Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць ахвяраў ракетнага ўдару па вакзале ў Краматорску дасягнула 50 чалавек


Пасьля ракетнага ўдару ў Краматорску, 8 красавіка 2022 г.
Пасьля ракетнага ўдару ў Краматорску, 8 красавіка 2022 г.

Паводле новых зьвестак, у выніку ракетнага ўдару 8 красавіка па чыгуначным вакзале ў Краматорску загінулі 50 чалавек. Пра гэта паведаміў кіраўнік адміністрацыі Данецкай вобласьці Павел Кірыленка.

38 чалавек загінулі на месцы, 12 памерлі ў бальніцы. Сярод загінулых — пяцёра дзяцей. Паведамляецца, што ў шпіталі былі дастаўленыя 98 чалавек, у тым ліку 16 дзяцей. На думку ўладаў, па мэдычную дапамогу зьвярнуліся яшчэ ня ўсе пацярпелыя.

На адным зь відэазапісаў, якія апублікаваў кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак, на ракеце відаць надпіс «За детей».

Зяленскі: Яны цынічна зьнішчаюць цывільнае насельніцтва

Мясцовыя валянтэры сьцьвярджаюць, што ў час абстрэлу на вакзале знаходзілася больш за тысячу грамадзян, бо праводзілася эвакуацыя.

«Ня маючы сіл і сьмеласьці супрацьстаяць нам на полі бою, яны цынічна зьнішчаюць цывільнае насельніцтва. Гэта зло, якое ня мае межаў. І калі яно ня будзе пакарана, то яно ніколі ня спыніцца», — напісаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Пасьля ракетнай атакі ў Краматорску
Пасьля ракетнай атакі ў Краматорску
Рэшткі ракеты
Рэшткі ракеты

Паводле факту абстрэлу і гібелі цывільных грамадзян завялі крымінальную справу на падставе ч.2 артыкула 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (парушэньне законаў і звычаяў вядзеньня вайны).

Ахвяры ракетнай атакі ў Краматорску
Ахвяры ракетнай атакі ў Краматорску

У Расеі адмаўляюць, што нанесьлі ракетны ўдар

У Расеі тым часам заявілі, што вакзал у Краматорску нібыта абстраляла Ўкраіна. Міністэрства абароны Расеі заявіла, што «ніякіх агнявых задач 8 красавіка ў Краматорску расейскія ўзброеныя сілы не выконвалі». У расейскім абарончым ведамстве таксама заявілі, што тактычныя ракеты «Точка-У» нібыта «выкарыстоўвае толькі ўкраінская армія».

Як паведамляе шэраг украінскіх тэлеграм-каналаў, адразу пасьля паведамленьняў аб запуску ракет у кірунку Краматорску расейскія СМІ пачалі паведамляць аб зьнішчэньні ўкраінскіх «баевікоў», а калі ў інтэрнэце пачалі распаўсюджвацца фатаздымкі з забітымі і пацярпелымі на станцыі, яны пачалі выдаляць першыя паведамленьні і пераконваць, што гэта «Ўкраіна абстраляла вакзал».

Сьведка абстрэлу: «Стаяў крык неймаверны — дзеці крычалі, іхныя маці крычалі»

Адна зь мясцовых жыхарак Краматорску расказала ўкраінскаму тэлеканалу «Дом», што ў момант падзеньня ракеты яна знаходзілася ўсярэдзіне вакзалу.

«Людзей было поўна... Усе стаялі, хто дзе. І раптам нехта закрычаў: „Падайце“, і ўсіх пачалі піхаць на падлогу. Я прысела і пачула выбухі і крык неймаверны — дзеці крычалі, іхныя маці крычалі... Там шмат было зь дзецьмі. Такі крык быў... і я падумала, што калі цяпер яшчэ купал зьляціць, то ўвогуле ўсіх заб’е. Але другога выбуху не было», — кажа жанчына.

Паводле яе, ад выбуху пачалі загарацца машыны:

«Каля ўваходу ў вакзал ляжаў забіты чалавек. Некалькі параненых вынесьлі вайсковыя, а ня хуткая. А там, дзе рэйкі — я не бачыла. Усе пабеглі — ратавальнікі, вайскоўцы... Там, кажуць, шмат людзей, галовы асобна ляжаць», — дадала сьведка.

Паводле апошняй інфармацыі, загінулі 39 грамадзян, у тым ліку 4 дзіцяці.

Гэта ня першы напад на аб’екты чыгункі

Напярэдадні, 7 красавіка, абстрэлам была пашкоджаная чыгуначная дарога і заблякаваныя тры цягнікі, на якіх эвакуавалі амаль 4 тысячы мірных жыхароў.

Украінскія ўлады заклікалі жыхароў Данецкай і Луганскай абласьцей тэрмінова эвакуавацца. Паводле Генштабу Ўкраіны і заходніх выведак, Расея сьцягвае свае войскі, каб атакаваць некантраляваныя ёю раёны Данецкай і Луганскай абласьцей. Міністар замежных спраў Дзьмітро Кулеба падчас візыту ў NATO заявіў, што гэтая бітва можа дасягнуць маштабаў Другой сусьветнай вайны з удзелам танкаў, авіяцыі і ракетных сыстэм.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG