Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІТ-спэцыяліст, геадэзіст і два поўныя цёзкі: у Менску судзяць актывістаў анархісцкага руху


Менскі абласны суд
Менскі абласны суд

29 сакавіка ў Менскім абласным судзе пачаўся працэс над чатырма актывістамі анархісцкага руху — Яўгенам Рубашкам, Аляксандрам Бяловым, Арцёмам Салаўём і Арцёмам Салаўём. Іх вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў (арт. 342) і ў стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня (арт. 361, ч.1 КК).

Свабода даведалася, хто яны.

Чатырох фігурантаў справы затрымлівалі ў розныя дні. Чаму іх судзяць разам, не зусім зразумела, расказала Свабодзе журналістка Яўгенія Доўгая.

«Жэню Рубашку і Сашу Бялова затрымалі ў адзін дзень — 29 ліпеня 2021 году. Аднолькава жорстка. А двух поўных цёзак — Арцёмаў Салаўёў — наагул затрымлівалі асобна. У лістападзе інфармацыйны анархічны рэсурс „Прамень“, які яны чыталі, прызналі экстрэмісцкім фармаваньнем», — кажа Яўгенія Доўгая.

Працаваў у Нідэрляндах, валодае рэдкімі мовамі праграмаваньня

Яўген Рубашка скончыў БДУІР са спэцыяльнасьцю інжынэр-праграміст. Яшчэ ва ўнівэрсытэце ўдзельнічаў у розных грамадзкіх ініцыятывах: дапамагаў ладзіць паказы фільмаў, дабрачынныя кірмашы, а таксама быў актывістам ініцыятывы «Ежа замест бомбаў», шмат гадоў дапамагаў харчам і адзеньнем бяздомным.

8 гадоў пасьля ўнівэрсытэту ён працаваў у Беларусі ў ІТ-сфэры. Потым пераехаў на паўтара года ў Нідэрлянды. Валодае рэдкімі мовамі праграмаваньня.
Перад выбарамі Яўген Рубашка вярнуўся ў Беларусь. У 2020 годзе яго двойчы затрымлівалі ў адміністрацыйных справах і саджалі на 15 дзён.

«29 ліпеня 2021 году ў кватэры, дзе жыў Яўген, правялі ператрус. Пад гарачую руку трапіў і сусед Яўгена па кватэры, якому прысудзілі 14 дзён і які пазьнеў апавёў пра катаваньні. Супрацоўнікі ГУБАЗіКу пры затрыманьні, патрабуючы доступу да тэлефону і кампутару, білі Яўгена, нацягвалі на галаву пакет, прымушалі піць невядомую вадкасьць.

У Жэні жалезная воля, у той жа час ён вельмі разважлівы, спакойны і флегматычны чалавек. Я ніколі ня чула, каб ён сварыўся ці крычаў. Зь ім было вельмі цікава размаўляць пра прыроду рэчаў,» — узгадвае Яўгенія Доўгая.

У СІЗА Яўген Рубашка пачаў пісаць вершы. Іх ужо больш за 40. Сябры вырашылі выдаць зборнік ягоных твораў.

Яўгена Рубашку праваабаронцы прызналі палітвязьнем.

Геадэзіст, які дапамагаў бяздомным

Выпускнік БДУ Аляксандар Бялоў працаваў па разьмеркаваньні геадэзістам у будаўнічай кампаніі. Як і Яўген Рубашка, затрыманы 29 ліпеня. Спачатку ў адміністрацыйнай справе, а 8 жніўня яго перавялі на Валадарку, абвінаваціўшы ў масавых беспарадках і стварэньні «экстрэмісцкага фармаваньня».

«Сашу затрымалі, калі ён выходзіў на працу. Ён мае „карту паляка“ і даўно мог зьехаць з краіны, аднак вырашыў застацца ў Беларусі. Саша казаў, што такіх, як ён, выціскаюць з краіны, а яны супраціўляюцца. Таму і ня зьехаў.

Ён займаўся арганізацыяй дабрачынных мерапрыемстваў, рабіў фрымаркеты, раздаваў ежу бяздомным. Трымаецца бадзёра», — кажа Яўгеня Доўгая.

Поўныя цёзкі — два Арцёмы Салаўі, бляндын і брунэт

Так супала, што яшчэ два фігуранты справы — поўныя цёзкі. Абодва Арцёмы, прозьвішча абодвух Салавей. Адзін зь іх бляндын, другі брунэт. Пра бляндына Арцёма Салаўя амаль няма інфармацыі.

Брунэт Арцём Салавей быў затрыманы 4 жніўня 2021 году і пабіты ў міліцыі: яго ставілі ў «ластаўку» і пагражалі згвалтаваньнем, каб сказаў пароль ад свайго тэлефона.

5 жніўня суд Заводзкага раёну прысудзіў яму 15 дзён арышту за дробнае хуліганства па арт. 19.1 КаАП (нібыта пры дастаўленьні ў РУУС паводзіўся агрэсіўна). Пазьней яго зноў затрымалі — ужо па крымінальнай справе (ч.1 арт. 342 КК — масавыя беспарадкі), затым дадалі да абвінавачаньняў яшчэ і стварэньне «экстрэмісцкага фармаваньня».

Журналістка Яўгенія Доўгая кажа, што Арцём вельмі перажываў, калі затрымлівалі сяброў.

«1 верасьня 2020 году затрымалі сябра Арцёма Ільлю Сянько за тое, што той трымаў плякат „Францкевіча і Гаеўскага-Хаканаду катуюць у КДБ“. Тады прайшла інфармацыя ад сваякоў, што хлопцаў катавалі электрашокерам. Самога Ільлю пры затрыманьні пабілі, вырвалі з носу пірсінг. Арцём Салавей прасіў тады перадаць перадачу для Ільлі, бо ў самога не было з сабой пашпарту. Дык беларусы дапамаглі і сабралі яшчэ шмат смачнага для Ільлі», — распавяла Яўгенія.

Суд праходзіць у закрытым рэжыме: судзьдзя Алена Місьнік задаволіла хадайніцтва пракурора Мікалая Рамановіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG