Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 15 сакавіка: вучаніц каледжа прымусілі «пакаяцца» за TikTok-ролікі з ваеннай тэхнікай; новыя прысуды за пратэсты

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота. Расейскія танкі ў Беларусі, 18 лютага 2022 году
Ілюстрацыйнае фота. Расейскія танкі ў Беларусі, 18 лютага 2022 году

У Беларусі не спыняецца перасьлед за грамадзянскую пазыцыю. Цяпер затрымліваюць за пратэсты ня толькі супраць улады Лукашэнкі, але супраць вайны ва Ўкраіне.

Сілавікі прымусілі дзьвюх вучаніц гомельскага каледжа кулінарыі прасіць прабачэньня на камэру за ролікі ў TikTok. «Пакаяльныя відэа» з дзьвюма, верагодна, непаўнагадовымі вучаніцамі апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. На іх дзяўчаты просяць прабачэньня за тое, што выклалі ў TikTok відэа зь перасоўваньнем ваеннай тэхнікі і абяцаюць больш так не рабіць, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».

У Беларусі 9 новых палітвязьняў

15 сакавіка палітвязьнямі прызнаныя: Аляксандар Антанюк, Васіль Цяленчанка, Дзіяна Верашчагіна, Анастасія Кухта, Маргарыта Блашко, Антон Кошчанка, Вольга Томіна (ім прад’яўвілі абвінавачваньні\заключылі пад варту\вынесьлі прысуды па ч. 1 артыкула 342 КК РБ, «Групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») і Вадзім Сямёнаў, Уладзімір Гарбавец, якіх ужо адправілі адбываць пакараньне па гэтым жа артыкуле, паведамляюць праваабаронцы.

У Віцебску затрымалі актывіста Барыса Хамайду

Сёньня пасьля абеду Барыс Хамайда патэлефанаваў журналістам і сказаў, што знаходзіцца ў Чыгуначным РАУС абласнога цэнтру. Больш на сувязь ён не выходзіў, паведамляе «Віцебская Вясна».

2 гады калёніі за тое, што жадаў «вельмі дрэннага здароўя» Лукашэнку і заклікаў разьбірацца зь міліцыянтамі

Берасьцейскі абласны суд разгледзеў справу Яўгена Трушко, якога абвінавачвалі адразу па двух артыкулах за камэнтары ў тэлеграм-канале: ч. 1 арт. 368 «Абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь» і ч. 1 арт. 130 «Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці або розьні», паведамляе «Вясна».

Гаворка ідзе пра наступныя камэнтары:

  • «Пусть Пинск вам будет примером. Е…ашьте толпой, ОМОН не люди, ОМОН —​ зверьё, которое может е…шить 1 человека впятером: детей, женщин. Берите арматуру, биты и толпой е…ашьте стадо, безмозглое, с…ка, стадо».
  • «Ребят… у меня дикое желание их вырезать. Мне нужна форма ОМОНа и дубинка. Я буду среди них в толпе. Из-за спины можно наворотить дел. Давайте с животными поступать как животные».
  • «Уе…ан, слег бы, как и твои собратья, в реанимацию».

Судзьдзя Валянціна Куніцкая прысудзіла Трушко 2 гады калёніі агульнага рэжыму.


20-гадовую студэнтку гістфаку асудзілі да трох гадоў «хіміі»

Палітзьняволенай студэнтцы гістарычнага факультэту БДУ Анастасіі Вайтовіч прысудзілі тры гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у ПУАТ — «хіміі». Судзьдзя Анастасія Ачалава прызнала дзяўчыну вінаватай паводле ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэксу. Справу разгледзелі ў судзе Ленінскага раёна Менску, паведамляе «Вясна».

Вядома, што 20-гадовую дзяўчыну вінавацілі ва ўдзеле ў «счэпцы» на адной з акцый пратэсту 2020 году. У СІЗА да суда яна правяла амаль чатыры месяцы.


Сем гадоў калёніі за перадачу дадзеных прадстаўнікоў сілавых ведамстваў тэлеграм-каналам

У Менскім гарадзкім судзе 15 сакавіка вынесьлі прысуд па крымінальнай справе аб распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці, незаконных дзеяньнях і распаўсюджваньні зьвестак аб прыватным жыцьці ў дачыненьні да жыхара сталіцы, палітычнага зьняволенага Вячаслава Кандыбы, паведамляе «Вясна».

Па вэрсіі сьледзтва, Кандыба ажыцьцяўляў перадачу дадзеных прадстаўнікоў сілавых ведамстваў апазыцыйнаму телеграм-каналу.

Судзьдзя Алена Ананіч прысудзіла абвінавачанаму 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з пазбаўленьнем спэцыяльнага званьня «падпалкоўнік юстыцыі» запасу.

Палітвязьню прысудзілі тры гады «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту

15 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна Менску да трох гадоў «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту асудзілі 28-гадовага палітзьняволенага Сяргея Шаўчэнку, паведамляе «Вясна».

Сяргея затрымалі 10 лістапада, а сёньня пасьля чатырох месяцаў зьняволеньня ў СІЗА-1 вызвалілі ў залі суда.

Судзьдзя Людміла Целіца асудзіла палітвязьня па ч. 1 арт. 342 КК «(Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

Менчука асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі» за пасьлявыбарчыя падзеі

4 сакавіка да трох гадоў «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе ў Менску асудзілі Максіма Савіча, паведамляе «Вясна».

3 лістапада 2021 году яго затрымалі дома перад выхадам на працу і зьмясьцілі пад варту. Справу супраць Максіма па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) разглядала судзьдзя суда Савецкага раёна Менску Марына Фёдарава.


Палітвязьню Паўлу Адамавічу прысудзілі тры гады «хатняй хіміі»

Праваабаронцам стала вядома пра вынікі судовага пасяджэньня па справе Паўла Адамавіча, якое прайшло 11 сакавіка ў судзе Заводзкага раёну Менску, паведамляе «Вясна».

Падрабязнасьцяў з залі суда няма, але вядома, што Паўла затрымалі 6 сьнежня 2021 года ў межах адміністрацыйнай справы. Пасьля адбыцьця 15 дзён арышту на волю ён так і ня выйшаў, а 21 сьнежня 37-гадавога мужчыну перазатрымалі ўжо па ч. 1 арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Пасьля гэтага Паўла Адамовіча перавялі ў СІЗА-1.

11 сакавіка судзьдзя Дзьмітрый Астапенка прызнаў Адамовіча вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынства па ч. 1 арт. 342 і прысудзіў яму 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.


Прысуд палітзьняволенай Вользе Класкоўскай пакінулі ў сіле. Яна чакае этап у гомельскую калёнію

Берасьцейскі абласны суд разглядзеў апэляцыйную скаргу палітзьняволенай Вольгі Класкоўскай на рашэньне суда Маскоўскага раёну Берасьця. Прысуд пакінулі бязь зьменаў. Цяпер Вольга чакае этап у жаночую калёнію №4.


Палітзьняволеным рэдактарам «Нашай Нівы» Ягору Марціновічу і Андрэю Скурко прысудзілі па два з паловай гады калёніі

Палітвязьням інкрымінавалі «нанясеньне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу, учыненае групай асоб па папярэдняй змове, у буйным памеры» (ч. 2 арт. 216 КК) — маўляў, яны аплочвалі камунальныя паслугі для рэдакцыі адпаведна тарыфам не для юрыдычных асобаў, а для фізычных.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG