агню напярэдадні Вялікадня

Кіраўнік ААН Антонію Гутэрыш заклікаў да 4-дзённай гуманітарнай паўзы, зь Вялікага чацьвярга да Велікоднай нядзелі, 24 красавіка, каб можна было адкрыць шэраг гуманітарных калідораў. Ён дадаў, што ААН у выпадку велікоднага перамір'я гатовая накіраваць гуманітарныя канвоі ў Марыюпаль, Херсон, Данецк і Луганск.

Расея разбамбіла ў Кіеве больш за 100 дамоў, некаторыя аднаўленьню не падлягаюць — мэр гораду

«У Кіеве пашкоджана больш за 100 дамоў, 6 школ і 14 дзіцячых садкоў. У 6 дамах былі пашкоджаныя апорныя канструкцыі, якія мы, на жаль, ня зможам аднавіць, іх трэба будзе разабраць. Усе астатнія будынкі прыдатныя да таго, каб іх аднавіць, і мы зараз гэтым займаемся, лічым каштарыс», — сказаў мэр Кіева Віталь Клічко ў эфіры інфармацыйнага тэлемаратону.

Ён зазначыў, што ня можа пакуль назваць суму пашкоджаньняў, але мяркуе, што яна можа складаць мільярды грыўняў.

З пачатку вайны ва Ўкраіне загінуў 21 прадстаўнік СМІ

Украінскі Камітэт у пытаньнях свабоды слова заяўляе пра 21 задакумэнтаваны выпадак сьмерці прадстаўнікоў СМІ з пачатку вайны Расеі супраць Украіны. З 24 лютага ад рук расейскіх вайскоўцаў загінулі: П'ер Закжэўскі, Аляксандар Куўшынаў, Аляксандар Лыткін, Пол Лі, Сяргей Пушчанка, Яўген Сакун, Брэнт Энтані Рэно, Аксана Баўліна, Дзілербек Шакіраў, Віктар Дзядоў, Віктар Дудар, Лілія Гумянава, Юры Алейнік, Алег Якунін, Максім Левін, Мантас Кведаравічус, Сяргей Зайкоўскі, Дзяніс Катэнка, Яўген Баль, Раман Нежыборац, Зараслаў Замойскі.

Італьянскі парлямэнт падтрымаў адпраўленьне зброі ва Ўкраіну

Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар краіны Марыё Драгі ў інтэрвію выданьню Corriere della Sera.

«Рашэньне адправіць зброю прынята ў парлямэнце практычна аднагалосна. Умовы пытаньня ясныя: з аднаго боку, гэта людзі, на якіх адбыўся напад, з другога — армія агрэсара», — сказаў Драгі.

Драгі прызнаўся, што спачатку лічыў магчымай хуткую перамогу Расеі, але цяпер «няма ніякіх прыкмет таго, што ўкраінскі народ зможа прыняць расейскую акупацыю».

Уцекачы ад вайны

Паводле зьвестак ААН, на 15 красавіка больш за 5 мільёнаў чалавек пакінулі Ўкраіну з пачатку вайны 24 лютага. У справаздачах управы Высокага камісара ў справах уцекачоў ААН і Міжнароднай арганізацыі ААН у пытаньнях міграцыі гаворыцца, што агулам Украіну пакінулі 4 790 000 украінцаў і каля 215 тысяч іншаземцаў.

Найбольш уцекачоў з Украіны выехалі ў Польшчу — звыш 2,7 мільёна чалавек, на другім месцы Румынія — больш за 725 тысяч чалавек.

На пачатак 2022 году на тэрыторыі Ўкраіны жыў 41 мільён чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

Мінабароны Расеі вырашыла абмежаваць доступ да зьвестак аб сваяках вайскоўцаў, якія загінулі ва Ўкраіне

Зьвесткі пра загінулых пры правядзеньні «спэцапэрацый» вайскоўцаў яшчэ з 2015 году сталі дзяржаўнай таямніцай, але льготы іх сем'ям афармляюць цывільныя чыноўнікі раённых адміністрацый. Цяпер Мінабароны РФ просіць урад перадаць гэтыя паўнамоцтвы ваенкаматам, што зробіць больш закрытай інфармацыю пра загінулых удзельнікаў вайны супраць Украіны, піша ВВС.

