Пра гэта СЕО кампаніі Аркадзь Добкін паведаміў у лісьце супрацоўнікам, паведамляе dev.by. Прычынай стала вайна ва Ўкраіне.
«Гэтая агрэсія спусташальная, і мы самым рашучым чынам яе асуджаем», — напісаў Аркадзь Добкін. Ён адзначыў, што 4 сакавіка кампанія абвясьціла пра сваё рашэньне спыніць абслугоўваньне кліентаў у Расеі, але пасьля дбайнай ацэнкі сваёй дзейнасьці за апошнія 4 тыдні і кансультацый з кліентамі і партнэрамі па ўсім сьвеце кампанія прыняла рашэньне спыніць усе апэрацыі EPAM у Расеі. Гэта адбудзецца паэтапна на працягу наступных 3 месяцаў.
«Цягам наступных некалькіх тыдняў мы будзем дзяліцца дадатковай інфармацыяй, каб усе нашы супрацоўнікі ў Расеі і нашы кліенты разумелі тэрміны пераходу, працэс і ўсе меры па зьмякчэньні наступстваў, якія мы можам прапанаваць», — паведамляе Добкін.
З пачатку вайны кампанія ЕРАМ выдзеліла гуманітарную дапамогу ўкраінскім супрацоўнікам кампаніі і іхным сем’ям на суму 100 млн даляраў.
«У наступныя некалькі дзён мы абʼявім пра запуск «EPAM Ukraine Assistance Fund», чыя місія — дапамагчы ўсім украінцам, якія маюць у гэтым патрэбу. Фонд пашырыць нашы раней абвешчаныя абавязаньні ў наданьні дапамогі за межы EPAM і нашых бягучых плятформаў, — паведамляе Добкін.
У лісьце ён падкрэсьлівае, што кампанія «сёньня больш, чым калі-небудзь, падтрымлівае Ўкраіну і кожны ўрад, бізнэс і чалавека, якія асуджаюць дзеяньні, распачатыя супраць народу Ўкраіны».