Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bellingcat: У Рамана Абрамовіча і яшчэ двух удзельнікаў перамоваў Расея-Ўкраіна зьявіліся сымптомы хімічнага атручэньня


Расейскі мільярдэр Раман Абрамовіч
Расейскі мільярдэр Раман Абрамовіч

Міжнародная дасьледчая група Bellingcat сьцьвярджае, што ў траіх чальцоў дэлегацыі, якія ўдзельнічалі ў мірных перамовах паміж Украінай і Расеяй у ноч з 3 на 4 сакавіка 2022 году, зьявіліся сымптомы атручэньня, падобныя да атручэньня хімічнай зброяй.

Паводле дасьледнікаў, існуе падазрэньне, што за атручэньнем стаяць «маскоўскія прыхільнікі жорсткай лініі», якія такім чынам хочуць сабатаваць перамовы аб спыненьні вайны.

У згаданых перамовах удзельнічалі, сярод іншых, расейскі прадпрымальнік Раман Абрамовіч і народны дэпутат Украіны Рустэм Умераў. Паводле Bellingcat, Абрамовіч, Умераў і неназваны расейскі прадпрымальнік паехалі зь перамоваў на кватэру ў Кіеве, дзе адчулі першыя сымптомы — у тым ліку запаленьне вачэй і скуры і пранізьлівы боль у вачах.

Паводле зьвестак крыніц The Wall Street Journal, атручэньне было арганізавана Масквой з мэтай сарваць перамовы. Яны дапускаюць атручэньне хімічным ці біялягічным рэчывам, або праз узьдзеяньне электрамагнітнага выпраменьваньня. Паводле зьвестак The Insider, мэтай Крамля быў ня сам зрыў перамоваў, а менавіта атака на Рамана Абрамовіча, двое іншых удзельнікаў пацярпелі толькі таму, што пасьля перамоваў начавалі зь ім у адной кватэры.

Цяпер усе трое адчуваюць сябе нармальна. На наступны дзень пасьля атручэньня яны здалі аналізы, якія пры дапамозе Bellingcat былі перададзеныя спэцыялістам па хімічнай зброі. Атрутнае рэчыва ўстанавіць пакуль не ўдалося, аднак экспэрты схіляюцца да таго, што мела месца атручэньне хімічным рэчывам.

Экспэрты заявілі, што доза і тып выкарыстанага таксіну, верагодна, былі недастатковыя для нанясеньня небясьпечнай для жыцьця шкоды і, хутчэй за ўсё, мэтай было напалохаць ахвяраў, а не нанесьці незваротную шкоду. Пацярпелыя заявілі, што ім невядома, хто мог быць зацікаўлены ў атацы. The Insider і Bellingcat працягваюць расьсьледаваньне.

Тым часам неназваная крыніца ў спэцслужбах ЗША распавяла агенцтву Reuters, што паводле наяўных зьвестак выведкі недамаганьне Абрамовіча і ўкраінскіх перамоўнікаў было выклікана фактарамі навакольнага асяродзьдзя, а не атручэньнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG