Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выклік для нашай салідарнасьці»: Што значыць вызваленьне 1300 палітвязьняў і ці магчыма гэта


Акцыя салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі ў Вільні. Ілюстрацыйнае фота
Акцыя салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі ў Вільні. Ілюстрацыйнае фота

Дональд Трамп заявіў, што яны з Аляксандрам Лукашэнкам абмеркавалі вызваленьне 1300 палітвязьняў з турмаў Беларусі. Распыталі праваабаронцаў, што гэта значыць і як дапамагчы такой колькасьці людзей адразу.

15 жніўня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ў яго адбылася тэлефонная размова з Лукашэнкам і яны абмеркавалі вызваленьне 1300 палітвязьняў. Пра гэта ён паведаміў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social.

17 жніўня амэрыканскі прэзыдэнт яшчэ раз згадаў пра вызваленьне палітвязьняў у Беларусі. Ён выказаў спадзеў на хуткае вызваленьне 1300 чалавек.

У адміністрацыі Лукашэнкі пакуль не раскрывалі падрабязнасьцяў наконт магчымага вызваленьня людзей. Прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант адзначыла толькі, што «праца ў гэтым кірунку працягваецца».

«Мы не спыняемся, мы ў гэтым кірунку працавалі і працуем», — сказала Эйсмант.

Паводле праваабаронцаў Вясны, цяпер за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 1184 палітвязьні. Паводле праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, палітвязьняў больш — 1315 чалавек. Розныя ініцыятывы могуць выкарыстоўваць розныя крытэры ацэнкі. Свабода распытала прадстаўнікоў праваабарончых арганізацыяў, наколькі магчымае вызваленьне такой колькасьці чалавек і ці сьведчыць гэта аб магчымым спыненьні рэпрэсіяў.

«Вясна»: Рэпрэсіі толькі ўзмацняюцца

Праваабарончы цэнтар «Вясна», сярод іншага, зьбірае падрабязную статыстыку рэпрэсіяў у Беларусі. Паводле юрыста цэнтру Паўла Сапелкі, рэпрэсіі апошнім часам у Беларусі ўзмацняюцца, як пагаршаюцца і ўмовы ўтрыманьня палітзьняволеных.

«Улады дэманструюць паралельныя працэсы. Рэпрэсіі працягваюцца і пагаршаюцца паводле некаторых паказьнікаў. Адначасова з гэтым вызваляюць людзей у межах памілаваньня, некаторых з адначасовай дэпартацыяй, што непрымальна. Для спыненьня рэпрэсіяў, здаецца, рэжыму не далі дастатковых падставаў. Такі працэс можа быць у межах сур’ёзнага ціску на ўлады Беларусі, на Лукашэнку. Пакуль ні ціску, ні выніку яўна мы ня бачым», — разважае Павал Сапелка.

Павал Сапелка
Павал Сапелка

Суразмоўца дадае, што вызваленьне 1300 чалавек каштоўнае само па сабе, без прывязкі да далейшай палітыкі ўладаў Беларусі. Пакуль жа ўлады захоўваюць кірунак на пастаяннае папаўненьне сьпісу палітвязьняў.

«Гэты быў бы радасны дзень, калі людзей вызваляць, але ці наступіць ён і калі наступіць, казаць зарана. 1300 чалавек — людзі, якія адбываюць пакараньне за „экстрэмісцкія складнікі“. Магчыма, сярод іх ёсьць і тыя, каго не прызнавалі палітзьняволенымі. Могуць быць тыя, пра каго праваабаронцы ня ведаюць ці не разгалошваюць зьвестак аб іх. Гэта тая колькасьць, на якую арыентуецца замежнапалітычнае ведамства ЗША. Магчыма, гэта колькасьць на мінулы год», — гаворыць Павал Сапелка.

Калі ж 1300 чалавек выйдуць на свабоду, то перад беларусамі за мяжой паўстане задача аказаньня гэтым людзям дапамогі, калі вызваленьне будзе спалучанае з дэпартацыяй.

«Найперш беларуская грамадзянская супольнасьць, асабліва тая частка, якая за мяжой, будзе адказная за тое, каб забясьпечыць прыём вызваленым за мяжой. У нас ёсьць патэнцыял гэта зрабіць. Ёсьць таксама ўнівэрсальныя абавязкі ў пляне правоў чалавека. Прымальны бок, адпаведныя краіны, таксама маглі б унесьці ўклад у гэты працэс», — заўважае суразмоўца.

BySol: Працэс расьцягнецца мінімум на тыдні

Фонд BySol займаецца дапамогай рэпрэсаваным і эвакуацыяй людзей зь Беларусі. Калі адбудзецца працэс вызваленьня палітвязьняў, гэта ня будзе выглядаць як «адчыненыя брамы» ў турмах і калёніях. Такі працэс зойме час, мяркуе прадстаўнік фонду BySol Зьміцер Ягораў.

«Адначасовае вызваленьне 1300 палітвязьняў магчымае, але вельмі малаімаверна, што гэта будзе выглядаць як „адчыненыя брамы“ у калёніях, турмах і ізалятарах, адкуль выходзяць сотні і сотні людзей у адзін дзень. Адначасова гэта цяжка зрабіць тэхнічна. Калі будзе масавае вызваленьне, то яно, на нашую думку, зойме пэўны час — тыдні як мінімум», — мяркуе суразмоўца.

Сяргей Ціханоўскі быў адным з групы вызваленых уладамі Беларусі і вывезеных у Літву палітвязьняў. Фота з прэсавай канферэнцыі, арганізаванай пасьля вызваленьня
Сяргей Ціханоўскі быў адным з групы вызваленых уладамі Беларусі і вывезеных у Літву палітвязьняў. Фота з прэсавай канферэнцыі, арганізаванай пасьля вызваленьня

Сам факт такога вызваленьня ня будзе азначаць спыненьня рэпрэсіяў у Беларусі, дадае Зьміцер Ягораў.

«Само вызваленьне тых, хто ўжо асуджаны ці чакае суду па палітычным артыкуле, не азначае спыненьня рэпрэсіяў. Ніхто не казаў аб прыпыненьні, спыненьні арыштаў ці аб „адлізе“. Рыторыка прапаганды па-ранейшаму агрэсіўная і нецярпімая да іншадумства. Колькі рэальна цяпер сядзіць за палітыку — з абсалютнай дакладнасьцю цяжка сказаць. Такіх людзей значна болей, чым у сьпісах праваабаронцаў», — падкрэсьлівае прадстаўнік фонду.

Таксама суразмоўца адзначае, што адначасовае вызваленьне такой колькасьці людзей запатрабуе акумуляцыі рэсурсаў, сродкаў і намаганьняў тых, хто на волі. Бо людзям спатрэбіцца тэрміновая дапамога.

«Я веру, што ў выпадку масавага вызваленьня мы як супольнасьць салідарных знойдзем, зьбяром сродкі, знойдзем сілы, каб адгукнуцца на кожную просьбу аб дапамозе. Гэта людзі, якія ні сэкунды не павінны быць за кратамі, і чым хутчэй яны выйдуць, тым лепш», — кажа Ягораў.

Dissidentby: Перамяшчэньне церазь мяжу зь мехам на галаве ня мае нічога агульнага з вызваленьнем

Ініцыятыва Dissidentby падтрымлівае палітзьняволеных у Беларусі, а таксама зьбірае статыстыку рэпрэсіяў. Прадстаўніца ініцыятывы Марына Касінерава зважае на тое, што ўлады Беларусі ня змогуць вызваліць 1300 чалавек у адзін момант.

«З папярэдніх выпадкаў вызваленьня па так званых памілаваньнях было бачна, які вялікі аб’ём працы праводзілі сьледчыя, ідэолягі, КДБ і адміністрацыя турмаў. Гэта і падпісаньне нейкіх патрэбных ім папераў, спробы вэрбаваньня праз шматлікія „сумоўі“ і размовы, і арганізацыя самой лягістыкі вызваленьня чалавека. Усё гэта патрабуе сур’ёзных выдаткаў рэсурсаў і часу амаль усімі спэцслужбамі рэжыму. У найлепшым выпадку, калі нават уявіць, што такое рашэньне будзе рэалізавана — гэта сярэднетэрміновы працэс», — кажа прадстаўніца ініцыятывы.

Марына Касінерава
Марына Касінерава

Таксама суразмоўца дадае, што колькасьць асуджаных за палітыку ў Беларусі можа быць значна большай за 1300 чалавек.

«Сыстэма зрабіла ўсё магчымае, каб праваабарончая супольнасьць і сусьветная грамадзкасьць ведалі як мага менш пра злачынствы супраць правоў чалавека, што адбываюцца ўнутры Беларусі, у тым ліку яна закрыла ўсе расклады судоў. Гэта яшчэ адзін важны аспэкт, які апошнімі гадамі замацоўваўся заканадаўча на ўсіх узроўнях, — закрытасьць судовай сыстэмы Беларусі. Таму заклікаем усіх дасылаць свае зьвесткі праваабаронцам. На Dissidentby мы зможам захаваць інфармацыю пра рэпрэсіі нават у ананімным выглядзе», — падкрэсьлівае Марына Касінерава.

Суразмоўца адзначае, што вызваленьне часткі палітвязьняў ня будзе азначаць спыненьня рэпрэсіяў, і зьвяртае ўвагу, як адбываецца працэс такога «вызваленьня».

«Галоўны факт — тое, што рэжым Лукашэнкі ўжо ніколі не адчуе сябе ўпэўнена пасьля падзеяў 2020 году, выпусьціць усіх сваіх галоўных палітычных апанэнтаў — гэта простая пагроза стабільнасьці паліцэйскай дубінкі, якая сфармавалася ў краіне. Магчыма, Лукашэнка здолее пайсьці на гвалтоўныя перамяшчэньні часткі палітвязьняў з краіны зь мехам на галаве. Аднак гэтая гвалтоўная антыпраўная практыка ня мае нічога агульнага з вызваленьнем у здаровым разуменьні гэтага слова», — кажа Марына Касінерава.

З 2020 году, паводле зьвестак «Вясны», у Беларусі «памілавалі» 360 чалавек. 8 зь іх дэпартавалі проста з калёніі, хоць людзі ня мелі іншага грамадзянства, апроч беларускага. За 5 гадоў мінімум 8532 чалавекі сталі фігурантамі крымінальных справаў паводле палітычных матываў. 7299 чалавек асудзілі ў палітычных справах.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG