Аўтары матэрыялу, са зьместам якога знаёміць «Настоящее время», адзначаюць, што Гергіеў хавае сваю замежную нерухомасьць і ў той жа час выступае «амбасадарам Уладзіміра Пуціна ў сьвеце культуры».
Больш за ўсё абʼектаў нерухомасьці ў Гергіева каманда Аляксея Навальнага знайшла ў Італіі. Сярод іх:
- віла ў элітным закрытым пасёлку Olgiata Country Club за гадзіну язды ад Рыму;
- мыс плошчай 5,5 га і зямельны ўчастак у невялікім мястэчку Маса-Любрэнс недалёка ад Нэапалю;
- паўгектара сельскагаспадарчай зямлі, парк атракцыёнаў, баскетбольнае поле і рэстаран United Tastes of Hamericaʼs у Рыміні;
- 800 000 кв. мэтраў зямлі ў Міляне;
- палац Барбарыга і яшчэ адзін палац XV стагодзьдзя ў Вэнэцыі, там жа — памяшканьне з рэстаранам 1775 году на плошчы Сан-Марка.
Частка гэтай уласнасьці дасталася дырыжору ад японскай арфісткі Ёка Нагаэ. Тая атрымала спадчыну ад багатага мужа і траціла яго на падтрымку музыкаў. У тэстамэнце арфістка адпісала нерухомасьць Гергіеву.
З дакумэнтаў аб уласнасьці расьсьледавальнікі таксама высьветлілі, што Гергіеў — грамадзянін Нідэрляндаў. Афіцыйна Гергіеў гэтыя зьвесткі не пацьвярджаў.
З 2017 году кіраўнік Марыінскага тэатру не дэкляруе сваю маёмасьць, хоць кіруе дзяржаўным тэатрам. Тым ня менш у Расеі расьсьледавальнікі знайшлі ў ягоным валоданьні:
- тры кватэры ў Санкт-Пецярбургу агульнай плошчай 670 квадратных мэтраў, коштам каля 140 мільёнаў рублёў;
- кватэру на Цьвярской вуліцы ў Маскве коштам 130 мільёнаў рублёў;
- дачу і канцэртную залю, дзе музыка дае асабістыя канцэрты Ўладзіміру Пуціну ў пасёлку Рэпіна.
Акрамя таго, паводле расьсьледаваньня, дырыжор у асабістых мэтах карыстаецца сродкамі, якія паступаюць у тым ліку ад расейскіх алігархаў і дзяржаўных кампаній на рахунак дабрачыннага фонду Валерыя Гергіева, створанага для падтрымкі маладых музыкаў і папулярызацыі клясычнай музыкі.
Аўтары называюць фонд «асабістым кашальком Маэстра», зь якога ён бярэ грошы на «прыгожае жыцьцё. Так, Гергіеў заплаціў 375 тысяч рублёў у мюнхэнскай піўной, больш за паўмільёна — у рэстаране «Наша Дача», адсюль жа паступаюць плацяжы за камунальныя паслугі.
На грошы фонду таксама былі набытыя:
- тры суседнія кватэры ў элітным піцерскім жылым комплексе Art View House за 260 мільёнаў рублёў;
- чатыры кватэры ў доме на Малым Какавінскім завулку побач з Арбатам за 708 мільёнаў рублёў;
- зямельны ўчастак на Рублёўцы коштам каля 230 мільёнаў.
З расейскім прэзыдэнтам, паводле расьсьледаваньня каманды Навальнага, дырыжор пазнаёміўся яшчэ ў 1990-я. Пазьней ён пачаў сябраваць з кіраўніком Падліковай палаты Аляксеем Кудрыным, старшынём праўленьня «Сбера» Германам Грэфам, а таксама з алігархамі Алішэрам Усманавым, Генадзем Цімчанкам і Ўладзімірам Еўтушэнкавым.
Гергіева называюць «ценявым міністрам замежных спраў», які прадстаўляе Расею за мяжой, а таксама актыўным прыхільнікам Уладзіміра Пуціна, які ў перадвыбарных роліках заклікае галасаваць за яго.
На пачатку сакавіка 2022 году Гергіева звольнілі зь Мюнхэнскай філярмоніі, дзе ён быў галоўным дырыжорам, за адмову выказацца супраць уварваньня Расеі ва Ўкраіну. Пасьля гэтага Ўладзімір Пуцін прапанаваў яму абʼяднаць і ўзначаліць дырэкцыі Марыінкі і Вялікага тэатру.