Кампанія Henkel абвясьціла, што сыходзіць з Расеі з прычыны вайны

Нямецкая кампанія — вытворца бытавой хіміі Henkel вырашыла спыніць сваю дзейнасьць у Расеі. Пра гэта гаворыцца ў заяве кампаніі. У кампаніі паабяцалі, што 2500 яе супрацоўнікаў пакуль працягнуць працаваць і атрымліваць заробак, а плян выхаду Henkel з расейскага рынку яшчэ рыхтуецца.

У Henkel дадалі, што асуджаюць вайну Расіі супраць Украіны і гвалт у дачыненьні да нявінных мірных жыхароў.

Пуцін падпісаў закон аб арыштах да 15 «сутак» за адмаўленьне «вырашальнай ролі» СССР «у разгроме нацысцкай Нямеччыны»

Пакараньне для фізычных асобаў — штраф да 2 тысяч рублёў або адміністрацыйны арышт да 15 дзён. Для юрыдычных асобаў — штраф да 50 тысяч рублёў, пры паўторным парушэньні ім пагражае прыпыненьне дзейнасьці на тэрмін да 90 дзён.

Расея забараніла ўезд кіраўніку ўраду і міністрам Вялікай Брытаніі

Забарона на ўезд у Расею распаўсюджваецца на 13 чалавек. У «чорны сьпіс» трапілі прэмʼер-міністар Борыс Джонсан, міністар замежных спраў Элізабэт Трас, міністар юстыцыі Домінік Рааб, міністар абароны Бэн Уолес і яго намесьнік, экс-прэмʼер, дэпутат парлямэнту Тэрэза Мэй, кіраўнікі МУС, Міністэрства фінансаў, транспарту і іншых міністэрстваў.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Лясы на поўдні пад забаронай

Міністэрства лясной гаспадаркі забараніла наведваць лясы на поўдні Гомельскай вобласьці. Пад забарону трапілі лясы Брагінскага, Нараўлянскага, Мазырскага і Хвойніцкага раёнаў. Менавіта там, як паведамлялася, былі лягеры расейскіх вайскоўцаў.

Некалькі крыніц Свабоды паведамілі, што шмат беларускіх вайскоўцаў цяпер знаходзяцца ў Нароўлі, пад Брагінам і ў Хвойніках.

Як рэагуе сьвет

Канада ўвяла новыя санкцыі супраць 14 расейцаў

19 красавіка Канада ўвяла санкцыі супраць старшыні расейскага Цэнтрабанку Эльвіры Набіулінай, бізнэсоўцаў Пятра Авэна і Міхаіла Гуцэрыева, сэнатара Аляксандра Торшына, віялянчэліста Сяргея Ралдугіна, дачок Пуціна Кацярыны Ціханавай і Марыі Варанцовай, а таксама яшчэ семярых расейцаў.

Улады Грэцыі арыштавалі расейскі танкер ля паўднёвага ўзьбярэжжа вострава Эвія

Танкер Pegasus з нафтай, пад расейскім сьцягам і з 19 членамі расейскага экіпажу арыштаваны 15 красавіка каля гораду Карыстас у рамках апошніх санкцый Эўразьвязу, паведаміў прэс-сакратар Міністэрства марскіх спраў і астраўной палітыкі Грэцыі.

Чыноўнік дадаў, што арыштавана само судна, але не яго нафтагруз, і міністэрства ня можа даць больш падрабязную інфармацыю на гэты момант.

Апошні пакет санкцый Эўразьвязу, абвешчаны на пачатку красавіка, прадугледжвае закрыцьцё портаў ЭЗ для расейскіх караблёў. Ад такіх абмежаваньняў абароненыя караблі, якія перавозяць энэрганосьбіты, прадукты харчаваньня і іншую гуманітарную дапамогу.

Баўгарыя таксама забараніла заход у свае порты расейскім караблям

Выключэньні будуць толькі для вадаплаваў, якія церпяць бедзтва або маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе, а таксама для караблёў, якія перавозяць энэрганосьбіты, прадукты харчаваньня і лекі ў краіны Эўразьвязу.

Францыя перадасьць Украіне 24 пажарныя машыны, «хуткія дапамогі» і 50 тон ратавальнага абсталяваньня

Пра гэта 15 красавіка паведаміў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон.

Макрон напісаў у Twitter, што запэўніў Зяленскага ў салідарнасьці Парыжу і гатоўнасьці дапамагаць завяршыць вайну. Таксама нагадаў, што Францыя надала Ўкраіне вайсковую дапамогу больш як на 100 млн эўра.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG