Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны G7 заявілі аб гатоўнасьці адмовіцца ад расейскіх энэрганосьбітаў і заклікалі краіны, якія здабываюць нафту і газ, павялічыць пастаўкі


Лідэры краін G7
Лідэры краін G7

Лідэры краін «Вялікай сямёркі» выпусьцілі заяву супраць расейскага ўварваньня ва Ўкраіну па выніках праведзенага ў чацьвер саміту ў Брусэлі.

Краіны G7 заявілі, што «робяць далейшыя крокі па зьніжэньні залежнасьці ад расейскіх энэрганосьбітаў».

«Мы абавязваемся актыўна падтрымліваць краіны, якія жадаюць паступова адмовіцца ад залежнасьці ад імпарту расейскага газу, нафты і вугалю», — напісана ў тэксьце заявы.

Асобна лідэры G7 заклікалі краіны-вытворцы нафты і газу «дзейнічаць адказна» і нарошчваць пастаўкі на міжнародны рынак. Адначасова адзначаецца, што ключавую ролю ў гэтым павінна іграць OPEC.

У заяве таксама сказана, што краіны G7 выступаюць за поўнае выкананьне санкцый, уведзеных у дачыненьні да Расеі, і гатовыя каардынаваць адказы на спробы абысьці абмежаваньні, «у тым ліку гэта тычыцца апэрацый Цэнтрабанку Расеі з золатам». У заяве падкрэсьліваецца, што лідэры краін G7 гатовы ўвесьці дадатковыя санкцыі ў выпадку неабходнасьці.

Акрамя таго, лідэры G7 перасьцераглі Маскву ад выкарыстаньня біялягічнай, хімічнай і ядзернай зброі падчас распачатай Расеяй вайны супраць Украіны.

«Мы папярэджваем адносна любой пагрозы выкарыстаньня хімічнай, біялягічнай і ядзернай зброі або зьвязаных зь ёю матэрыялаў», — падкрэсьліваецца ў заяве.

У дакумэнце гаворыцца пра гатоўнасьць краін прымаць бежанцаў з Украіны.

У G7 уваходзяць ЗША, Канада, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Францыя, Японія і Італія. Яны праводзяць абмеркаваньні з удзелам кіраўніцтва Эўрапейскага Зьвязу.

На фоне расейскага ўварваньня ва Ўкраіну брытанска-нідэрляндзкая кампанія Shell заявіла аб паэтапнай адмове ад нафты і газу з Расеі, а ў брытанскай BP адмовіліся ад новых кантрактаў на набыцьцё расейскіх нафты і газу.

Найбуйнейшы нямецкі энэргаканцэрн E. ON абвясьціў аб адмове ад новых закупаў расійскага газу. Раней ЗША і Вялікая Брытанія паведамілі аб рашэньні ўвесьці эмбарга на пастаўкі нафты з Расіі. Лідэры ЭЗ пакуль толькі абмяркоўваюць такую магчымасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG