Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузія і Малдова зрабілі «першы крок на эўрапейскім шляху»


Прэм'ер Грузіі падпісвае заяўку на ўступленьне ў ЭЗ
Прэм'ер Грузіі падпісвае заяўку на ўступленьне ў ЭЗ

Грузія і Малдова атрымалі ад Эўразьвязу апытальныя лісты, адказы на якія неабходныя, каб даць гэтым краінам статус кандыдатаў на ўступленьне ў ЭЗ.

Пра гэта паведаміў адказны за пашырэньне Эўразьвязу эўракамісар Олівэр Вархэі, які 11 красавіка сустрэўся зь міністрам замежных спраў Грузіі Ільём Дарчыашвілі і кіраўніком МЗС Малдовы Ніку Папэску.

«Гэта першы крок на вашым эўрапейскім шляху. Мы гатовыя працаваць з вамі вельмі хутка, каб даць сваё меркаваньне Эўрапейскай радзе», — сказаў Вархэі.

Некалькімі днямі раней такі самы апытальны ліст атрымала Ўкраіна, якую наведала кіраўніца Эўракамісіі Урузуля фон дэр Ляен.

Малдова і Грузія падалі фармальную заяўку на ўступленьне ў ЭЗ усьлед за Ўкраінай. Кіеў зрабіў гэта празь некалькі дзён пасьля пачатку расейскага ўварваньня ў лютым.

Украіна разьлічвае на тое, што ўжо ўлетку стане краінай-кандыдаткай на ўступленьне ў ЭЗ. Звычайна гэты працэс займае некалькі гадоў.

Грузія і Малдова, як і Ўкраіна, маюць тэрытарыяльныя канфлікты. Частку іх тэрыторый кантралююць самаабвешчаныя рэспублікі, якія падтрымліваюцца Расеяй. І Малдова, і Грузія, заяўляючы аб асуджэньні расейскай агрэсіі супраць Украіны, дзейнічаюць вельмі асьцярожна. Яны выконваюць заходнія санкцыі супраць Расеі, але ня ўводзяць сваіх уласных.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG