Полька Агнешка Стройна-Рашэ жыве ў Празе. Яе муж, немец Штэфан, працуе гандлёвым прадстаўніком кампаніі Škoda Auto, якая належыць нямецкаму канцэрну Volkswagen. Двое іхных сыноў вучацца ў эўрапейскіх унівэрсытэтах, а дачка ходзіць у міжнародную амэрыканскую школу ў чэскай сталіцы.
«Міжнародная сям’я»
«Мы міжнародная сям’я. У Празе жывём ужо трэці раз. Мы тут пажылі два гады да таго, як пачалі нараджацца нашы дзеці, — пачынае свой аповед Агнешка. — Пасьля мы выехалі ў Ірляндыю, потым у Польшчу, дзе нарадзіліся дзеці, і вярнуліся ў Прагу, дзе заставаліся восем гадоў. Потым мы яшчэ пажылі пяць гадоў у Брусэлі, а цяпер зноў прыехалі ў Чэхію. Можна сказаць, Прага — наш другі дом, а можа, і першы, я ўжо й ня ведаю. У кожным разе, я тут правяла палову свайго замужняга жыцьця».
Акрамя роднай польскай, Агнешка свабодна валодае ангельскай, нямецкай і чэскай мовамі. Даволі добра можа дамовіцца па-француску і па-нідэрляндзку. У маладосьці ў Польшчы, у школе і ва ўнівэрсытэце, яна восем гадоў вучылася расейскай мове, якую няблага разумее, аднак цяпер у размове, прызнаецца, ейную расейскую «выціскае» чэская. Тым ня менш, як дадае Агнешка, яе веданьне расейскай — вялікая перавага ў цяперашняй працы валянтэркі, бо большасьць чэскіх валянтэраў не разумее ні расейскай, ні ўкраінскай.
«Я пасадзіла іх у аўта і завезла ў Нюрнбэрг»
Агнешка кажа, што пайсьці ў валянтэркі яна вырашыла сама, ніхто яе не намаўляў. Яна знайшла ў Фэйсбуку старонку польскай калёніі ў Празе, якая пачала дапамагаць украінскім уцекачам, і там даведалася, што трэба ўзяць на начлег дзьве ўкраінкі. З гэтага пачалося яе валянтэрства.
«Я адгукнулася, паехала і ўзяла гэтых дзьвюх спадарынь да сябе, яны аказаліся сёстрамі і пажылі ў нас тыдзень. Я правяла зь імі даволі шмат часу ў размовах і крыху падвучыла ўкраінскія словы. Яны хацелі ехаць далей, у Бэрлін. Я пагугліла, пазваніла туды-сюды і прыйшла да высновы, што ім будзе лепш паехаць у Нюрнбэрг, чым у забіты ўцекачамі Бэрлін, куды прыяжджаюць цягнікі з Польшчы. Таму я пасадзіла іх у аўта і завезла ў Нюрнбэрг, у цэнтар, які прымае ўцекачоў. Празь дзьве гадзіны сёстры пазванілі мне і сказалі, што ў іх ужо ёсьць начлег, ёсьць дзе харчавацца і яны маюць усю патрэбную інфармацыю, у тым ліку такую, дзе запісацца на курс нямецкай мовы. Яны мне цяпер пішуць праз кожныя тры-чатыры дні».
Немцы, адзначае Агнешка, працэс прыёму ўкраінскіх уцекачоў маюць добра арганізаваны, таму што некалькімі гадамі раней яны прынялі сотні тысяч уцекачоў з Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі. Цяпер тыя колішнія цэнтры ўзнавілі працу. У кожным з такіх цэнтраў ёсьць сьпісы месцаў, дзе можна пераначаваць, і сьпісы людзей, ахвочых прыняць уцекачоў на начлег.
«Калі нехта прыяжджае з Украіны ў Прагу і кажа, што ня ведае, што рабіць далей, я раю: едзь далей, у Нямеччыну, там будзе лягчэй», — дадае валянтэрка.
«Hlavák»
«Потым я пачала шукаць, дзе б можна было дапамагаць, працуючы фізычна цягам дня, бо пакуль яшчэ ў мяне няма тут сталай працы. На Фэйсбуку я знайшла арганізацыю Hlavák. Гэта прыватная ініцыятыва людзей, якія вырашылі нешта рабіць на галоўным чыгуначным вакзале ў Празе (Hlavní nádraži Praha), куды прыбываюць цягнікі з уцекачамі. Аказалася, што там патрэбны людзі, якія будуць сустракаць уцекачоў на пэроне, даваць ім патрэбную інфармацыю, прапаноўваць каву і гарбату, карміць загадзя падрыхтаванымі бутэрбродамі. На галоўным вакзале арганізавалі таксама начлежны пункт, дзе ўцекачам можна пераначаваць, калі ў іх ёсьць квіток у далейшую дарогу. І тут я пачала валянтэрыць. З учорашняга дня існуе ўжо фантастычная арганізацыйная сыстэма — у інтэрнэце ёсьць адмысловая старонка, на якой можа ўпісаць дату свайго дзяжурства на вакзале і памяняць яе, калі табе выпадзе нешта іншае і ты ня зможаш прыйсьці».
Агнешка таксама кажа, што некалькі дзён таму чэскі філіял недзяржаўнай міжнароднай арганізацыі LaStrada, якая змагаецца супраць гандлю людзьмі, запусьціла онлайн-курс для валянтэраў з Hlaváka, на якім вучаць, як распазнаваць і выкрываць тых, хто пад выглядам дапамогі ўцекачам прапануе ўзяць на начлег маладых жанчын і дзяцей, каб потым прадаць іх у сэксуальнае ці іншае рабства за мяжою.
Ініцыятыва Hlavák, якая стартавала як невялікая група людзей добрай волі, зь цягам часу стала шматлікай арганізацыяй. «На трохгадзінным дзяжурстве цяпер працуюць адначасова 60 валянтэраў, у тым ліку 45 такіх, якія хоць трохі ведаюць расейскую мову або ўкраінскую і сустракаюць уцекачоў ля цягнікоў, — тлумачыць Агнешка. — Яны дапамагаюць уцекачам разабрацца зь цягнікамі і квіткамі, калі яны едуць з Прагі далей, або кіруюць у Кангрэсавы цэнтар у Празе тых, якія хочуць застацца ў Чэхіі і мусяць там зарэгістравацца».
«Яны прыяжджаюць сюды, ня ведаючы, куды ім трэба»
«У Прагу прыяжджаюць цягнікі з уцекачамі, арганізаваныя гуманітарнай групай Člověk v tísni. Цягнікі прыяжджаюць з польска-ўкраінскай мяжы, зь Пярэмышля. Частка ўцекачоў сядае на такі цягнік у Польшчы, каб зьехаць хоць куды. Яны прыяжджаюць сюды, ня ведаючы, куды ім трэба, — кажа спадарыня Стройна-Рашэ. — Трапляюцца, вядома, асобы, якія некага ведаюць у Чэхіі, якія маюць тут нейкіх знаёмых, сваякоў ці нават сямейнікаў. Але большасьць зь іх ня ведаюць нікога і, больш за тое, ня маюць квітка на цягнік з Прагі кудысьці далей, бо ня ведаюць, куды ім ехаць. Фармальна такім асобам нельга начаваць на вакзале. Але валянтэры ў пэўных выпадках дазваляюць пераначаваць».
На галоўным вакзале ў Празе ёсьць некалькі відаў занятку для валянтэраў, тлумачыць Агнешка. Ёсьць месца, дзе ўцекачам выдаюць напоі і бутэрброды і рыхтуюць іх — тут валянтэрам неабавязкова ведаць расейскую ці ўкраінскую мову. Ёсьць начлежная, дзе кожную раніцу трэба слаць ложкі і прыбіраць — тут веданьне мовы таксама не патрэбна. А вось на месцах, прызначаных для інфармацыйнага абслугоўваньня ўцекачоў, валоданьне расейскай ці ўкраінскай мовай валянтэрамі на пэўным элемэнтарным узроўні неабходна.
«Паранены»
Агнешка расказвае, што валянтэрам на галоўным вакзале ў Празе даводзіцца сутыкацца таксама з даволі нестандартнымі ці нават кур’ёзнымі выпадкамі.
«Прыйшоў да нас мужчына, які сказаў, што яго параніла ва Ўкраіне падчас бамбаваньня. Зразумела, адразу ўзьнікла пытаньне, якім чынам мужчына, якому няма шасьцідзесяці гадоў, здолеў выехаць з Украіны і прыехаць у Чэхію. У прынцыпе, гэта магчыма, калі бацька едзе зь дзіцем, якое хварэе на рэдкую і цяжкую хваробу, напрыклад мукавісцыдоз. Але тут прыйшоў зь нейкім раненьнем адзінокі мужчына, якому на выгляд не было і пяцідзесяці гадоў. Прыйшоў лекар, папрасіў у мужчыны пашпарт, але той пачаў выкручвацца і нешта тлумачыць на мове, якую ніхто не разумеў. Паслалі па ўкраінку, якая ідэнтыфікавала мову мужчыны як нейкі русінскі дыялект. Аказалася, што гэты русін паходзіць з Вугоршчыны, ён працаваў на нейкай нелегальнай будоўлі ў Празе, там яго параніла, у яго не было страхоўкі, і нехта яму параіў прыкінуцца ўкраінскім уцекачом, каб атрымаць дармовую лекарскую апеку на вакзале. Перакладчыца Надзя, якая тады прыйшла з кухні, дзе валянтэрыла, казала таму мужчыну: „Ты перастань хлусіць, бо тут стаяць паліцыянты, і чым больш ты будзеш хлусіць, тым больш праблемаў у цябе ўзьнікне“. Яго забралі, і я ня ведаю, ні куды ён падзеўся, ні як закончылася яго гісторыя».
«Потым яшчэ была такая гісторыя. Мне звоняць і кажуць: Агнешка, прывязі нейкае цёплае адзеньне, бо тут прыехалі людзі зь дзецьмі, якія нічога цёплага на сабе ня маюць, апранутыя абсалютна па-летняму. Я думаю: як яны прыехалі з Украіны бязь цёплага абутку і паліто?! Гэта ж зіма! Аказалася, што гэта былі баба і дзед, абое даволі яшчэ маладыя, з унукамі, зь якімі прыехалі з Эгіпту, дзе былі на вакацыях. Маці гэтых дзяцей сказала ім не вяртацца ва Ўкраіну, і яны вырашылі прыляцець у Прагу. Гэты дзед быў інжынэрам-мэталюргам у Крывым Рогу і загадзя ведаў, што ў Чэхіі можа атрымаць працу, таму забраў унукаў сюды. Але гэта выключная сытуацыя, бо большасьць мужчын-украінцаў, якія да вайны працавалі ў Чэхіі, якраз цяпер вяртаюцца ва Ўкраіну. Украінкі, якія прыяжджаюць сюды зь дзецьмі і вырашаюць застацца ў Чэхіі, хочуць працаваць, але я ня ведаю, ці ўдасца ім знайсьці нейкую працу, каб пракарміць сябе і дзяцей, і калі гэта будзе».
«Ці няма ў вас адбіўной?»
«Здараюцца і забаўныя сытуацыі. Калі я дзяжурыла пры выдаваньні падмацунку на вакзале, то даводзілася час ад часу чуць пытаньне ад жанчын: „Слухайце, а ці няма ў вас адбіўной? Я на дыеце і ўжо не магу другі тыдзень есьці адны бутэрброды“. Або яшчэ: „А да кавы ў вас нічога няма, нейкага пячэньня?“ Канешне, валянтэраў разьбірае сьмех, але трэба зразумець тых жанчын, якія некалькі тыдняў дабіраюцца да Прагі і ў дарозе ядуць толькі бутэрброды».
«А ці ня трэба вам корм для сабакі?»
«Уначы, калі няма валянтэраў, на вакзале дзяжураць пажарнікі. Яны таксама пільнуюць нашу кладоўку, каб ніхто нічога адтуль не вынес. Мы ня ўсё з кладоўкі выстаўляем напаказ, бо калі б выставілі, яно хутка прапала б, проста людзі бралі б зашмат і ўмомант усё разабралі б. Таму, калі я бачу жанчыну з малым дзіцём, то пытаю ў яе: „Вам трэба пампэрсы? Трэба сухое малако?“ Тое самае, калі нехта прыходзіць з сабакам: „Ці маеце корм для сабакі?“ Бо ў нас ёсьць, толькі ён схаваны пад сталом».
«Ёсьць таксама на вакзале стэнд, дзе дзяжураць студэнты мэдыцыны, і яны дапамагаюць уцекачам на месцы, у выпадках, якія не патрабуюць нейкай спэцыялізаванай апекі ці кансультацыі. Студэнты, таксама як і валянтэры з Hlávaka, самаарганізаваліся, гэта выключна грамадзкая ініцыятыва, а не ўрадавая. Урадавая ініцыятыва на вакзале — гэта толькі пажарнікі і іх дзяжурства і дапамога. А ўсе іншыя — чэскія валянтэры, людзі добрай волі. Пра іх можна пісаць кнігу. Як і пра ўцекачоў і іхныя гісторыі, дарэчы».
«Хлопец і шчанюк»
«Напісала нам маладая жанчына: „Мне трэба ў Нямеччыну, у мяне малое дзіця і шчанюк. Хто мне дапаможа?“ Я адпісала ёй: Калі хочаш, завязу цябе ў Нюрнбэрг, бо ўжо ведаю гэты маршрут. А яна: „Але мне трэба ў Франкфурт“. А я ёй: „Завязу цябе ў Нюрнбэрг, а адтуль паедзеш у свой Франкфурт цягніком“. Мы дамовіліся, я прыехала па яе, па дарозе яна расказала сваю гісторыю. Яна разьведзеная. Я, кажа, мела ў Харкаве сваю кватэру, добрую працу ў банку. Чатыры дні да пачатку вайны яна ўзяла васьмімесячнага шчанюка для свайго дзесяцігадовага сына. І з гэтым сынам і шчанюком ім удалося дабрацца да Прагі. У Франкфурце, куды яна накіроўвалася, жыве яе сяброўка ці проста нейкая знаёмая. Жанчына мне апавядала пра Харкаў, які гэта цудоўны горад, які ў іх цудоўны мэр, які збудаваў прыватны заапарк і адкрыў яго за чатыры месяцы да вайны. Я пытаю яе: „Значыць, ты пакажаш мне і заапарк, і свой горад пасьля вайны?“ А яна: „Я нічога табе не пакажу, бо таго гораду, які быў да вайны, ужо няма“. Мы ехалі тры гадзіны, і яна ўвесь час расказвала мне, як ёй удалося выехаць з Украіны з хлопцам і шчанюком. Мы раз-пораз затрымліваліся, каб той сабачка мог высікацца. Жанчына вельмі перажывала, што будзе з сабачкам, які яшчэ не навучыўся прасіцца на двор, у кватэры ў Нямеччыне, дзе, маўляў, такія прыгожыя дываны і паркеты…».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.