Пра новыя санкцыі Эўразьвязу супраць беларускіх і расейскіх перавозьнікаў стала вядома 8 красавіка. Да 16 красавіка ўсе грузавікі зь беларускімі і расейскімі нумарамі павінны пакінуць тэрыторыю Эўразьвязу. Як расказалі Свабодзе кіроўцы грузавікоў, чэргі на памежных пераходах зь Беларусьсю утварыліся адразу пасьля таго, як стала вядома пра ўвядзеньне санкцыяў. Чаргі на выезд зь Літвы ці Польшчы ў Беларусь даводзіцца чакаць па 5-7 дзён.
У апошні дзень перад анансаванай датай абавязковага выезду перад памежным пунктам у Медніках (Каменны Лог зь беларускага боку. — РС) назьбіралася каля 1000 грузавікоў. Чарга фураў пачынаецца задоўга да накапляльніка, прыкладна за 15 км ад самой мяжы. Як расказалі Свабодзе кіроўцы ў чарзе, да анансаванай даты 16 красавіка яны дакладна не пасьпеюць вярнуцца ў Беларусь. Пакуль ніхто ня ведае, што гэта будзе азначаць для перавозьнікаў. Улады Літвы абмяркоўвалі магчымасьць падоўжыць прызначаны для выезду тэрмін, але пакуль гэтага не адбылося.
Кіроўцы перакананыя, што бяз працы не застануцца і пасьля забароны на ўезд у Эўразьвяз, прычынай санкцыяў называюць «падзеі ва Ўкраіне» і выказваюць упэўненасьць, што ўсе абмежаваньні будуць неўзабаве зьнятыя.