Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 25 сакавіка: у Чэрыкаве затрымалі пратэстанцкага пастара; ператрусы да Дня Волі ў Наваполацку і Янаве


Ілюстрацыйнае фота. Беларускія сілавікі
Ілюстрацыйнае фота. Беларускія сілавікі

Свабода адсочвае выпадкі перасьледу грамадзян за іх палітычныя перакананьні і грамадзкую дзейнасьць.

У Чэрыкаве затрымалі сьвятара

25 сакавіка а 8-й раніцы ў Чэрыкаве затрымалі сябра БСДП, пастара пратэстанцкай царквы Рамана Раждзественскага.

Міліцыянты канфіскавалі ў Рамана кампутар і тэлефон, паведамляе Беларуская сацыял-дэмакратычнай партыя (Грамада). Паводле інфармацыі партыі, прычына затрыманьня — падабайкі ў Facebook у жніўні 2020 году. Заўтра Раману спаўняецца 45 гадоў.

Ператрусы напярэдадні Дня Волі ў Наваполацку

21 сакавіка ў Наваполацку прайшлі ператрусы ў актывістаў і ў офісе Беларускага незалежнага прафсаюзу, паведамляе «Вясна». Фармальна ператрус праводзілі ў межах крымінальнай справы, па «факце выдаваньня пэрсанальных дадзеных судзьдзі Балаболавай».

Дадому прыйшлі да намесьніка пярвічнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу «НАФТАН» Генадзя Вароны. Позна ўвечары зь ператрусам прыйшлі да актывісткі Ніны Барысавай. 23 сакавіка прайшоў ператрус у юрысткі БНП Марыны Сацукевіч.

У выніку ператрусаў забралі аргтэхніку, мабільныя тэлефоны, дакумэнты, прафсаюзную сымболіку (сьцягі), ключы ад офісных памяшканьняў, сэйфа і інш.

На самім заводзе супрацоўнік службы бясьпекі «Нафтан» Жагланаў праводзіць «гутаркі» з работнікамі прадпрыемства: пагражае звальненьнем за сяброўства ў незалежным прафсаюзе.

У былой настаўніцы зь Янава, якая адбывае «хатнюю хімію» за рэпосты, прайшоў ператрус

24 сакавіка супрацоўнікі Янаўскага (Іванаўскага) РАУС Берасьцейскай вобласьці прыйшлі зь ператрусам да Алены Пуцыковіч, якую асудзілі паводле арт. 188 Крымінальнага кодэксу (паклёп) за два рэпосты ў сацсетках пра міліцыянтаў, піша «Вясна».

Ініцыяваў ператрус опэрупаўнаважаны Пінскага ГАУС Яроміч па факту падпіскі на тэлеграм-чат «Пинск для жизни», які прызнаны экстрэмісцкім; санкцыянаваў яго пракурор Сяргей Жуковіч, які выступаў дзяржабвінаваўцам у справе супраць Алены. Гэта чацьвёрты ператрус у жанчыны, які ён санкцыянуе. У выніку ператрусу ў Алены забралі тэлефон.

За час адбыцьця «хатняй хіміі» Алене ўжо вынесьлі дзьве вымовы з надуманых прычынаў. Ёй пагражаюць зьмяніць меру пакараньня на больш жорсткую.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG