Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьцейскай вобласьці два батанічныя помнікі прыроды аб’ядналі ў адзін і значна скарацілі плошчу


«Зьдзітаўскія дубы», якія маюць статус асаблівай аховы. Жабінка, Берасьцейская вобласьць
«Зьдзітаўскія дубы», якія маюць статус асаблівай аховы. Жабінка, Берасьцейская вобласьць

Жабінкаўскі раённы выканкам аб’яднаў два батанічныя помнікі прыроды мясцовага значэньня ў адзін, але яго плошча скарацілася ў некалькі дзясяткаў разоў.

Як вынікае з адпаведнага рашэньня раённых уладаў, якое набыло моц 22 сьнежня, два батанічныя помнікі прыроды «Зьдзітаўскі сквэр» і «Зьдзітаўскія дубы» аб’ядналі ў адзін — «Зьдзітаўскія дубы» ў сувязі з зьменай іх межаў, рэжыму аховы і выкарыстаньня.

«Зьдзітаўскага сквэру», які атрымаў ахоўны статус у 2019 годзе і, як адзначаецца на сайце Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, уяўляў «унікальны куточак жывой прыроды на правым беразе ракі Мухавец з узроставымі экзэмплярамі дубу, алешыны і елі» больш няма.

Агульная плошча батанічнага помніку цяпер складае 0,1952 га. Пры стварэньні ў 2019 годзе плошча «Зьдзітаўскага сквэру» была 5,973 гектара, а «Зьдзітаўскіх дубоў» (ствараўся ў 2016 годзе. — РС) — 0,3529 гектара.

У прыродны помнік «Зьдзітаўскія дубы» ўваходзілі 10 векавых чарэшчатых дубоў. У рашэньні не ўдакладняецца, якая іх колькасьць засталася.

Сёлета ў сьнежні Савет міністраў Беларусі пераўтварыў біялягічны заказьнік «Спораўскі» рэспубліканскага значэньня (таксама ў Берасьцейскай вобласьці. — РС)і зацьвердзіў яго новыя межы, што прывяло да скарачэньня яго плошчы з 19 384 да 19 202,54 гектара.

У ліпені стала вядома аб зьмяншэньні плошчы ельніку «Калінкавіцкія» на 63,21 га — да 108,29 га, бо там ад засухі пацярпела 41,1% плошчы ельнікаў.

У лістападзе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольля Беларусі ўхваліла пастанову аб спыненьні функцыянаваньня батанічнага помніка прыроды рэспубліканскага значэньня «Астраўныя ельнікі Добрускія» ў Добрускім раёне Гомельскай вобласьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG