Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мяжы Беларусі з ЭЗ чэргі фураў. Што распавядаюць «дальнабойшчыкі»


Чарга фураў на літоўска-беларускай мяжы каля літоўскага пункту пропуску "Меднікі"
Чарга фураў на літоўска-беларускай мяжы каля літоўскага пункту пропуску "Меднікі"

Некалькі тысячаў беларускіх і расейскіх фураў завязьлі на мяжы Польшчы, спрабуючы выехаць з Эўразьвязу. Чэргі таксама ўтварыліся на памежных пераходах у Літве і Латвіі

Журналісты парталу Zerkalo.io паразмаўлялі з «дальнабойшчыкамі» у гэтых чэргах.

«Кіроўцы і латыскія мытнікі санкцыям не рады»

Беларускі кіроўца Зьміцер працуе на беларускага перавозчыка, учора ён перасякаў мяжу з ЭЗ празь латыскі пункт пропуску «Церахава» — гэты напрамак вядзе ў Расею. Перш чым заехаць на афармленьне, Зьміцер стаяў у чарзе пяць сутак, яшчэ суткі пайшлі на праходжаньне латыскага і расейскага пунктаў пропуску.

— У чарзе было каля 1100 машын — больш беларускіх і расейскіх, менш — літоўскіх і латыскіх. Вядома, гэтае чаканьне стамляе. Каб не было так сумна, скаапэраваліся кіроўцы з васьмі машынаў, зрабілі шашлыкі і за ежай пагутарылі, — расказаў Зьміцер.

Настрой у кіроўцаў трывожны з прычыны санкцыяў ЭЗ, прычым у эўрапейцаў таксама. Паводле беларуса, большасьць яго калег санкцыі не ўхваляюць і лічаць, што празь іх шмат людзей застанецца бяз працы і нікому ад гэтага ня будзе добра — «ні эканоміцы ўсіх краінаў, ні простым людзям».

Зьміцер адзначыў, што падчас чаканьня ўздоўж чаргі з грузавікоў часта езьдзіла паліцыя і штрафавала «дальнабойшчыкаў», якія стаялі на ўзбочыне. Прычым на штраф «траплялі» ня толькі расейцы і беларусы, але і кіроўцы зь іншых краінаў.

— На мяжы я меў зносіны з латыскімі мытнікамі, яны таксама санкцыям ня рады. Але затое задаволеныя тым, што Беларусь увяла для іх «бязьвіз»: кажуць, прыедзем да вас у госьці, маўляў, даўно не былі, а тут адкрылася такая магчымасьць.

Як на латыскім, гэтак і на расейскім баках Зьміцер ня ўбачыў, каб супрацоўнікі адмыслова затрымлівалі чаргу з фураў — усе працавалі нармальна, хіба што расейцы былі ня вельмі схільныя да размоваў з кіроўцамі.

«Чарга ад таго, што ўсе фуры сьпяшаюцца хутчэй на выезд»

Мянчук Кастусь на фуры зь беларускімі нумарамі сёньня чакаў заезду на літоўскі ПП «Меднікі». Падчас гутаркі з Zerkalo.io, ягобая чарга павінна была вось-вось падысьці. Да гэтага ён трое з паловай сутак стаяў у чарзе.

— Калі я прыехаў, да стаянкі-назапашвальніка было восем кілямэтраў. Унутры яго трэба было чакаць каля 80 гадзін, там каля 300 машын, — расказаў мужчына.

Кіроўцам з чаргі было не да размоваў — усе былі ўстрывожаныя сытуацыяй, ня ведалі, што будзе з працай.

— Паліцыі зьявілася значна больш, чым раней, штрафуюць за ўсё. Я таксама заплаціў 1150 эўра, не спрачаюся, я парушыў, але ўсё ж... Адзін інспэктар мне наўпрост сказаў: «Далі ўказаньне з кіроўцамі фураў на расейскіх, беларускіх і казаскіх нумарах быць больш строгімі».

Кастусь кажа, што кожныя 15-20 хвілінаў на пункт пропуску заяжджае машына, «працуюць даволі хутка». Ніхто з калегаў не перадаваў, што афармленьне супрацоўнікі мытні зацягваюць. На думку Кастуся, чарга ад таго, што ўсе фуры сьпяшаюцца хутчэй на выезд.

— Кіроўцы па рацыі паведамілі, што тых, хто загрузіўся ўжо пасьля ўвядзеньня санкцыяў, памежнікі адпраўляюць на літоўскія транспартна-лягістычныя цэнтры разгружацца, не выпускаюць з Эўропы.

На гэтым тыдні Эўразвяз забараніў аўтамабільныя грузаперавозкі, у тым ліку транзытныя, для беларускіх і расейскіх кампаніяў. Абмежаваньні былі прынятыя «ў сувязі з сытуацыяй у Беларусі і датычнасьцю Беларусі да расейскай агрэсіі супраць Украіны». Выключэньне зрабілі для перавозкі пошты і гуманітарных грузаў.

Грузаперавозчыкам, якія знаходзіліся на тэрыторыі ЭЗ да 9 красавіка, дазволілі даставіць грузы і вярнуцца на тэрыторыю Беларусі да 16 красавіка.

15 красавіка ў літоўскім пункце пропуску Меднікі ўтварылася доўгая чарга з фураў на выезд з краіны ў Беларусь. У сувязі з доўгімі чэргамі на мяжы расейскім і беларускім грузаперавозчыкам, якія не пасьпяваюць выехаць зь Літвы да 16 красавіка, дазволілі перасякаць мяжу пасьля гэтай даты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG