У горадзе, паводле розных ацэнак, застаецца яшчэ сама меней 100 тысяч грамадзян.
Тое, што ў Марыюпалі адбываюцца жорсткія баі, ня толькі на зямлі і ў небе, але і на інфармацыйным полі, становіцца вядома ад тых, каму зь цяжкасьцямі, але ўдаецца выехаць з аточанага Марыюпалю.
Паводле папярэдніх ацэнак, якія далі прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і мэр гораду Вадзім Бойчанка, ад расейскіх абстрэлаў і баявых дзеяньняў загінулі ад 10 да 20 тысяч марыюпальцаў.
Свабода сабрала ключавыя факты з паведамленьняў генэральных штабоў Расеі і Ўкраіны, каб высьветліць, наколькі моцна трымаецца Марыюпаль.
Марыюпаль — ключавы горад для абодвух бакоў
Генэральныя штабы Ўкраіны і Расеі паведамляюць пра дасягненьні ў баявых дзеяньнях у Марыюпалі. Для абодвух бакоў гэты горад як галоўны бастыён, кантроль над ім будзе вызначаць далейшы ход расейскай вайны ва Ўкраіне і, магчыма, яе пераможцу.
Расея ледзь не штодня паведамляе аб тым, што ўкраінскія абаронцы Марыюпалю здаюцца ў палон. На брыфінгу 12 красавіка ў Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што «рэшткі падразьдзяленьняў украінскіх войскаў» пасьля «беспасьпяховай спробы прарвацца з атачэньня на тэрыторыі заводу „Ільліч“ добраахвотна склалі зброю і здаліся ў палон».
На мінулым тыдні расейскі бок таксама заяўляў, што ў палон здаліся ўкраінскія марскія пяхотнікі. Але ўкраінскі бок гэта зьняпраўдзіў. Галоўны камандуючы Ўзброеных сіл Украіны Валер Залужны заклікаў не абмяркоўваць публічна абарону Марыюпалю.
«Сувязь з падразьдзяленьнямі сіл абароны, якая гераічна ўтрымлівае горад, устойлівая і падтрымліваецца. Мы робім усё магчымае і немагчымае для перамогі і захаваньня жыцьця асабістага складу і мірных жыхароў на ўсіх кірунках», — заявіў Валер Залужны.
Пазьней дарадца мэра Марыюпалю Пятро Андрушчанка зьняпраўдзіў інфармацыю расейскага Мінабароны аб кантролі над заводам «Ільліч» і нават Левабярэжным раёнам.
Паводле яго, усе відэазапісы, якія распаўсюджвае расейскі бок, зроблены ў іншых месцах.
Адзіная інфармацыя, якую аднолькава канстатуюць бакі — гэта тое, што расейскія войскі працягваюць штурмаваць горад.
Хімічная зброя ці фосфарныя бомбы
Сродкі масавай інфармацыі са спасылкай на брытанскую выведку паведамілі, што расейская армія плянуе выкарыстаць супраць блякаднага Марыюпалю фосфарныя бомбы.
У той жа час прадстаўнікі групоўкі «ДНР» агучваюць пагрозы ўжыць хімічную зброю супраць украінскіх абаронцаў, якія абараняюць «Азоўсталь». Увечары 11 красавіка вайскоўцы палка «Азоў» заявілі, што супраць іх і мірных жыхароў расейцы выкарысталі невядомае атрутнае рэчыва.
Ва ўмовах блякады паходжаньне гэтага рэчыва немагчыма вызначыць, але сымптомы, паводле вайскоўцаў, указваюць менавіта на хімічныя рэчывы — гіпэрэмія твару, павышаны ціск, сухасьць і пякота ў роце і вачах.
Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр заявіла, што вайсковае кіраўніцтва Ўкраіны правярае інфармацыю аб магчымым прымяненьні расейцамі хімічнай зброі.
«Мы гэтую інфармацыю правяраем, спрабуем зразумець, што (гэта было). Можам гаварыць аб папярэдніх зьвестках, ёсьць думка, што гэта хутчэй фосфарныя боепрыпасы, магчыма, былі. Канчатковая афіцыйная інфармацыя будзе пазьней», — сказала Ганна Маляр у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону.
Вялікая Брытанія таксама мае намер праверыць інфармацыю пра магчымасьць выкарыстаньня Расеяй хімічнай зброі.
Прымусовая дэпартацыя і добраахвотная эвакуацыя
Марыюпальская гарадзкая рада вэрыфікавала інфармацыю аб 33 тысячах марыюпальцаў, якіх Расея прымусова вывезла на сваю тэрыторыю або на тэрыторыю так званых «ЛДНР».
Гарадзкія ўлады лічаць, што такім чынам Расея зрывае эвакуацыю, якую намагаюцца арганізаваць украінскія ўлады, але беспасьпяхова — марыюпальцы выяжджаюць толькі на ўласным аўтатранспарце.
Марыюпальская журналістка Юлія Гаркуша кажа, што дакладна колькасьць тых, хто яшчэ застаецца пад штодзённымі штурмамі ў Марыюпалі, невядомая. Яна сама толькі некалькі дзён таму змагла са сваім сынам вырвацца з заблякаванага гораду.
«Дакладна сказаць не магу, але ведаю, што шмат, бо мне штодзень пішуць тыя, хто зьвязаны з Марыюпалем — гэта і мае калегі, і сябры, і знаёмыя, хто выехаў... Яны просяць забраць людзей, дапамагчы знайсьці іх. Мне дасылаюць цэлыя сьпісы — гэта і старыя людзі, і бездапаможныя, і тыя, хто проста ляжыць і ня можа хадзіць, — гэта 50 гадоў, 30, 18, 82. То бок шукаюць людзей, і людзей сапраўды вельмі шмат», — сказала Юлія ў інтэрвію праекту Радыё Свабода «Новини Приазов’я»
«Мы доўга не маглі выехаць, і падціскала ўжо, і хацелася проста памерці, і мы не маглі выехаць, бо ў нас не было аўтамабіля, шмат аўтамабіляў пашкоджана, разрабавана, пабіта. Там сапраўды застаецца шмат людзей. А выходзіць пешкі — гэта вельмі небясьпечна і вельмі цяжка. На жаль, там вельмі шмат мірнага насельніцтва. І шкада, што гарадзкая ўлада не папярэдзіла загадзя пра эвакуацыю.
Я пра гэта казала, што тэрабарона папярэджвала, што, хутчэй за ўсё, горад будзе ў аблозе, і гэта за некалькі дзён да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня папярэджвалі. І шкада, што гарадзкія ўлады гэтага не зрабілі, бо яны баяліся панікі, а цяпер гэта ня вельмі мае сэнсу. Выехаць вельмі цяжка. Горад закрыты на ўезд, блёкпасты, блёкпост дээнэраўскі на ўезьдзе, яны пускаюць і не выпускаюць», — патлумачыла Юлія Гаркуша.
Ці магчыма разблякаваць Марыюпаль
Дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч перакананы, што ваенным чынам Марыюпаль немагчыма разблякаваць. Але, паводле яго, украінская ўлада з вайсковага пункту гледжаньня робіць усё магчымае.
11 красавіка позна ўвечары прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўдакладніў, што для разблякаваньня не хапае зброі.
«На жаль, мы не атрымліваем столькі, колькі неабходна, каб хутчэй завершыць гэтую вайну. Каб цалкам зьнішчыць ворага на нашай зямлі. І каб выканаць тыя задачы, якія для кожнага нашага чалавека зьяўляюцца відавочнымі. У тым ліку каб дэблякаваць Марыюпаль. Калі б мы атрымалі самалёты і дастатковую колькасьць цяжкай бранятэхнікі, неабходную артылерыю, мы маглі б гэта зрабіць. Але...», — панаракаў Уладзімір Зяленскі.
У той жа час прэзыдэнт Украіны паведаміў, што працягвае весьці перамовы і пераконваць партнэраў у неабходнасьці такой дапамогі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.